viasna on patreon

Бацькам Марфы Рабковай патрэбен догляд: падпішыце паручальніцтва за яе вызваленне з-пад варты

2020 2020-10-07T14:07:56+0300 2020-10-07T15:04:46+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/marfa_7889.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Каардынатарка Валанцёрскай службы "Вясны" Марфа Рабкова. Фота Spring96.org

Каардынатарка Валанцёрскай службы "Вясны" Марфа Рабкова. Фота Spring96.org

Працягваецца кампанія па зборы паручальніцтваў ад грамадзян за вызваленне праваабаронцы “Вясны” Марфы Рабковай з-пад варты. Марфа ўтрымліваецца ў Следчым ізалятары №1 Мінска.

Чаму важна, каб Марфу зараз вызвалілі пад падпіску ад нявыездзе?

Да свайго нечаканага затрымання Марфа Рабкова кожны тыдзень на некалькі дзён ездзіла з Мінска на Гомельшчыну, у Добруш, каб аказаць дапамогу і падтрымаць хворых бацькоў. У маці - сур’ёзныя праблемы са спінай, яна ў асноўным вымушаная ляжаць, бо  перасоўваецца з цяжкасцю. Бацька Марфы хворы на анкалогію. Зараз ён у цяжкім стане знаходзіцца ў гомельскім шпіталі.

Апрача гэтага, супрацоўнікі ГУБАЗіК падчас вобшуку канфіскавалі грошы, якія Марфа збірала для лячэння бацькоў.

Ведаючы пра сітуацыю са станам здароўя бацькоў, супрацоўнікі міліцыі таксама спрабавалі шантажаваць Марфу, а за дачу неабходных ім паказанняў – абяцалі пасля прад'яўлення абвінавачвання выпусціць яе пад падпіску аб нявыездзе. Але гэтага не адбылося.

Калі вы таксама лічыце, што змяшчэнне праваабаронцы "Вясны" Марфы Рабковай у СІЗА неабгрунтавана, запаўняйце хадайніцтвы і перадавайце яго ў “Вясну” для падачы ў Следчы камітэт.

Зрабіць гэта можна двума спосабамі да чацвярга 8 кастрычніка ўключна: 

  • прынесці на офіс "Вясны" па адрасе: г. Мінск, праспект Незалежнасці, 78А-48;
  • даслаць поштай па гэтым жа адрасе: г. Мінск, праспект Незалежнасці, 78А-48, 220012.

Узор падпіскі, які можна спампаваць і запоўніць, мы пакінулі пад матэрыялам.

На падставе Вашых паручальніцтваў праваабаронцу "Вясны" Марфу Рабкову могуць вызваліць з-пад варты. 


Нагадаем, каардынатарка Валанцёрскай службы ПЦ “Вясна” Марфа Рабкова была затрыманая 17 верасня ў Мінску. Ёй прад'яўлена абвінавачванне па ч.3 арт. 293 Крымінальнага кодэкса — навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаванні такой дзейнасці. Цяпер Марфа знаходзіцца пад вартай у СІЗА №1 у Мінску. Санкцыя артыкула, які ёй інкрымінуецца, прадугледжвае арышт або пазбаўленне волі на тэрмін да трох гадоў. Марфа прызнаная палітычнай зняволенай і вязнем сумлення.

Праваабаронцы "Вясны" лічаць, што спробы абвінаваціць Марфу Рабкову ў падрыхтоўцы масавых беспарадкаў з’яўляюцца неабгрунтаванымі, надуманымі і палітычна матыванымі, накіраванымі на перашкоду яе праваабарончай дзейнасці. Палітычна матываваны пераслед Марфы Рабковай адбываецца на фоне бязлітаснай вайны, якую улады абвясцілі ўсяму беларускаму грамадству.

Бацькам Марфы Рабковай патрэбен догляд: падпішыце паручальніцтва за яе вызваленне з-пад варты

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства