Смаргонь: Большасць несапраўдных подпісаў аказалася ў падтрымку Лукашэнкі

2020 2020-07-01T09:37:00+0300 2020-07-01T11:53:29+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/pasedzhrvybkam290620-21.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Пасяджэнне выбарчай каммісіі ў Смаргоні
Пасяджэнне выбарчай каммісіі ў Смаргоні

29 чэрвеня Смаргонская раённая выбарчая камісія на сваім пасяджэнні зацвердзіла вынікі праверкі подпісаў выбаршчыкаў раёна за рэгістрацыю кандыдатамі ў прэзідэнты. Найбольшая лічба несапраўдных подпісаў аказалася ў падтрымку дзеючага прэзідэнта – 175 з 3084 правераных.

З 399 правераных подпісаў, сабраных ініцыятыўнай групай Віктара Бабарыкі, несапраўднымі аказаліся 3. Бездакорнымі прызнаны правераныя подпісы ў падтрымку Валерыя Цапкалы (85) і Андрэя Дзмітрыева (7).

У выніку раённая выбарчая камісія адсправаздачылася перад абласной за наступныя лічбы:

  • у падтрымку Аляксандра Лукашэнкі – 15242 подпісы,
  • Андрэя Дзмітрыева – 33,
  • Валерыя Цапкалы – 422,
  • Віктара Бабарыкі – 1978.

Як адзначае назіральнік у камісіі Алесь Дзергачоў, праверка подпісаў мела негалосны характар. Да назірання за гэтай працэдурай ён не быў дапушчаны. На пасяджэнні камісіі яе старшыня Раіса Захарыч агучыла вызначаныя за межамі пасяджэння прычыны прызнання подпісаў несапраўднымі. Галасаванне ж па кожным такім подпісе не праводзілася.

Алесь Дзергачоў таксама адзначае, што на пасяджэнні 19 чэрвеня камісія канстатавала, што ў падтрымку Віктара Бабарыкі сабрана 1994 подпісы. Менавіта ад гэтай лічбы яна адабрала 20% подпісаў для праверкі. Але потым зноў жа, за межамі пасяджэння камісіі, нейкім чынам у стосе за гэтага прэтэндэнта знайшлі і аднялі падпісны ліст з 13-цю подпісамі, сабранымі ў іншым горадзе. Відавочна, што пры першапачатковым галосным і камісійным праглядзе стосаў подпісаў такое парушэнне наўрад ці было б магчымым.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства