Заява праваабарончых арганізацый аб прызнанні палітвязнямі Аляксея Раманава і Мікалая Чарняўскага

2020 2020-12-22T18:52:50+0300 2020-12-22T20:25:04+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/ramanau-sud-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Патрабуем дэкрыміналізацыі дыфамацыі, спынення пераследу і вызвалення ўсіх палітвязняў, асуджаных за паклёп ці абразу службовых асобаў, дзяржаўных чыноўнікаў і прэзідэнта, а таксама знявагу дзяржаўных сімвалаў

Супольная заява прадстаўнікоў беларускай праваабарончай супольнасці

Мінск, 22 снежня 2020 г.

У сувязі з павелічэннем колькасці выпадкаў асуджэння і пазбаўлення волі грамадзянаў краіны па шэрагу дыфамацыйных артыкулах Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, а таксама ў сувязі са знявагай дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь, мы, прадстаўнікі беларускай правабарончай супольнасці, у чарговы раз падцвярджаючы свае неаднаразова выказаныя патрабаванні па дэкрыміналізацыі дыфамацыі і недапушчальнасці пазбаўлення волі грамадзян за абразу службовых асобаў, дзяржавы, дзяржаўных органаў і сімвалаў, адзначаем наступнае:

Артыкул 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах гарантуе права на свабоду меркаванняў і іх выказванне. Пры гэтым, у мэтах аховы правоў і рэпутацыі іншых асобаў, устаноўлены дапушчальныя абмежаванні гэтага права.

Дэкрыміналізацыя дыфамацыйных правапарушэнняў з'яўляецца стандартам, сфармуляваным і абгрунтаваным у рашэннях шэрагу міжнародных арганізацый. Міжнародныя органы, ААН і АБСЕ, рэкамендавалі скасаваць законы, якія прадугледжваюць крымінальную адказнасць за дыфамацыю, або, як мінімум, не пазбаўляць волі за здзяйсненне дыфамацыйных правапарушэнняў, прыняўшы за норму грамадзянска-прававы пераслед. Парламенцкая Асамблея АБСЕ заклікала да адмены ўсіх законаў, якія прадугледжваюць крымінальную адказнасць за дыфамацыю публічных асобаў, дзяржавы або яе органаў. Паўнамоцныя прадстаўнікі ААН, АБСЕ па пытаннях свабоды слова заяўлялі, што «крымінальны пераслед за дыфамацыю не з'яўляецца апраўданым абмежаваннем свабоды выказвання перакананняў; усе законы пра крымінальны пераслед за дыфамацыю падлягаюць адмене і замене, дзе гэта неабходна, грамадзянска-прававымі мерамі адказнасці».

У адпаведнасці з Йоханнесбургскімі прынцыпамі (прынцыпы 15 і 16) мірнае ажыццяўленне свабоды выказвання меркавання не павінна разглядацца як пагроза нацыяньнай бяспецы ці падвяргацца абмежаванням ці пакаранню. Выказванне меракванняў, якое не складае пагрозу нацыянальнай бяспецы, уключае, але не абмяжоўваецца выказваннямі, якія ўяўляюць сабой крытыку ці абразу нацыі, дзяржавы ці ягоных сімвалаў, урада, дзяржаўных ведамстваў ці дзяржаўных і грамадскіх дзеячоў.

Ніхто не можа быць пакараны за крытыку ці абразу нацыі, дзяржавы ці яе сімвалаў, урада, дзяржаўных ведамстваў ці грамадскіх і палітычных дзеячоў, а таксама замежнай нацыі, дзяржавы ці яе сімвалаў, урада, дзяржаўных ведамстваў ці дзяржаўных і грамадскіх дзеячаў, калі толькі гэтая крытыка ці абраза не скіраваныя на падбухторванне да гвалтоўных дзеянняў ці могуць прывесці да такіх дзеянняў.

Абмежаванні свабоды выказвання меркавання не павінны звязвацца са службовым становішчам тых асобаў, пра якіх распаўсюджаны звесткі або інфармацыя. 

У заўвазе агульнага парадку КПЧ ААН № 34 ад 12.09.2011 г. Камітэт выказвае занепакоенасць у сувязі з законамі пра такія дзеянні, як абраза вышэйшай дзяжаўнай асобы, непавага да суда, непавага да прадстаўнікоў улады, непавага да сцяга і сімволікі, паклёп на главу дяржавы, абарона годнасці дзяржаўных службовых асобаў. Ен таксама адзначае, што законам не павінны ўстанаўлівацца больш жорсткія меры пакарання выключна ў сувязі з палажэннем асобнага індывіда, чыя рэпутацыя была нібыта падвергнутая сумневам.

Такім чынам, узровень абароны супраць дыфамацыйных формаў выказвання меркавання (замахаў на гонар, годнасць і рэпутацыю асобы шляхам распаўсюду зневажальных звестак альбо сцвярджэнняў абразлівага характару) у службовых асобаў дзяржавы, у тым ліку прэзідэнта, пракурора ці суддзі, не павінен быць вышэй, чым у любых іншых грамадзянаў.

Мы лічым, што службовым асобам, якія былі прызнаныя пацярпелымі па крымінальных справах па абвінавачваннях у абразе ці паклёпе, павінны быць забяспечаныя іншыя меры прававой абароны іх гонару і годнасці, у тым ліку ў грамадзянска-прававым парадку на роўных умовах з іншымі асобамі.

На дадзены момант нам вядома пра наступных асобаў, пазбаўленых волі за абразу службовых асобаў, прэзідэнта і знявагу дзяржаўных сімвалаў:

  1. Аляксей Раманаў — асуджаны прысудам суда Хойніцкага р-на на год пазаўлення волі па арт. 368 КК.
  2. Мікалай Чарняўскіасуджаны прысудам суда Гарадоцкага р-на па арт. 369 КК на паўтары гады пазбаўлення волі.

Акрамя таго, нам вядома пра дзясятак вынесеных прысудаў па арт. 368, 369 КК, згодна з якімі авбінавачаныя былі асуджаныя да абмежавання волі з накіраваннем у папраўчыя ўстановы адкрытага тыпу, але ў сувязі з абскарджанямі вынесеных прысудаў яны яшчэ не накіраваныя для адбыцця пакарання. У выпадку ўступлення дадзеных прысудаў у законную сілу ўсе асуджаныя да абмежавання волі будуць прызнаныя намі палітычнымі зняволенымі.

У сувязі з гэтым мы лічым пераслед і пазбаўленне волі Аляксея Раманава і Мікалая Чарняўскага палітычна матываваным, звязаным з мірнай рэалізацыяй выказвання меркавання, а іх саміх  палітычнымі зняволенымі ў адпаведнасці з п. 3.1(а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “Палітычны зняволены”. і патрабуем ад уладаў Беларусі:

  1. Неадкладна вызваліць палітвязняў Аляксея Раманава, Мікалая Чарняўскага.
  2. Прыняць захады, скіраваныя на дэкрыміналізацыю дыфамацыйных правапарушэнняў і адмену артыкулаў Крымінальнага кодэкса, якія прадугледжваюць адказнасць за абразу дзяржавы, дзяжаўных сімвалаў, а менавіта – арт.188, 189, 367, 368, 369, 369-1, 370 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, і спыніць усе раней узбуджаныя па дадзеных артыкулах крымінальныя справы.
  3. Неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.

Праваабарончы цэнтр "Вясна";

РПГА "Беларускі Хельсінкскі камітэт";

ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў";

РГА "Прававая ініцыятыва”;

Простае таварыства "Ініцыятыва FORB";

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;

Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend;

Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве “Хьюман Канстанта”;

Беларускі дакументацыйны цэнтр.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства