За фота каля дома БНР маладафронтаўцаў аштрафавалі на 150 базавых
Cуд Маскоўскага раёна Мінска 15 траўня разглядзеў адміністрацыйныя справы маладафронтаўцаў Дзяніса і Максіма Урбановічаў, Віталя Трыгубава паводле артыкула 23.34 КаАП (парушэнне арганізацыі ці правядзення масавых арганізацый) за пікет 25 сакавіка.
Такім пікетам міліцыянты з РУУС Маскоўскага раёна Мінска палічылі ўскладанне кветак 25 сакавіка да будынку, дзе была абвешчана незалежнасць БНР, і фотаздымак з бел-чырвона-белым сцягам, зроблены тады ж. У матэрыялах справы гэты фотаздымак фігураваў як асноўны доказ іх віны. Прычым Максіму Урбановічу ў віну ставіцца тое, што ён трымаў нават не сцяг, а шалік з гербам “Пагоня” і надпісам “Беларусь жыве вечна”.
Суддзя суда Маскоўскага раёна Мінска Таццяна Мотыль прызнала вінаватымі трох маладафронтаўцаў па артыкулам 23.34 КаАП і вынесла рашэнне аштрафаваць Дзяніса і Максіма Урбановічаў, Віталя Трыгубава на 50 базавых кожнага (па 1350 рублёў). У выніку за фота ў сацыяльных сетках маладафронтаўцы атрымалі 150 базавых велічыняў на траіх.
Нагадаем, гэта не першы выпадак, калі ўскладанне кветак расцэньваецца як несанкцыянаванае масавае мерапрыемства. У кастрычніку мінулага года тых жа маладафронтаўцаў – Дзяніса Урбановіча і Віталя Трыгубава асудзілі на 40 базавых велічынь штрафу кожнаму за ўскладанне кветак да помніка Янкі Купалы. Пратакол тады таксама быў складзены на падставе фота, зробленага актывістамі каля помніка.