viasna on patreon

Хроніка пераследу 2 кастрычніка: запалохванні, затрыманні, вобшукі Дапоўнена

2020 2020-10-02T12:36:29+0300 2020-10-02T21:50:43+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bulyga_andrej_magileu.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Затрыманы студэнт у Магілёве Андрэй Булыга

Затрыманы студэнт у Магілёве Андрэй Булыга

Ціск на грамадзянаў з боку ўладаў працягваецца. 2 кастрычніка людзей затрымліваюць, праводзяць вобшукі, запрашаюць на размовы ў РУУС і запалохваюць іншымі спосабамі. 

У Магілёве раніцай ў МДУ імя Аркадзя Куляшова затрыманы валанцёр ініцыятывы MAYDAY і студэнт Андрэй Булыга. Два невядомыя чалавекі ў грамадзянскай форме знайшлі Андрэя ў будынку ВНУ і запатрабавалі, каб ён праехаў з імі. Пасведчанняў яму не паказалі. Андрэй Булыга адмаўляўся ісці з невядомымі асобамі, аднак яго ўсё ж забралі ў аўтамабіль і павезлі ў невядомым кірунку. У дадзены момант яго месцазнаходжанне невядома.

Дапоўнена: Андрэй Булыга быў дастаўлены ў Ленінскі РАУС. Яго затрымалі за пікет на прыступках універсітэта. Ці адпусцяць хлопца з міліцыі - невядома. Праз некалькі гадзін пасля затрымання Андрэй Булыга быў адпушчаны з РАУС. 

У Магілёве затрымалі супрацоўніцу Магілёўскага драматычнага тэатру Вольгу Семчанка, піша Белсат. Пра гэта паведамілі ейным сваякам самі міліцыянты па тэлефоне. Раней Вольгу ўжо выклікалі ў Ленінскі РУУС і складалі на яе пратаколы за ўдзел у мірных маршах пратэсту.

Таксама ў Магілёве днём быў затрыманы журналіст Аляксандр Сідарэўскі. Яго разам з Алінай Скрабуновай выклікалі супрацоўнікі з Кастрычніцкага РАУС і запрасілі іх прыйсці ў апорны пункт па адрасе Фаціна, 8. Алесандр Сідарэўскі прыйшоў - і адтуль ужо не выйшаў, паведамляе тэлеграм-канал MAYDAY. Вядома, што на яго склалі пратакол за нібыта "ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве". Да суда Аляксандр Сідарэўскі прабудзе ў ІЧУ.

У Оршы да правабаронцы і індывідуальнага прадпрымальніка Ігара Казмерчака ў краму прыйшла фінансавая міліцыя, МНС і прадстаўнікі некаторых іншых ведамстваў. Як паспеў паведаміць Ігар, у краме адбудзецца агляд. Ігара Казмерчака абвінавачваюць нібыта ў нясплаце падаткаў.

Дапоўнена: ператрус у "Цудоўнай краме", якая адзіная ў Оршы гандлюе нацыянальнай атрыбутыкай, доўжыўся шэсьць гадзін. Тавар міліцыянты толькі агледзелі, а вось ноўтбук і фінансавыя дакументы канфіскавалі. 

У Мінску супрацоўнікамі міліцыі былі затрыманыя два ўдзельнікі друкарскага кааператыва "Листовка". Яўген Дзяткоўскі быў затрыманы каля 10 раніцы - ён проста знік з працоўнага месца, але асабістыя рэчы засталіся ў офісе. Каля 14.40 быў затрыманы Канстанцін Несцяровіч. Два супрацоўнікі ў цывільным прыйшлі ў офіс нібыта замовіць візітоўкі, калі астатнія наведвальнікі сышлі - яны паказалі пасведчанні і прапанавалі хлопцу прайсці з імі. Дзе зараз знаходзяцца Яўген і Канстанцін дакладна невядома. 

Дапоўнена: Яўген Дзяткоўскі і Канстанцін Несцяровіч былі дастаўленыя ў Цэнтральны РУУС. У чым менавіта іх абвінавачваюць - невядома.

Нагадаем, у "Листовку" прыходзілі з аглядам супрацоўнікі АБЭП яшчэ 11 верасня бягучага года. Тады яны нікога не затрымлівалі і нічога не забралі, шукалі пратэстныя лістоўкі. Усё друкарскае абсталяванне ў кааператыва канфіскоўвалі на два месяцы ў верасні 2017 года. 

Да заснавальніка тэлеграм-каналу "Отчислено" Ігара Кабушкава сёння прыйшлі з МУС каля 13:00. Апошні раз на паведамленні ён адказваў каля 14-й гадзіны, больш не выходзіў на сувязь. Імаверна, ён затрыманы. Пра гэта паведамляе блогер Антон Матолька ў сваім тэлеграм-канале. 

Таксама паведамляецца, што на сувязь не выходзіць яшчэ адна адміністратарка канала "Отчислено" Алеся Вакуліч. Пазней Onliner.by напісаў, што атрымалася звязацца з Ігарам Кабушкавым, ён паведаміў, што з ім і Алесяй усё добра. Аднак хлопец праходзіць сведкай па справе аб масавых беспарадках 9 жніўня. 

Праваабаронцам "Вясны" стала вядома, што сёння быў затрыманы і Андрэй Чапюк, Іван Катлабай.

Прыкладна ў 7.30 раніцы ў Гомелі жанчыны пайшлі ўскладаць кветкі да помніка Ірыны Паскевіч на вуліцы Ірынінскай. Калі жанчыны фатаграфаваліся, з'явіліся сілавікі і затрымалі іх, піша TUT.BY. Сярод затрыманых была актывістка Святлана Кароль. Як паведаміла дачка Святланы, Дар'я Кароль, жанчыны былі без сімволікі, але ў чырвонай вопратцы. Цяпер яны ў РАУС Цэнтральнага раёна.

У Жодзіна пасля судовых працэсаў былі перазатрыманыя Алена Мельнік, Анастасія Крот і Ірына Кожух, паведамляе ex-press.by. Да дзяўчат яшчэ да пачатку судоў падышоў міліцыянт па прозвішчы Попчын і абвясціў, што пасля суда ўсе зноў паедуць у ізалятар часовага ўтрымання ГАУС, так як на іх складзеныя новыя пратаколы. Алену і Насту па двое сутак чакалі іх дзеці, цяпер жа ў іх зноў пачаліся 72 гадзіны затрымання. Такая ж мера прымененая і да Ірыны Кожух.

Інфармацыя дапаўняецца

Затрыманні і пераслед у Беларусі 1 кастрычніка д

Раніцай 1 кастрычніка ў кватэры мінчукоў грукаюцца супрацоўнікі сілавых структур, просяць адчыніць дзверы каб паразмаўляць. Праваабаронцам патэлефанавала ўжо некалькі чалавек.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства