viasna on patreon

Суд палічыў відэазапіс "Лукашэнка пра Гітлера" дэманстрацыяй нацызму

2020 2020-03-31T14:17:16+0300 2020-03-31T14:17:16+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/mazejka_sudalenka.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ігар Мазейка і Леанід Судаленка, фота "Гомельскай Вясны"

Ігар Мазейка і Леанід Судаленка, фота "Гомельскай Вясны"

31 сакавіка суддзя суда Чыгуначнага раёна Гомеля Яўген Шаршнёў прызначыў штраф у 135 рублёў (5 базавых) гамельчуку Ігару Мазейке за дэманстрацыю ў "ВКонтакте" відэазапісы "Лукашэнкі пра Гітлера", паведамляе "Гомельская Вясна". Яшчэ адзін пратакол па абвінавачванні ў экстрэмізме суд вярнуў у міліцыю для ліквідацыі недахопаў.

Малады чалавек, які працуе на заводзе "Гомсельмаш" электраманцёрам, віну ў судзе не адмаўляў, прасіў прымяніць да яго мінімальную санкцыю.

"Я не прапагандаваў і не апраўдваю злачынствы нацысцкай Германіі. Відэа захаваў для асабістага прагляду. Нацысцкай сімволіцы, якая знаходзіцца тут, у выглядзе сцяга са свастыкай Трэцяга рэйха (Нацыянал-сацыялістычнай рабочай партыі Германіі) я асаблівага значэння не надаў", - заявіў у судзе Мазейка.

За працэсам назіраў гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка. Паводле яго слоў, экстрэмісцкі матэрыял суд ад міліцыі не прыняў, вярнуў назад, што з'яўляецца станоўчым момантам.

"На жаль, практыка Камітэта ААН па правах чалавека пакуль не ведае канкрэтных спраў, звязаных з дэманстраваннем нацысцкай сімволікі. А вось Еўрапейскі суд разглядаў такую справу - у Венгрыі быў асуджаны чалавек, які выйшаў на парад у пілотцы з чырвонай зоркай, хоць савецкая сімволіка ў краіне была забароненая. Пасля рашэння ЕСПЧ на карысць канкрэтнага чалавека такая забарона ў Венгрыі была зменена", - прывёў у прыклад практыку Судаленка.

Юрыст падкрэсліў, што права на распаўсюд інфармацыі не з'яўляецца абсалютным і можа падлягаць пэўным абмежаванням. Па беларускіх законах сам факт размяшчэння ў сетцы інтэрнэт нацысцкай сімволікі ўтварае склад правапарушэння, па-за залежнасці ад яго мэтаў.

"Свабода выказвання меркаванняў з'яўляецца фундаментальным правам, у тым ліку і ў дачыненні да той інфармацыі, якая шакіруе, абражае або выклікае занепакоенасць. Мы пачынаем па гэтым пытанні стратэгічную цяжбу для таго, каб даведацца экспертнае меркаванне Камітэта ААН па правах чалавека", - дадаў праваабаронца.


Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства