Сведчаць пацярпелыя: "Мяне сталі зноў збіваць, сказалі: "Гэта табе дабаўка!"
Праваабарончы цэнтр "Вясна" і Сусветная Арганізацыя супраць катаванняў (OMСT) працягваюць дакументаваць выпадкі катаванняў, жорсткага, бесчалавечнага і зневажальнага абыходжання ў дачыненні да людзей, што пацярпелі ў выніку пратэстных выступленняў, якія адбыліся ў Мінску з 9 па 13 жніўня. Некаторыя сведчанні людзей, якія перажылі катаванні і гвалт, будуць публікавацца на нашым сайце як доказы злачынных дзеянняў з боку сілавікоў.
26-гадовы мянчук Аляксандр Лук'янскі ўвечары 11 жніўня вяртаўся дадому з працы. Ён ведаў, што ў горадзе людзі збіраюцца на мірныя пратэсты, таму вырашыў выклікаць таксі.
"Сеў у машыну, і мы пачалі ехаць, праехалі хвілін 15-20 і трапілі ў паток машын, што сігналілі. Нас спынілі супрацоўнікі ДАІ, кіроўца выйшаў для праверкі дакументаў. Мне таксама сказалі выходзіць з машыны. Я спытаў па якой прычыне і зачыніў дзверы", - успамінае падзеі таго дня Аляксандр.
Супрацоўнікі міліцыі паміж сабой гаварылі па рацыі, камусьці нешта паведамлялі, а праз некалькі хвілін да машыны, дзе сядзеў хлопец, падбеглі чатыры амапаўцы, адчынілі дзверы сілай і дасталі яго з машыны.
"Мяне пачалі жорстка збіваць. Білі па галаве, я страціў прытомнасць. Тое, што адбывалася, памятаю эпізодамі. Потым, разумею, што мяне цягнуць за рукі, ногі, а калені мае валакуцца па зямлі. І потым - закінулі ў аўтазак", - распавядае Аляксандр Лук'янскі.
У аўтазаку ён прабыў некалькі гадзін, туды зноў і зноў закідвалі затрыманых. У нейкі момант дзверы ў "стакан", дзе знаходзіўся Аляксандр, зноў адчыніліся.
"Я падумаў, можа выпускаюць, таму што аўтазак стаяў на месцы і нікуды не ад'язджаў. Але мяне сталі зноў збіваць, сказалі: "Гэта табе дабаўка!" Я прыкрываўся як мог, але ўсё роўна моцна збілі".
Яшчэ праз гадзіну ці дзве, калі аўтазак цалкам запоўнілі затрыманымі, спецтранспарт паехаў у Першамайскі РУУС.
"Мяне завялі наверх у кабінет і прымусілі падпісваць пратакол аб удзеле ў акцыі. Натуральна я яго не падпісваць не стаў. Тады мяне сталі за гэта жорстка збіваць, а потым узялі маёй рукой і паставілі нейкую закавычку на пратаколе. Потым яшчэ білі і сказалі: "Адводзьце гэта г*ўно адсюль". Мяне павялі, я не разумеў куды вядуць, думаў, можа назад у камеру, але мяне адвялі ў спартзалу. На што я звярнуў увагу: у спартзале знаходзілася каля 30 чалавек, усе стаялі на каленях, рукі трымалі за галавой. Мне таксама сказалі прыняць такую позу. Мы стаялі так дзесьці з гадзіны-дзвюх ночы да трох гадзін наступнага дня. Давалі адпачыць - легчы на жывот. Але тым, хто перагаворваўся ці спрабаваў глядзець - супрацоўнік у грамадзянскім аддзенні падыходзіў і біў з нагі пад жывот, абзываў матнымі словамі затрыманых".
Аляксандр распавядае, што ў спартзале былі міліцыянты ў масках і балаклавах і ў форме. Яны хадзілі пастаянна з дубінкамі. Спачатку затрыманым не давалі ні вады, ні ў прыбіральню схадзіць. Дазволілі зрабіць гэта толькі каля 15 гадзін 12 жніўня, калі за затрыманымі падагналі аўтазак.
"Называлі прозвішчы, мы забралі рэчы - мой тэлефон быў разбіты. Нас адвезлі на Акрэсціна ў ЦІП, "выгрузілі", сказалі нікуды не глядзець, тварам у падлогу, рукі за галаву, паставілі на калені на траву на тэрыторыі ЦІП.
Былі чутныя гучныя крыкі жаху і болю затрыманых, якіх знаходзіліся ў будынку, і іх жорстка збівалі. Крыкі былі такія гучныя, што станавілася жудасна і страшна: ты ведаеш, што цябе туды павядуць, і ты можаш адтуль выйсці інвалідам, магчыма, цябе нават вынесуць з цяжкімі траўмамі і ты памрэш. Думкі былі розныя".
У двары ЦІП затрыманых трымалі каля пяці гадзін. Аляксандр Лук'янскі распавядае, што калі прыязджаў нейкі начальнік, то людзей білі яшчэ больш жорстка, бо трэба было даць справаздачу перад начальствам, як вядуцца работы па затрыманых.
"Калі начальнік з'ехаў стала крыху спакайней, але збіццё працягвалася. Потым нам ужо дазвалялі легчы на траву і сказалі "размінайцеся", г.зн. можна было ногі выцягваць, хтосьці мог адціскацца. Але зямля была сырая, было вельмі холадна, ляжаць было вельмі некамфортна.
Мне стала дрэнна, я губляў прытомнасць. Пад'язджалі брыгады хуткай дапамогі і аглядалі затрыманых, вызначалі, хто мае патрэбу ў шпіталізацыі. Да мяне падышлі і сказалі, што мяне будуць забіраць. Мяне павялі ў машыну хуткай дапамогі, было падазрэнне, што ў мяне зламаныя рэбры і праблема з лёгкім - было цяжка дыхаць".
Аляксандр Лук'янскі распавядае, што былі яшчэ пацярпелыя, якіх лекары хуткай хацелі забраць, але ім не далі гэта зрабіць.
"Падышла мясцовая лекарка з ЦІП - жанчына гадоў 40+, цёмныя валасы, кароткая стрыжка - і сказала: "Як на мітынгі вы, с*кі, можаце ісці, а тут усё па хуткіх хаваецеся". Таксама падышоў мужчына гадоў 45 у касцюме і сказаў медыкам БХМД, што ў іх ёсць свае лекары і свая медыцына.
Крыкі людзей, якіх збівалі, працягваліся ўвесь гэты час, там было проста нейкае пекла, я не ведаю якімі словамі гэта ўсё пераказаць.
Па рацыі сказалі, што трэба аднаго выносіць. Я падумаў, што можа каго забілі, але аказалася, што 18-гадоваму хлопцу дубінкамі зламалі таз. Яго вынеслі на насілках і пагрузілі да нас у машыну хуткай".
Машына стаяла яшчэ каля гадзіны, пакуль медыкам і пацярпелым дазволілі пакінуць тэрыторыю ЦІП.
Зараз Аляксандр Лук'янскі праходзіць лячэнне ў бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі.
Іншыя гісторыі пацярпелых ад катаванняў з боку беларускіх сілавікоў:
Сведчаць пацярпелыя: "На галаву вылілі белую фарбу. Гэта як метка — білі мяне мацней”
Сведчаць пацярпелыя: "Прыйшла фельчар і стала збіваць людзей"
Сведчаць пацярпелыя: Супрацоўнікі ўвесь час гнабілі мяне, што я цёмнаскуры
"Адзін збівае, а другі цэліцца ў цябе з аўтамата". Сведчаць пацярпелыя
"У аўтазаку нас утрамбоўвалі нагамі". Сведчаць пацярпелыя
"Забралі станік з пратэзам грудзей". Сведчаць пацярпелыя