viasna on patreon

“У іх загад “тэрорыць” усіх палітычных”. Яўген Міхасюк пра арышт за велапрабег Фота

2020 2020-07-22T18:01:57+0300 2020-07-23T13:29:29+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/mihasuk_89.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Актывіста Яўгена Міхасюка затрымалі 10 ліпеня каля свайго дома за тое, што ён нібы браў удзел у мінскіх велапрабегах салідарнасці. Да суда на выходныя яго змясцілі ў Ізалятар часовага ўтрымання, а пасля суда па скайпу, дзе яго асудзілі на 10 сутак па арт. 23.34 КаАП, яго перавялі ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў. Яўген распавёў “Вясне”, чаму ўчастковы ў РУУС не хацеў складаць на яго пратакол, якое стаўленне “на сутках” да палітычных, чаму палову арышту ён правёў у карцары, а таксама іншыя падрабязнасці свайго затрымання і ўтрымання пад вартай. 

Яўген Міхасюк. Фота: spring96.org
Яўген Міхасюк. Фота: spring96.org

Мяне затрымлівалі пяць АМАПаўцаў”

Затрымалі Яўгена ў пятніцу 10 ліпеня прыкладна ў 15 гадзін. У затрыманні хлопца былі задзейнічаны пяць супрацоўнікаў АМАПу.  

“Насамрэч, у мяне былі думкі, што магчыма мяне затрымаюць. Таму што, калі чалавек актыўна выказвае сваю пазіцыю ў Беларусі, то існуе такая рызыка. Звычайна перад тым, як выйсці з дому, я гляджу з балкона, ці дзяжурыць нехта пад вокнамі. І ў тую пятніцу перад паходам у краму я таксама так зрабіў. Але двор у нас досыць заросшы дрэвамі і ўвесь не праглядаецца. Таксама ў нас ёсць курылка, дзе звычайна знаходзіцца шмат студэнтаў. Калі я выйшаў у двор, то ўбачыў, як з той курылкі падняліся два чалавекі ў цывільным, якія палілі там, і пачалі накіроўвацца ў мой бок. Адразу падумаў, што гэта АМАП, але адкінуў гэтую думку. Мяне затрымлівалі таксама ў 2017 годзе, і застаўся страх перад людзьмі. Але я стараўся з гэтым нешта зрабіць, бо гэта ненармальна, калі ты бачыш людзей, якія, на твой погляд, выглядаюць як супрацоўнікі АМАПу, і ты пачынаеш збягаць. І гэтую паранойю я падаўляў у сабе. Але ў гэты раз гэта сапраўды былі супрацоўнікі АМАПу. Адразу да мяне падыйшлі два чалавекі і паказалі пасведчанне, што яны з’яўляюцца супрацоўнікамі міліцыі. Я паспеў нават заблакаваным тэлефонам сфатаграфаць яго.

Пасведчанне міліцыянта, які затрымліваў Яўгена. Фота прадстаўлена Яўгенам Міхасюком
Пасведчанне міліцыянта, які затрымліваў Яўгена. Фота прадстаўлена Яўгенам Міхасюком

Пакуль яны мне распавядалі, што яны з АМАПу, я яшчэ паспеў неяк адной рукой за спіной напісаць калегу ў тэлеграме, што мяне затрымліваюць. Але, праўда, сябар нічога не зразумеў з майго паведамлення, бо атрымалася так «задерживают зарплатный», а потым «центральный». Але ён адразу падумаў, што я напісаў яму нешта па працы. Толькі потым, калі мяне ўсе пачалі шукаць, бо ў мяне быў выключаны тэлефон, зразумелі, што мяне затрымалі і павезлі ў Цэнтральны РУУС.

Мяне затрымлівалі пяць АМАПаўцаў: адзін чакаў у сінім мікрааўтобусе, а чатыры мяне акружылі каля дома. Сіні бус, дарэчы, стаяў амаль у суседнім двары, і я не мог яго ўбачыць з вокан сваёй кватэры. І мне падаецца, што яны не чакалі, што я так рана выйду з дома, і думалі мяне затрымаць перад велапрабегам салідарнасці з раней затрыманымі ўдзельнікамі акцыі, які планаваўся ў той вечар. Таму яны былі не вельмі гатовыя да затрымання: адны палілі ў курылцы, іншыя сядзелі ў машыне.

Прычына затрымання – “дакатаўся”

Яны мне адразу пачалі гаварыць, што мне трэба пад’ехаць у Цэнтральны РУУС. Калі я падзякаваў іх за паведамленне і сказаў, што пазней пад’еду, яны запярэчылі і сказалі, што трэба ехаць з імі. На маю просьбу ўзяць хаця бы рэчы з дома, бо я ведаў, што хутчэй за ўсё я ўжо не вярнуся, то яны пачалі абяцаць, што яны мяне прывязуць назад дадому.

Супрацоўнікі АМАПу мне не растлумачылі нармальна прычыну затрымання. Сказалі: “Ну ты ж ведаеш за што”. Калі я сказаў, што не ведаю, то яны адказалі “на ровары любіш катацца?” Але калі я казаў, што я амаль кожны дзень катаюся на ровары, бо жыву ў цэнтры, то яны мне толькі сказалі “Дакатаўся”.

Калі прывезлі ў РУУС, то міліцыянты працягвалі казаць, што “затрымалі за ровар”. Калі я перапытваў, што гэта значыць, то яны зноў задавалі пытанне “На ровары катаўся?”, калі казаў, што “так”, то гаварылі “ну вось і ўсё”.

“Гэты ўчастковы не хацеў складаць пратаколы менавіта на палітычных”

Яўгена Міхасюка даставілі ў Цэнтральны РУУС, дзе склалі пратакол па частцы 1 артыкула 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянавым масавым мерапрыемстве). Увечары пятніцы яго ў кайданках і на машыне ДАІ даставілі ў ІЧУ на Акрэсціна, каб ён там чакаў суда ў панядзелак.

“Я да апошняга спадзяваўся, што мне дадуць усё ж такі штраф, а не арыштуюць. У Цэнтральным РУУСе выклікалі ўчастковага, каб ён склаў на мяне пратакол. Гэта была дзіўная сітуацыя, бо ў той вечар была не яго смена і ён быў на выходным, але яго спецыяльна выклікалі для складання пратаколу на мяне. Ён быў гэтым вельмі незадаволеным і сварыўся праз гэта з іншымі. Наколькі я зразумеў, гэты ўчастковы не хацеў складаць пратаколы менавіта на палітычных, таму яму адмыслова ставілася такая задача. Калі ўчастковы пісаў пратакол, то казаў мне, што ён гэта ўсё не падтрымлівае. Потым вырашыў мяне падтрымаць: “Не хвалюйся, дадуць табе штраф і адпусцяць”. Але я сказаў яму, што гэты артыкул прадугледжвае адміністрацыйны арышт. Калі ён запытаўся ў сваіх калег, што гэта за артыкул, яму адказалі, што 23.34 КаАП. Тады ён адчыніў на тэлефоне Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях і паглядзеў, што сапраўды санкцыя прадуглежвае арышт да 15 сутак. Было адчуванне, што ён растроіўся, папрасіў прабачэнне. І сітуацыя сапраўды выглядала так, што яго прымушалі пісаць гэты пратакол. Калі ён нарэшце склаў пратакол, то не хацеў сам падпісваць яго і казаў, каб падпісвалі тыя, хто цяпер на смене. І зноў у выніку яго прымусілі падпісаць яго. Таксама гэты ўчастковы казаў, што не хоча наогул пісаць гэты пратакол, на што я яму сказаў “Дык не пішыце”, але ён адказаў, што, калі ён гэтага не зробіць, дык зробіць іншы. У выніку ён зрабіў істотную памылку ў пратаколе: у апісанні правапарушэння не пазначыў, што мы пляскалі ў далоні. А гэта вельмі важны факт для доказу, што гэта была менавіта акцыя. І яго прымусілі перапісаць гэты пратакол. Сітуацыя выглядала дзіўна: гэты ўчастковы напісаў першы пратакол, кінуў яго сваім калегам, пабег дадому, праз пяць хвілін яго зноў выклікалі і сказалі пісаць другі пратакол. Пратакол пісаўся па паперцы, абразцу, які далі ўчастковаму.

Такім чынам, у пратаколе было напісана ехал в составе организованной колонне на велосипеде, были майки «я/мы 97%”, “Стоп таракан!”. В конце велодвижения люди похлопали в ладоши, чем выразили свою общественно-политическую позицию без согласования с Мингорисполкомом”. Калі я прачытаў пратакол, то пасмяяўся, бо выглядала гэта сюрна, тым больш, што асабіста я нічога не крычаў, у мяне не было ні цішоткі, ні стужкі, ні нават званочка на ровары.

Трымалі ў РУУС мяне дзесьці да 20 гадзіны, то бок каля 5 гадзін. Яны мяне доўга не маглі вывезці ў ізалятар часовага ўтрымання, бо не было машыны. У выніку, мяне адвезлі ў ізалятар на машыне ДАІ, апрануўшы на мяне перад гэтым кайданкі. Прычым, у машыне таксама былі толькі супрацоўнікі ДАІ”.

“Першы раз я патрапіў у карцар за тое, што папрасіў паперу і асадку”

Яўген Міхасюк. Фота: spring96.org
Яўген Міхасюк. Фота: spring96.org

Па словах Яўгена Міхасюка, умовы ўтрымання ў ІЧУ найбольш жорсткія і горшыя, чым у ЦІП. Менавіта ад Яўгена на волі дазналіся пра стан актывіста Дзмітрыя Паліенкі, якога асудзілі агулам на 45 сутак, і асуджаннага на 105 сутак палітыка Паўла Севярынца.

“Мяне прывезлі на выходныя ў ізалятар часовага ўтрымання, дзе не выдавалі ні бялізну, ні матрац. Пры гэтым сукамернікі, якіх пераводзілі з іншых камер, казалі, што іх перавялі з камер, дзе пустуюць па шэсць пярын. То бок атрымліваецца, што ў суседніх камерах стаяла па дзесяць пярын, а там, дзе я сядзеў, — нуль. Калі да мяне закідвалі іншых, то яны здзіўляліся ўмовам у маёй камеры: у камеры холадна, акно адчынена нават ноччу, спаць трэба на драўляных прыстасаваннях, бо няма матрацаў.

У пятніцу, калі я толькі заехаў у ІЧУ, то першае, што я адразу папрасіў, — гэта папера і асадка, каб напісаць скаргу. Мне сказалі, што прынясуць ужо заўтра, то бок у суботу. Я ж культурны чалавек, пагадзіўся пачакаць да заўтра. Але раніцай мне так ніхто паперу і асадку не прынёс, таму я пачаў кожныя 15 хвілін клікаць супрацоўніцу ізалятара, “прахадную”. Яна мне абяцала паперу і асадку разоў пяць, пасля чаго я папярэдзіў яе, што буду ціснуць на трывожную кнопку, бо па закону я маю на іх права, а яны мяне падманьваюць. Калі я пачаў націскаць на гэтую кнопку, то да мяне прыйшоў дзяжурны і закінуў у карцар. Атрымліваецца, што першы раз я патрапіў у карцар за тое, што папрасіў паперу і асадку. Там я прабыў суткі.

“Ну, Паліенка, ну паеш, ну што ты”

Калі ў камеру пераводзяць іншых людзей, яны запытваюцца артыкул, па якім чалавек патрапіў у ізалятар. Сукамернікі вельмі любяць распавядаць, з кім такім класным яны сядзелі. Так у нядзелю мне распавялі пра “паэта”, які аказаўся Паўлам Севярынцам.

Я дазнаўся, што ён сядзіць пяць дзён у карцары, а на выходныя яго пераводзяць у агульныя камеры. Яны распавялі, што ёсць пытанні да яго псіхалагічнага стана. Я лічу, што гэта цалкам магчыма ў сувязі з тым, што чалавек некалькі тыдняў запар сядзіць у карцары, і да яго вельмі скоцкае стаўленне. Але, на жаль, шмат інфармацыі ад іх пра Паўла не атрымалася атрымаць, бо яны не зацікаўленыя ў палітыцы. Калі б сядзеў чалавек, які арыентуецца ў гэтым, то ён бы праінтэрв’юіраваў яго, каб распавесці потым іншым на волі. Але я ўсё роўна даведаўся пра стан Паўла, як выглядае і як яго здароўе.

Насупраць мяне сядзеў Дзмітрый Паліенка. Вядома, што ён трымае галадоўку. Як я зразумеў, ён увесь час ляжыць на падлозе, нічога не есць, не рухаецца, час ад часу спрабуе сабе нанесці траўмы і ўвесь час патрабуе паперу і асадку. Дзмітрый адмаўляецца ад перадачак. Я чуў, як яму прапаноўвалі перадачку, але ён таксама ад яе адмовіўся, сказаўшы “Мне ўсё адно: раздай людзям, выкінь, мне пляваць”. Аднойчы прыйшла жанчына, якая дзяжурыла, і ўгаворвала яго “Ну, Паліенка, ну паеш, ну што ты”. Яна паўтарала гэта разоў пяць-шэсць. Таксама сукамернікі мне распавялі, што часам Паліенку пераводзяць у камеру да іншых (звычайна ён сядзіць адзін), якіх падгаворваюць за пэўныя выгады (цыгарэты, прагулкі), каб угаварылі Паліенку паесці. Дзмітрый часам выклікае хуткую праз дрэнны стан здароўя. Я аднойчы нават чуў, як ён казаў, што ён дрэнна сябе адчувае. Але яму адмаўляюць у выкліку хуткай, і клічуць мясцовага доктара. Але ён мерае яго ціск, тэмпературу і кажа, што ўсё ў яго добра. 

“Адміністрацыя ізалятара спрабуе стварыць канфліктную сітуацыю паміж палітычнымі і звычайнымі”

Але ніхто сярод сукамернікаў ў дачыненні да адзін аднаго не ўжывае гвалт. Адміністрацыя ізалятара спрабуе стварыць канфліктную сітуацыю паміж палітычнымі і звычайнымі. Але ў іх не атрымліваецца, бо ўсе вельмі паважліва ставяцца адзін да аднога. Пры гэтым звычайныя сядзельцы пакутуюць, калі аказваюцца ў адной камеры з палітычнымі. Напрыклад, калі ў камеры сядзіць палітычны, то тады ўсім не даюць матрацы, адчыняюць вокны, каб было холадна, а калі горача, то ўсё наадварот зачыняюць, на прагулку не выводзяць. Мае сукамернікі адэкватна ставіліся, і разумелі ўсю сітуацыю, казалі “гэта тупая дзяржава ў нас”. 

Наогул па ўмовах утрымання, я адчуў, што ў ІЧУ горш, чым на ЦІП. Напрыклад, ежу там немагчыма есці, бо гэта нейкае смецце. Напрыклад, вячэраеш ты рыбнай катлетай, а на наступны дзень табе прыносяць тую ж рыбную катлету, толькі залітую вадой, — тыпу суп. Тым больш, ты не ведаеш, што гэта за катлета, хто ад яе адмовіўся ці хто не даеў. І думаю, што мяне спецыяльна затрымалі ў пятніцу, каб пратрымаць да суда ў ІЧУ ў такім умовах.

Перадачку ў ІЧУ мне перадалі ў тры гадзіны ночы ў нядзелю перад судом. Мяне будзяць, я нічога не разумею сонны, распісаўся ў пратаколе, і толькі раніцай паглядзеў, што там.

У ІЧУ трымалі мяне з людзьмі без пастаяннага месца жыхарства, якія вельмі кашлялі. Таксама са мной сядзеў мужчына, у якога СНІД і ён прымаў тэрапію. Я не магу сказаць, што гэта вельмі небяспечна, але ўсё адно ў такой сітуацыі выконваеш павышаныя меры бяспекі”.

«За 10 хвілін акцыі атрымаў 10 сутак» 

Сябры Яўгена, якія прыйшлі падтрымаць яго ў суд. Фота прадастаўлена Дар'яй Рублеўскай
Сябры Яўгена, якія прыйшлі падтрымаць яго ў суд. Фота прадастаўлена Дар'яй Рублеўскай

Судзілі Яўгена Міхасюка ў панядзелак праз скайп. Яго сябры хацелі патрапіць на судовы разгляд яго адміністрацыйнай справы, але, калі раніцай яны прыйшлі ў суд Цэнтральнага раёна, то ў канцылярыі ім паведамілі, што суд над Яўгенам адбудзецца пасля абеду. На інфармацыйным стэндзе адсутнічала такая інфармацыя. Але пазней яны высвятлілі, што суд ужо адбыўся ў 11 гадзін. Яны падалі скаргу на імя старшыні суда на парушэнне прынцыпа адкрытасці судовага паседжання.

“Цікава, што судзілі мяне ў клетцы. Мне распавядалі, што затрыманых 14 і 15 ліпеня на мірных акцыях пратэсту судзілі без клеткі. Хаця паводзіў я сябе вельмі спакойна, не канфліктаваў. Таму думаю, што праз клетку яны судзяць толькі пэўных людзей, толькі незразумела, як яны вырашаюць, якім чынам і каго судзіць. 

Эксперты "Вясны": Правядзенне адміністрацыйнага судовага працэсу па відэасувязі незаконнае

З пачатку прымянення сістэм відэасувязі судамі ў адміністрацыйным працэсе эксперты ПЦ "Вясна" заяўлялі аб парушэнні працэсуальнага заканадаўства такім парадкам, што ў сваю чаргу парушала правы людзей, якія прыцягваюцца да адміністрацыйнай адказнасці.

Судзіў мяне суддзя суда Цэнтральнага раёна Іван Касцян. На судзе я настойваў, што ў маіх дзеяннях няма складу правапарушэння. Таму што нас ніхто не папярэджваў, што роварная акцыя з’яўляецца несанкцыянаваным масавым мерапрыемствам.

Сведкамі на судзе выступалі два супрацоўніка міліцыі. Яны заяўлялі, што на акцыі нібыта прысутнічаў міліцыянт, які праз гучнагаварыцель папярэджваў аб тым, што акцыя несанкцыянаваная. Хаця гэта непраўда, нікога там не было.

У якасці доказаў маёй віны міліцыянты прадставілі скрыны з тэлеграм-чата «Велопробег 2020 Минск», а таксама скрыны з відэа, якія знялі з вулічных камер. Праўда, там была вельмі дрэнная якасць, фотаздымкі былі чорна-белыя, што немагчыма было зразумець, асабліва праз скайп, ці сапраўды гэта я.

На судзе я прасіў суддзю, каб той, калі і вырашыць мяне пакараць, то няхай лепш аштрафуе, а не адправіць «на суткі», бо ў мяне вельмі добрая праца, якую я не хацеў бы губляць. Я спрабаваў дамовіцца з суддзёй: «Калі вы мне дадзіце штраф, то я не буду больш катацца з гэтымі роварыстамі, але калі ўсё ж такі дадзіце «суткі», то тады не гарантую». Іван Касцян пагадзіўся, але вынес пастанову пакараць мяне адміністрацыйным арыштам на 10 сутак. Цікава, што ў пратаколе пазначана, што маё правапарушэнне доўжылася 10 хвілін. Атрымліваецца, што за 10 хвілін акцыі я атрымаў 10 сутак».

“У ЦІП міліцыянт прывёз мне пастанову суда”

Адміністрацыйны арышт Яўген Міхасюк адбываў у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў. Па яго словах, умовы ўтрымання «палітычных», тых каго змясцілі за краты за ўдзел у акцыях пратэсту, вельмі адрозніваюцца ад іншых у горшы бок. Напрыклад, «палітычным» не выдаюць паперу і асадку. Праз гэта Яўген не змог нават абскардзіць пастанову суда Цэнтральнага раёна.

«Пасля суда мяне адразу павялі ў карцар ЦІП, але прычын змяшчэння туды мне ніхто не паведаміў. Такім чынам, пяць дзён я правёў у карцары. Выглядала гэта як мера ціску на мяне.

Цікава, што ўвечары пасля суда ў ЦІП міліцыянт Цэнтральнага РУУС прывёз мне пастанову суда і сказаў, што трэба падпісаць яе. Мяне гэта здзівіла і я запытаўся, чаму мне яе прывезлі, на што той адказаў, гэта каб мне два разы не ездзіць. Я ўважліва прачытаў пастанову, бо баяўся, што мне падсоўваюць падпісаць нешта іншае, але было ўсё добра. Потым гэты міліцыянт вырашыў са мной паразмаўляць: “Як сядзіцца?” Калі я сказаў, што сяджу ў карцары, то запытаўся, па якой прычыне. Я сказаў што не ведаю, на што ён задаў пытанне “Можа дрэнна сябе паводзіш?” Таксама запытваў, ці пайду я яшчэ на акцыі, тады я распавёў яму гісторыю з суда, што я цяпер пакрыўджаны, што мне далі менавіта “суткі”, таму гарантаваць не магу. Але гутарка была спакойная.

"У якую б камеру не прыйшоў палітычны, там "аўтаматычна ламаецца луна"

Яўген Міхасюк. Фота: spring96.org
Яўген Міхасюк. Фота: spring96.org

Што тычыцца ўмоваў утрымання, то ўсе дзесяць начэй я сядзеў з уключаным святлом, бо сказалі, што нібы зламаная “луна” [начное святло]. Але там такая заканамернасць, што ў якую б камеру не прыйшоў палітычны, там «аўтаматычна ламаецца луна». І вось усе палітычныя спяць з яркім дзённым святлом. Гэта таксама як элемент катавання, каб чалавек не мог адпачыць ноччу.

Маю камеру вельмі марозілі. Было зачынена акно, але вельмі моцна працавала выцяжка. Каб было зразумела, пры цёплым надвор'і за вакном, я ў камеры заўсёды хадзіў у бацінках, цішотцы, байцы і куртцы.

Таксама ноччу вельмі часта будзялі мяне. Адну ноч мяне будзілі кожныя 15 хвілін. Пры абыходзе дзяжурная грукала ў камеру, пакуль я не прачнуся. Таму нават ноччу там нармальна адпачыць амаль немагчыма.

“Проста выконвайце свае ж бл*цкія правілы!”

Акрамя гэтага, калі я быў у карцары, затрымлівалі «адбой». Там жа такая сістэма, што ложак адкідаюць толькі пасля «адбою». Але адразу я не мог гэта праверыць, таму што не было гадзінніка. Але, калі жанчыны раздавалі нам ежу, то я запытаўся, колькі часу. Было каля 17-18 гадзін. Кожныя 15 хвілін у ЦІП адбываецца абход. І я пачаў падлічваць час да 22 гадзін, то бок да «адбоя». Таксама праз вакно я мог пабачыць неба, і, калі па маіх падліках ўжо наступіла 22 гадзіны, то неба было цёмна-фіялетавага колеру. Я пачаў патрабаваць, каб мне адкінулі ложак, бо ўжо час. Але супрацоўнік ЦІП сказаў, што, калі будзе «адбой», тады і буду спаць. І быў вельмі здзіўлены, што я, чалавек без гадзінніка, падлічыў час. Пасля маіх словаў "Я час па небу вызначыў”, ён апешыў. У тую ноч мне затрымалі «адбой» дзесьці на дзве гадзіны, праз што адбыўся моцны канфлікт. Я бесперапынна патрабаваў адкінуць мне ложак, але супрацоўнікі ЦІП пачалі ігнараваць мяне.

Я грукаў у дзверы адразу рукамі, але потым прыйшлося нагамі, каб да мяне нарэшце падыйшлі. Падбег да мяне дзяжурны толькі пасля таго, як я выпадкова збіў “кармушку” на дзвярах. Ён пачаў на мяне нецэнзурна лаяцца і пагражаць, што я наогул застануся без сна. На гэта я яму адказаў: “Я нічога ад вас не патрабую. Гэта ж вашыя правілы, не мае. Вы прыдумалі, што «адбой» у 22, таму я і патрабую ад вас выканаць гэтае правіла. Проста выконвайце свае ж бл*цкія правілы!” Яму не было чаго адказаць мне, таму што я меў рацыю. Потым прыйшлі міліцыянты, адкрылі дзверы і сказалі мне выходзіць з камеры. Але я не пайшоў, а стаў у вуглу камеры, бо думаў, калі выйду, яны прыменяць гвалт да мяне, тым самым справакуюць канфлікт. Такім чынам, я не выйшаў, яны яшчэ нейкі час пакрычалі на мяне, адкінулі нары і сышлі.

“У іх загад “тэрорыць” усіх палітычных”

Мне падаецца, што праз камеры, яны ўбачылі, што я не пакутую моцна ад карцара, таму мяне адтуль перавялі ў агульную камеру. Напрыклад, калі пачыналі марозіць камеру, то я апранаў куртку. З хлеба я зляпіў сабе шахматы і шашкі, а на падлозе намаляваў дошку. Падчас аднаго шмона яны хацелі забраць іх, але пакінулі. Верагодна яшчэ, што мяне перавялі ў агульную камеру, таму што трэба было вызваляць месцы для затрыманых 14 і 15 ліпеня.

Але мяне перавялі ў агульную камеру, якая прызначалася для чатырох чалавек. Я быў шостым. Увечары, калі прыйшоў дзяжурны і сказаў «адбой», негледзячы на тое, што ўсім не хапала ложкаў, я запярэчыў. На голай падлозе я спаць не збіраўся, таму зноў пачаў грукаць у дзверы і націскаць трывожную кнопку. Прыйшоў дзяжурны міліцыянт і вывеў мяне ў калідор для размовы. Ён мне прама сказаў, што ў іх ёсць загад “тэрорыць” усіх палітычных, і што іх вельмі кантраляюць, і калі палітычным робіцца нейкая паблажка, то ім адразу вымова. Нават у камеру з вольнымі месцамі пераводзіць нельга. Ён пачаў мяне прасіць, каб я ўвайшоў у яго становішча. Але гэта было дзіўным. Ну, камон, вы хочаце, каб я спаў на падлозе, і яшчэ кажаце мне, каб я ўвайшоў у ваша становішча. Гэта так не працуе”. Ён мне распавёў, што ў ЦІП завезлі 220 чалавек. Я падумаў, што магчыма рэальна там ужо няма вольных месцаў, таму пагадзіўся на матрац з бялізнай. Я падумаў, што ва ўмовах перапоўненых камер, гэта не так дрэнна.

“У іх пазіцыя, што палітычныя павінны дэградаваць за кратамі”

Яўген Міхасюк. Фота: spring96.org
Яўген Міхасюк. Фота: spring96.org

Кожная раніца ў мяне пачыналася з прад’яўлення патрабаванняў супрацоўнікам ЦІПа. Але на мае просьбы пра асадку, паперу, матрац, мне адказвалі “Вам нельга”. Але ў апошнія дні, з пятніцы да панядзелка, мяне ўжо трымалі ў адной агульнай камеры, выдалі матрац і бялізну. Праўда, адразу ў чатырохмясцовай камеры з шасці чалавекамі было наадварот вельмі спякотна, і я патрабаваў, каб нам адчынілі акно. Супрацоўнікі ЦІПа зрабілі гэта. Мы нават бачылі людзей, якія прыносілі перадачкі на КПП ЦІПа. На выходных прыязджала пракуратура з праверкай, таму нас нават вывялі адзін раз за ўвесь час на прагулку.

За ўвесь час мне не перадалі ніводнай паштоўкі ці ліста. Ужо на волі я падлічыў, што іх павінна было прыйсці больш за 20 штук. Адзінае, што я пабачыў пасля выхаду, гэта фоткі гэтых паштовак, якія мне скінулі сябры. Таксама не перадалі кнігу і часопіс з крыжаванкамі, якія прынялі на КПП ад майго брата. Яшчэ, калі ў камеры сядзіць палітычны, то падчас шмона там забіраюць ва ўсіх кнігі, часопісы, газеты, нават, калі ім два гады ўжо. Я так разумею, што ў іх пазіцыя, што палітычныя павінны дэградаваць за кратамі, і ў іх не павінна быць нічога, што можа неяк развіваць іх мозг.

Цікава, што падчас аднаго з шмонаў у мяне забралі пастанову суда, якую ў ЦІП мне прывозіў міліцыянт. У асабістых рэчах, якія мне выдалі на выхадзе, яе таксама не было. Я патрабаваў вярнуць мне пастанову, але мне так і не аддалі яе. 

“З ЦІПа я выйшаў у добрай форме”

У 2017 годзе, калі мяне адправілі на “суткі”, я аб’явіў у знак пратэсту галадоўку. Але ў гэты раз я заняў такую пазіцыю, што я павінен выйсці з ЦІПа мацнейшым, чым я туды заехаў. Таму я не адмаўляўся ад ежы і рэгулярна займаўся спортам. Па камеры я праходзіў ад пяці да дзесяці тысяч крокаў. То бок з ЦІПа я выйшаў у добрай форме". 

Сябры сустракаюць Яўгена пасля
Сябры сустракаюць Яўгена пасля "сутак". Фота прадастаўлена Яўгенам Міхасюком

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства