У Гарадку за выраз «Ур...д в погонах» рабочага асудзілі на 1,5 гады калоніі
Cуд Гарадоцкага раёну 15 снежня асудзіў 33-гадовага рабочага Мікалая Чарняўскага на паўтары гады калоніі агульнага рэжыму за пагрозы і абразу супрацоўніка МУС. Суддзя Аляксандр Ляшковіч прызнаў мужчыну вінаватым паводле арт. 369 КК («Абраза прадстаўніка ўлады») і арт. 365 КК («Умяшанне ў дзейнасць супрацоўніка ўнутраных спраў»). Пацярпеламу міліцыянту выплацілі маральную шкоду ў 500 рублёў. Пра гэта паведамляе "Віцебская вясна".
Як раней паведамляла дзяржагенцтва БелТА, паводле следства, 22 жніўня Мікалай Чарняўскі пакінуў у адным з тэлеграм-каналаў каментар, у якім абразіў супрацоўніка міліцыі, а таксама пагражаў апублікаваць ягоныя асабістыя дадзеныя.
Маці асуджанага Людміла ў размове з «Віцебскай Вясной» запэўніла, што ніякіх пагрозаў яе сын у інтэрнэце не выказваў і ў дзейнасць супрацоўніка не ўмешваўся, а што да знявагі, была ўжытая фраза «ур...д в погонах».
«І гэта было не наўпрост сказана, а ў размове з кімсьці ў чаце. Без аніякіх мацюкоў. На судзе Мікалай шчыра прасіў прабачэння за гэтыя словы. А той пацярпелы супрацоўнік кажа: «Як чалавек я табе прабачаю, але як міліцыянт – не», – расказала маці асуджанага.
Яна таксама паведаміла, што пацярпелы прасіў суд задаволіць пазоў аб кампенсацыі за маральную шкоду – 500 рублёў. Гэтую суму яму заплацілі яшчэ да абвяшчэння прысуду.
«Прасілі яго, ледзь не на каленях прасілі, каб дараваў. Спачатку была нейкая надзея… Цяпер я не веру ні ў што…» – кажа маці Мікалая Чарняўскага.
Каб аплаціць адваката, маці прадала ўсе свае залатыя ўпрыгожанні
Паводле Людмілы, сваю віну яе сын цалкам прызнаў і раскаяўся. У апошнім слове казаў, што гатовы прыняць любое пакаранне, але прасіў каб не пазбаўлялі волі. Вердыкт суддзі Аляксандра Ляшковіча (ён жа – старшыня Гарадоцкага райсуду): паўтары гады зняволення ў калоніі агульнага рэжыму.
«Я не ведаю, як я без яго жыць буду...» – кажа маці асуджанага.
Яна працуе настаўніцай і жыве разам з 77-гадовай мамай, бабуляй Мікалая. Прызнаецца: каб аплаціць адваката, была вымушаная прадаць усе свае залатыя ўпрыгожанні.
Хто такі Мікалай Чарняўскі?
Мікалаю Чарняўскаму 33 гады. Раней ён працаваў рабочым у вайсковай частцы, апошнія некалькі гадоў працаваў неафіцыйна. Жыў з маці і бабуляй. Першы раз быў затрыманы ў кастрычніку на 72 гадзіны, другі раз – у лістападзе. Ужо месяц як знаходзіцца пад вартай у СІЗА-2 Віцебску.
Прысуд яшчэ не набыў законнай моцы. Па словах маці, пастанова Гарадоцкага райсуду будзе абскарджаная ў Віцебскім абласным судзе.