viasna on patreon

Сведчаць пацярпелыя: "Прыйшла фельчар і стала збіваць людзей"

2020 2020-08-20T15:28:52+0300 2020-08-20T15:42:08+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/illia_8494.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабарончы цэнтр "Вясна" і Сусветная Арганізацыя супраць катаванняў (OMСT) працягваюць дакументаваць выпадкі катаванняў, жорсткага, бесчалавечнага і зневажальнага абыходжання ў дачыненні да ўдзельнікаў пратэстных выступленняў, якія адбыліся ў Мінску з 9 па 13 жніўня. Некаторыя сведчанні людзей, якія перажылі катаванні і гвалт, будуць публікавацца на нашым сайце як доказы злачынных дзеянняў з боку сілавікоў.

18-гадовага Іллю затрымалі 11 жніўня каля "Пушкінскай", калі той на машыне накіроўваўся ў родны горад. Ён распавёў "Вясне", як з ім бесчалавечна абыходзіліся і збівалі ў РУУС Фрунзенскага раёна Мінска і на Акрэсціна.

Ілля. Фота: spring96.org
Ілля. Фота: spring96.org

"Сказаў, што я "дробны апазіцыянер" і мне "хана"

"Нашу машыну спынілі супрацоўнікі АМАПу. Мы замкнуліся, але яны сказалі, калі мы не адкрыем, яны разаб'юць вокны. Я адчыніў дзверы, супрацоўнік АМАПу адразу пачаў глядзець мой тэлефон. Ён адкрыў телеграм і ўбачыў, што там ёсць телеграм-каналы і фота з мітынгаў, зробленыя раней.

Мяне адразу ўдарылі ў жывот і забралі з машыны ў аўтазак, дзе паставілі на калені і сталі абражаць. Там іншы супрацоўнік АМАПу забраў мой тэлефон і пачаў аглядаць яго. Паводле яго словаў, ён знайшоў "шмат цікавага", сказаў, што я "дробны апазіцыянер" і мне "хана". Першы ўдар ад яго быў у сківіцу, я адчуў, як у мяне адкалоўся кавалачак зуба.

"Я прасіў іх спыніцца, але гэта іх яшчэ больш заводзіла"

Пакуль нас везлі, АМАПаўцы па дарозе закідвалі ў аўтазак матацыклістаў, збіралі ўсіх. Нас прывезлі ў РУУС Фрунзенскага раёна. Там мяне выцягнулі на вуліцу, дзе восем супрацоўнікаў АМАПу пачалі біць мяне ў галаву, пах, па нырках, увогуле па ўсім целе. Я прасіў іх спыніцца, але гэта іх яшчэ больш заводзіла. І яны працягвалі ўжываць фізічны гвалт у адносінах да мяне. Я страціў прытомнасць пасля таго, як атрымаў у левую частку твару, стукнуўшыся галавой аб сцяну. Прачнуўся я ўжо ў фае РАУС Фрунзенскага раёна ад удару па назе. Ляжаў я прыкладна гадзіну, пасля таго, як ачуўся. Там жорстка збівалі людзей. Стаялі моцныя крыкі, стогны. Людзі прасілі спыніць гэта, але ўсе супрацоўнікі ігнаравалі гэта.

Медыцынская даведка Іллі. Фота: spring96.org

Потым нас павялі ў спартыўную залу. Там было таксама шмат людзей. Вельмі шмат. Стаялі гучныя немыя крыкі. Нас паставілі на калені, рукі былі ў кайданках, загадалі ўперціся галавой у падлогу. У той момант, калі мы станавіліся на калені, нас кожнага 3-4 разы ўдаралі дубінкай па спіне, па ягадзіцах, па галаве: хто куды. Людзям у гэтым спартзале ламалі пальцы, катавалі электрашокерамі, наўмысна білі ў пах, разбівалі тэлефоны, не шкадавалі нікога.

"Пачаў катаваць мяне электрашокерам"

Пасля таго, як перапісалі мае звесткі, супрацоўнік АМАПа падышоў і пачаў катаваць мяне электрашокерам. Запытваўся, колькі мне заплацілі. Я казаў яму, што ніколькі, мне ніхто не плаціў, я проста ехаў дадому, але катаванні працягваліся. Потым ён сказаў, што яшчэ дабярэцца да мяне, і пайшоў наступнага катаваць. Калі мы рабілі нейкі рух стоячы, то адразу прылятаў удар. Там мяне павялі ў душавую, дзе стаяў чалавек, які над намі здзекаваўся маральна.

Каля камеры сядзеў другі чалавек і задаваў пытанні на камеру. Прасілі абыйсці сябе, зрабіць адно кола і затым завялі назад. Мяне паставілі зноў на калені і, калі назвалі мой нумар і прозвішча, кожнаму далі свой нумар і мне сказалі падысці да стала. Там двума супрацоўнікамі праводзіўся вопіс рэчаў, і мы падпісвалі акты. У мяне былі траўмы твару і адно вока заплыло, а ў другое трапіла кроў, і я нічога не бачыў. Я папрасіў сказаць, што я падпісваю, але мяне ўдарылі і сказалі: "Якая табе розніца". Мне давялося падпісаць два пратаколы. Потым мяне адвялі ў камеру ў РУУС. Там было чатыры чалавекі, мне адразу хацелі саступіць месца, таму што бачылі мой фізічны стан. Я адмовіўся, але тут жа ўпаў на калені. Пад раніцу ў камеры нас стала шэсць чалавек. Усю ноч я і мае сукамернікі прасілі дзяжурных, каб мне выклікалі хуткую і прынеслі вядро, таму што мяне ванітавала, было галавакружэнне, у мяне ламала ўсё цела. Але ніхто хуткую так і не выклікаў. Пад раніцу нас адвялі ў прыбіральню і дазволілі памыцца. Потым нас адвялі ў спартзалу, дзе пабудавалі ў калоны для таго, каб вывозіць кудысьці. Выводзілі па дзесяць чалавек. Пры гэтым усяляк нас абзывалі. Гучалі такія абразы: «Ублюдкі, гандоны, расстрэльваць вас трэба». Нас змясцілі ў аўтазак".

