«Да Севярынца не падпускаюць». Затрыманы раварыст — пра ўмовы на Акрэсціна
Павел Севярынец ужо паўтара месяца адбывае арышт у ізалятары на Акрэсціна. Жонка і паплечнікі палітыка чакалі, што яго выпусцяць 22 ліпеня, але гэтага не здарылася. Калі Севярынец выйдзе на волю, не ведаюць нават у прэс-службе МУС. Да яго не пускаюць адвакатаў, ад яго не прыходзяць лісты. Адзіная магчымасць даведацца хоць што-небудзь — пагаварыць з іншымі затрыманымі, якія перасякаліся з палітыкам у ЦІП або ІЧУ, піша TUT.BY.
Аляксандр Масяйчук — удзельнік велапрабегу салідарнасці. 9 ліпеня яго затрымалі на аўтавакзале, калі ён збіраўся паехаць на вяселле да сястры.
"Думаю, мяне высочвалі, прыехалі за мной спецыяльна на вакзал, — кажа Аляксандр. — У аддзяленні міліцыі сказалі, што я ўзяў удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве — быў на Кастрычніцкай з іншымі веласіпедыстамі, кружыў па плошчы, пляскаў у далоні. За гэта мне ў выніку далі сем сутак і адправілі на Акрэсціна".
Са словаў суразмоўцы, яго і іншых раварыстаў размеркавалі ў "смярдзючыя камеры".
"Вошы, бяздомныя, — тлумачыць Аляксандр. — Я і яшчэ адзін раварыст спалі на падлозе, нам матрацы не выдалі, яны былі толькі ў бяздомных. А нам казалі, што для нас няма матрацаў, а потым наогул нічога не адказвалі. Пасцельную бялізну таксама не выдавалі, там твая пасцельная бялізна — гэта тое, што на табе надзета і бутэлька з вадой пад галаву замест падушкі. У камэры ноччу гарэла святло. На просьбу пагасіць ахоўнікі казалі, што выключальнік зламаўся. Добра, што ў мяне было з сабой дзве маскі. Адну надзеў на вочы, другую на твар. Адміністрацыя спрабуе нацкаваць затрыманых з "палітычнымі", усім пагаршаюць умовы, маўляў, глядзіце, хто вінаваты, што ў вас святло ўсю ноч гарыць, што вас на шпацыр не выводзяць. Але гэта не дзейнічае ні на валацугаў, ні на п'яніц, нармальныя там усе хлопцы, усё разумеюць".
Двое сутак, успамінае суразмоўца, ён правёў у карцэры. У тым самым, дзе да гэтага сядзеў Павел Севярынец.
"За што? Не ведаю, ніхто не тлумачыў. Я нават не адразу зразумеў, што гэта карцар. Падумаў, можа, гэта проста новая камера, мне ўжо ахоўнікі патлумачылі, што гэта. І, шчыра кажучы, пасля некалькіх начэй з бяздомнымі там было нават лепш. Адзінае, там няма вады, наогул ніякай. Хочаш папіць— прасі ў ахоўніка, хочаш змыць ў прыбіральні — прасі ў ахоўніка, яны выдаюць бутэльку з вадой з-пад крана".
Аляксандр адзін час сядзеў з сукамернікамі Паўла Севярынца, ад іх удалося даведацца некаторыя падрабязнасці.
"Паўла ізалююць, каб ён не перасекся з "палітычнымі". Нават калі 15 ліпеня завезлі дзясяткі хлопцаў, калі ўжо актывістаў сталі ўтрымліваць з актывістамі, да Севярынца ўсё роўна нікога не дапусцілі. Але ён трымаецца малайцом. Вытрымаць яму дапамагаюць яго хрысціянскія перакананні. Ведаю, што яму пастаянна даюць пратаколы з розных РУУС, каб навешаць на яго новыя суткі. Да Паўла ўсе затрыманыя ставяцца добра, бывала, буйных да яго на пару гадзін заводзілі, але гэта было разава, у цэлым яго падтрымліваюць усе хлопцы".
Што тычыцца харчавання, то, па словах Аляксандра, першыя дні ежа была нязносная: прэсны суп з вады і грэчкі, катлеты з хлебных сухароў.
"Але з кожным днём сітуацыя паляпшалася, у катлетах з'явілася мяса. Як я потым зразумеў, проста людзі завалілі міліцыю і пракуратуру скаргамі, і гэта хоць трохі дапамагло".
Раней кіраўнік мінскай міліцыі Іван Кубракоў заяўляў, што была праведзеная праверка па фактах шматразовых скаргаў у СМІ на ўмовы ўтрымання ў ізалятарах на Акрэсціна. Інфармацыя аб тым, што адміністрацыйна затрыманых не выводзяць на прагулкі, што ім не выдаюць матрацы і пасцельную бялізну, па словах Кубракова, не пацвердзілася.
“У іх загад “тэрорыць” усіх палітычных”. Яўген Міхасюк пра арышт за велапрабег