Абвінавачанне Эдуарду Пальчысу і кропкавыя затрыманні: у Беларусі працягваецца пераслед Дапоўнена
У пятніцу шостага лістапада ў Беларусі працягваецца пераслед людзей па палітычных матывах.
Праваабаронцы "Вясны" кожны дзень збіраюць факты пераследу па ўсёй краіне: затрыманні, вобшукі і іншыя формы ціску па палітычных матывах.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:
|
Затрыманні адбыліся на вуліцы Пуліхава ў Мінску перад пачаткам "Жаночага маршу" у падтрымку Ніны Багінскай, у якой учора прайшоў вобшук. Сярод іх — Ангеліна Бульбянкова, Вольга Стасевіч, Сняжана Касцюковіч, журналістка onliner.by Яўгенія Штэйн. Яны знаходзяцца ў Партызанскім РУУС.
У Мінску таксама затрыманыя Кацярына Ластоўская, Андрэй Навіцкі, Раман Лукашэвіч.
Сёння Эдуарду Пальчысу афіцыйна прад'явілі абвінавачанне па ч.1 арт. 293 УК РБ. Кіраўнік следчай групы — Андрэй Еўлаш.
Сёння з ізалятару ў Вілейцы пасля адміністрацыйнага арышту па арт. 23.34 КаАП (30 сутак) павінен быў выйсці актывіст Андрэй Кудзік. Аднак яго сваякі паведамілі, што сёння у Андрэя дома ў яго прысутнасці прайшоў вобшук. Зараз яго павезлі ў Мінск для дачы паказанняў у якасці сведкі.
У Магілёве затрымалі журналіста выдання «Магілёўскі рэгіён» Уладзіміра Лапцэвіча. Вядома, што яго даставілі ў Ленінскае РАУС. Супрацоўнікі Ленінскага РАУС паведамілі, што Лапцэвіча затрымалі па прычыне таго, што ў яго ёсць “неадбытыя суткі адміністрацыйнага арышту”.
Увечары ў Мінску быў дома затрыманы 27-гадовы Ілля Куранец. Да яго прыйшлі з вобшукам, забралі ўсю тэхніку, а яго затрымалі. У чым канкрэтна абвінавачваюць хлопца — пакуль невядома.
У Віцебску была затрыманая ў межах крымінальнай справы Вольга Гвоздзева. Вядома, што на яе працу прыйшлі тры супрацоўнікі ДФР. Ёй сказалі, што заведзена крымінальная справа па ч. 1 ст. 366 КК (Гвалт альбо пагроза ў дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, ці іншай асобы, якая выконвае грамадскі абавязак). Адвезлі дадому, правялі ператрус. Канфіскавалі ноўтбук і тэлефон, павезлі ў Следчы камітэт. Там высветлілася, што была напісана скарга ад вайскоўца.
"Маўляў, 25 жніўня невядомы затрыманай чалавек абразіў і пагражаў расправай у тэлеграм-чаце (якім, невядома) грамадзяніну, які напісаў скаргу. Даведзена, што была затрыманая адміністратарам дадзенага тэлеграм-чата", — распавядаюць блізкія Вольгі.
Сама Вольга ніякіх чатаў не стварала, у адміністратары не дадавалася. Пасля размовы ў Следчым камітэце, затрыманую з канвойем павезлі ў СІЗА г. Віцебска.
У Мінску затрыманы Рытаў-Ключэння Ілля Вітальевіч. Яго выклікалі ў РУУС за тэлефонам, але адтуль ён не выйшаў. Яго змясцілі ў ІЧУ на Акрэсціна. Прычына затрымання высвятляецца. Затрыманы дома людзьмі ў цывільным Павел Каленчык.
Увечары пасля дваравых чытанняў вершаў быў затрыманы Павел Горбач. Яго на выходныя да суда змясцілі ў ІЧУ на Акрэсціна. Затрымалі таксама Анастасію Лявінскую. Яе таксама пакінулі ў ІЧУ на Акрэсціна.
У Брэсце затрыманы Арцём Саарвас. Выклікалі ў Маскоўскае РАУС і потым затрымалі.
Інфармацыя дапаўняецца.
Дзе і як шукаць затрыманых у Мінску?
Сабралі інфармацыю аб тым, куды можна звяртацца, каб даведацца, дзе знаходзіцца затрыманы.