Траўмы Іллі пасля збіцця сілавікамі. Фота: spring96.org
Травмы Ильи после избиений силовиками. Фото: spring96.org

"Медыкі былі гатовыя ехаць стоячы, абы пабольш змясціць людзей у гэтыя машыны"

Ілля распавёў, калі ўсіх прывозілі на Акрэсціна, дзе катаванні працягваліся.

"Там было вельмі шмат людзей. На некаторых затрыманых ставілі пазнакі, і ім дасталася несалодка ў адрозненні ад іншых. Пазначалі тых, у каго знаходзілі біты, каскі, петарды, сцягі, белыя стужачкі…

Людзі прасілі медыцынскай дапамогі. Прыйшла фельчар, як я разумею мясцовая супрацоўніца, і стала збіваць людзей. Яна сказала: "Я вас зараз вылечу тут, няма чаго хадзіць на плошчы". Потым нейкім цудоўным чынам на тэрыторыі ЦІП з'явілася хуткая, якая адразу некалькіх забрала. Мы прасілі медыкаў, каб нас выцягнулі адтуль. Потым прыехалі дзесьці пяць карэт хуткай дапамогі. Нас самых скалечаных і пабітых сталі грузіць у машыны. Медыкі былі гатовыя стоячы ехаць, абы пабольш змясціць людзей у гэтыя машыны. Мяне таксама пасадзілі ў машыну хуткай дапамогі, там мы сядзелі хвілін 30-40. Як аказалася, Мы чакалі нейкага начальніка, таму што ён хацеў паглядзець на абстаноўку. Калі прыйшоў загадаў усім выйсці з машыны. Гэты начальнік сказаў: "у нас ёсць свая фельчар на тэрыторыі, і яна будзе вырашаць хто з'едзе, а хто застанецца".

У агульнай складанасці з'ехала тры чалавекі, а астатнія засталіся. Мы стаялі на вуліцы каля сцяны каля шасці гадзін. Мы стаялі галавой у падлогу, і, калі амапаўцы вырашалі, што галава не на тым узроўні – білі. У самім будынку ЦІП нам загадалі стаць на калені, потым сталі заводзіць па 20 чалавек на калідор.

Ілля. Фота: spring96.org
Ілля. Фота: spring96.org

Там нам загадвалі распрануцца дагала і праводзілі дагляд. Пры гэтым былі. Мы цалкам голыя сядзелі на голым бетоне пад адкрытым небам. Толькі пасля каманды «апрануцца» мы сталі апранацца. Калі ўсіх надгледзелі, нам ужо дазволілі сесці міжвольна. Мы пачалі, класціся, садзіцца ў паравозік, каб было неяк цяплей. З варот вельмі моцна прадзьмухвала. Гэтай ж ноччу нас перавялі ў прагулачны дворык. Там мы чулі, як прывялі іншую партыю. Крыкі стаялі пякельныя. Гэта былі "пазначаныя". Білі кулакамі, дубінкамі, нагамі берцамі, ужывалі электрашокер".

Іншыя гісторыі пацярпелых ад катаванняў з боку беларускіх сілавікоў:

"Адзін збівае, а другі цэліцца ў цябе з аўтамата". Сведчаць пацярпелыя

28-гадовага мінчука Уладзіслава Салаўя, памочніка выхавальніка ў дзіцячым садку, затрымалі 9-га жніўня і змясцілі на Акрэсціна. Там яго асудзілі на 14 сутак, а потым этапавалі для адбыцця адміністрацыйнага арышту ў ЛПП пад Слуцкам. Уладзіслаў распавёў "Вясне", што яму і іншым давялося перажыць за гэтыя пяць сутак зняволення.

"У аўтазаку нас утрамбоўвалі нагамі". Сведчаць пацярпелыя

23-гадовага Юрыя затрымалі ўвечары 11 жніўня па дарозе ў "Пясочніцу" на скрыжаванні вуліц Машэрава і Куйбышава Мінска. Ён распавёў "Вясне" пра жорсткасць свайго беспадстаўнага затрымання і тое, у якіх умовах яго двое сутак утрымлівалі ў ЦІП на Акрэсціна.

Сведчаць пацярпелыя: Супрацоўнікі ўвесь час гнабілі мяне, што я цёмнаскуры

Глеба затрымалі 11 жніўня каля гандлёвага цэнтра "Скала". Паводле яго словаў, супрацоўнікі АМАПа затрымалі яго, калі ён проста ішоў па вуліцы ў навушніках. Наступныя трое сутак хлопец быў у Маскоўскім РУУС, на Акрэсціна і ў ЛПП №3 пад Слуцкам. Глеб распавёў "Вясне", што яму і іншым давялося перажыць за гэты час.

"Забралі станік з пратэзам грудзей". Сведчаць пацярпелыя

Мінчанка Марыя Амбросава распавяла "Вясне", як яна з мужам Юрыем 10 жніўня пайшла ў міліцыю напісаць заяву аб знікненні затрыманага сына, але апынуліся самі ў аўтазаку, а потым на чацвёра сутак у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна. Усе гэтыя дні яны не ведалі, што іх сына адпусцілі, таму, калі ад збіванняў крычалі людзі, Марыі здавалася, што крычыць яе сын. Што яшчэ ёй, яе мужу і іншым давялося перажыць на Акрэсціна – чытайце ў нашым матэрыяле.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства