viasna on patreon

За катанне на роварах – штрафы і выклік у Інспекцыю па справах непаўналетніх

2020 2020-07-24T13:26:55+0300 2020-07-24T15:07:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/centralny-sud-minsk_lipen.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Дзве мінчанкі — Алеся Жыгадла і Паліна Чарняўская — атрымалі штрафы ў 20 і 25 базавых велічынь адпаведна за "ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве" (арт. 23.34 КаАП) — гэтым суд палічыў катанне на ровары 8 ліпеня. Судовыя паседжанні над імі прайшлі 24 ліпеня ў судзе Цэнтральнага раёна горада Мінска.

Як распавяла Алеся Жыгадла, 8 ліпеня яна ездзіла на ровары па горадзе разам з іншымі людзьмі:

"Цалкам мірна сабраліся рабяты паездзіць на роварах, каб убачыць адзін аднаго. Ні пра што не размаўляючы, ехалі адзін за адным па веладарожцы".

16 ліпеня Алеся даведалася, што ў дачыненні да яе вядзецца адміністрацыйны працэс. Акрамя таго, у той жа дзень Алесі патэлефанавалі з Інспекцыі па справах непаўналетніх і паведамілі, што на яе непаўналетнюю дачку таксама заведзеная адміністрацыйная справа (Алеся каталася на ровары разам з дачкой). Неўзабаве справу закрылі ў сувязі з недасяганнем дачкой 16-гадовага ўзросту.

Алеся Жыгадла каля будынка суда Цэнтральнага раёна
Алеся Жыгадла каля будынка суда Цэнтральнага раёна

На судовым пасяджэнні Алесі ў якасці сведак праз Skype відэасувязь выступалі міліцыянт-кіроўца АМАП Яўген Нікіценка і камандзір аддзялення АМАП Юрый Сцяпанаў. Алеся мяркуе, што адзін са сведак пры дачы паказанняў чытаў ужо напісаны на паперы тэкст.

"На экране гэтага было не відаць, аднак ён так прамаўляў, што было зразумела, што ён чытаў тэкст. Мабыць, ен перад сабой паставіў рапарт і чытаў яго слова ў слова".

Сведка сцвярджаў, што Алеся была апранутая ў футболку з надпісам "Я/мы97", аднак Алеся на самай справе была ў куртцы — гэта відаць і на фотаздымках, прымацаваных да матэрыялаў справы. Акрамя гэтага, апісанне сведкам ровара Алесі таксама не супала.

За "несанкцыянаванае масавае мерапрыемства", якое, згодна з пратаколам, доўжылася 10 хвілін, Алесю аштрафавалі на 20 базавых велічынь (540 рублёў). Такое рашэнне вынес суддзя Іван Касцян.

Паліну Чарняўскую ў той жа дзень таксама асудзілі за катанне на ровары 8 ліпеня:

"Каталіся па веладарожках, праспекце, усяляк выконвалі ПДР. У нас не было ніякіх лозунгаў і маек", — распавяла "Вясне" Паліна.

Паліна Чарняўская каля будынка суда Цэнтральнага раёна
Паліна Чарняўская каля будынка суда Цэнтральнага раёна

На судовым пасяджэнні Паліны выступалі тыя ж сведкі, што і ў Алесі – Нікіценка і Сцяпанаў. Характэрна, што судовыя паседжанні ў дзяўчат пачаліся паралельна – у 9.15 у кожнай.

Адзін са сведкаў сказаў, што апазнаў Паліну па чорнай майцы і доўгіх валасах. Але дзяўчына кажа, што ў той дзень была ў клятчастай кашулі. Тым не менш суддзя Юлія Густыр палічыла яе вінаватай і вынесла рашэнне аб штрафе ў 25 базавых велічынь (675 рублёў). Паліна мае намер абскардзіць рашэнне суда.


Раней за 10 хвілін велапрабегу Яўгена Міхасюка пакаралі 10-ю суткамі арышту. Таксама за велапрабег былі затрыманы 9 ліпеня Аляксандр Масейчук і Андрэй Бароўскі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства