viasna on patreon

Мінгарсуд разгледзіць апеляцыю Комара і Емяльянава. Што не так са справай палітвязняў? Фота

2020 2020-03-26T11:06:00+0300 2020-05-01T12:57:34+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/emelianau-00.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У пятніцу, 27 сакавіка, у 10 гадзін у Мінскім гарадскім судзе прызначаны разгляд апеляцыйных скаргаў актывістаў анархісцкага руху Мікіты Емяльянава і Івана Комара. Не так даўно яны былі пераведзеныя з мінскага СІЗА-1 у жодзінскую турму. palitviazni.info паведамляе, што акрамя гэтага Мікіта Емяльянаў змешчаны ў штрафны ізалятар, але невядома з якой прычыны.

Іван Комар і Мікіта Емельянаў у судзе. Фота:
Іван Комар і Мікіта Емяльянаў у судзе. Фота: "Наша ніва".

Нагадаем, суд Савецкага раёна Мінска 12 лютага 2020 года асудзіў 19-гадовых анархістаў Мікіту Емяльянава і Івана Комара на сем гадоў пазбаўлення волі кожнага ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Яны былі асуджаныя за дзве акцыі: Мікіта Емяльянаў кінуў лямпачку з чырвонай фарбай у будынак Мінгарсуда, дзе ў той дзень мусіў пачацца суд на Дзмітрыем Паліенкам. А пазней двойчы кідаў «кактэйль Молатава» ў дзверы ізалятара на вуліцы Валадарскага ў Мінску. Іван Комар ў гэты момант быў у суседнім скверы.

Абодвух прызналі вінаватымі па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: артыкул 341частка 1 артыкула 14, частка 2 артыкула 218частка 2 артыкула 295-3. Свой учынак Мікіта Емяльянаў патлумачыў тым, што ён выступае супраць пераследу палітычных зняволеных.

Беларуская праваабарончая супольнасць прызнала Мікіту Емяльянава і Івана Комара палітычнымі зняволенымі і выступіла з патрабаваннем неадкладнага перагляду іх прысудаў. Праваабаронцы лічаць, што анархістаў непрапарцыйна пакаралі ў сувязі з іх поглядамі і перакананнямі. Юрысты "Вясны" прааналізавалі прысуд Івана Комара і Мікіты Емяльянава і прыйшлі да высновы, што цяжкасць пакарання для абодвух прадыктаваная выключна іх прыналежнасцю да анархічнай супольнасці, што з'яўляецца сведчаннем наяўнасці палітычнага матыву ўлады ў іх крымінальным пераследзе.

На падставе прававога абгрунтавання пазіцыі "Вясны" па прысуду палітвязняў, распавядаем, што не так са справай Івана Комара і Мікіты Емяльянава.

1) Расследванне справы адбывалася з парушэннем іх правоў.

Праваабаронцы «Вясны» адзначаюць, што ўтрыманне абвінавачаных у ізалятары часовага ўтрымання і ў следчым ізалятары суправаджалася парушэннем іх грамадзянскіх і працэсуальных правоў. Напрыклад, падчас расследавання з удзелам Мікіты Емяльянава супрацоўнік МУС у адсутнасць следчага правёў допыт — без пратаколу, без адваката, без тлумачэння правоў. Емяльянаў меркаваў, што гэта проста прыватная гутарка, але яна была запісаная на аўдыяносьбітах і фігуравала ў справе як доказ віны абвінавачаных.

Па словах Івана Комара, некаторыя яго допыты таксама праходзілі без адваката.

2) Следства адбывалася пад ціскам на Івана Комара.

vanya.jpg
Іван Комар. Фота: ПЦ "Вясна"

У судзе Іван Комар заяўляў пра ціск з боку міліцыі, фактычна аб катаваннях. Па яго словах, перад кожным допытам яго заводзілі ў кабінет з супрацоўнікамі ГУБАЗіК, дзе яму пагражалі збіццём, доўгім тэрмінам зняволення, праблемамі ў родных і блізкіх.

Таксама Іван Комар паведаміў, што падчас следства яму пагражалі пераводам у камеру да зняволеных з "нізкім статусам". Праваабаронцы расцэньваюць гэта як рэальную пагрозу.

"Для вязня гэта азначае два выйсця: ці ён пачне наносіць сабе пашкоджанні, парушаць правілы і буяніць у камеры, патрабуючы вывесці яго адтуль, аж да задавальнення такіх патрабаванняў, ці ён на ўвесь астатні тэрмін пазбаўлення волі сам атрымлівае нізкі статус. Чалавек з «нізкім статусам» не мае ніякіх правоў у камеры, абавязаны выконваць самыя брудныя працы, мець шмат абавязкаў і табу (павінен займаць пэўнае месца ў камеры, паведамляць аб сваім нізкім статусе, такім зняволеным нельга сядзець са звычайнымі заключанымі побач, разам з імі прымаць ежу, дакранацца да іх, іх рэчаў, самому даваць камусьці рэчы). Таксама ў такім выпадку падвышаецца небяспека беспакарана падвергнуцца гвалту", — тлумачаць юрысты "Вясны".

Па словах Івана Комара, ён вымушаны быў напісаць яўку з павіннай з-за ціску ад сукамернікаў. У першыя гадзіны затрымання яго пасадзілі ў камеру з чалавекам узростам за сорак гадоў, які ўдарыў яго па твары 10 разоў, зняў з сябе футболку і пагражаў згвалтаваннем. Гэты чалавек патрабаваў напісання яўкі з павіннай. У гэты ж вечар Комар напісаў два дакументы ў прысутнасці супрацоўнікаў ГУБАЗіК.

Праваабаронцы адзначаюць, што на практыцы супрацоўнікі міліцыі нярэдка выкарыстоўваюць іншых зняволеных для аказання ціску на абвінавачаных з мэтай дамагчыся патрэбных паказанняў. Так, прысуджаны да пакарання смерцю Сямён Беражны, выступаючы Вярхоўным Судзе ў 2017 годзе, заявіў аб тым, што адзін са зняволеных дамагаўся ад яго з ужываннем фізічнага гвалту самаагавору і абгавору іншых фігурантаў справы. Таму праваабаронцы мяркуюць, што і ў выпадку Івана Комара гэта цалкам рэальная сітуацыя.

Пяць фактаў пра новых палітвязняў Беларусі

"Вясна" сабрала пяць цікавых фактаў па кейсу Мікіты Емяльянава і Івана Комара: пра суд, палітычны складнік і іншыя.

3) Належнага расследавання заявы Івана Комара аб катаваннях праведзена не было.

Падчас папярэдняга расследавання справы Іван Комар напісаў заяву аб катаваннях. Маскоўскі раённы аддзел Следчага камітэта Мінска правёў праверку, але парушэнняў правоў не выявіў.

Праваабаронцы і міжнародныя эксперты крытыкуюць метады рэагавання на паведамленні аб катаваннях, якія існуюць у Беларусі. Праверка праводзіцца следчым без прымянення ўсіх магчымасцяў гэтага органа расследавання. Таму юрысты «Вясны» ўпэўнены, што ў дадзеным выпадку належнага расследавання заявы аб катаваннях не праведзена. Такія метады няпоўнага расследавання заяваў пра катаванні ў Беларусі крытыкаваў таксама Камітэт супраць катаванняў ААН у 2018 годзе.

Акрамя гэтага, вынікі праверкі да матэрыялаў крымінальнай справы не былі далучаныя і судом не даследаваныя. Суд таксама не прыпыніў вытворчасць па справе на час расследавання заявы аб катаваннях і не рабіў намаганняў арганізаваць праверку заявы Комара пра прымус да дачы паказанняў і аб катаваннях.

4) Разгляд справы быў праведзены ў парушэнне прынцыпаў справядлівага суда.

Праваабаронцы адзначаюць, што ўтрыманнем абвінавачаных у клетцы падчас судовага разгляду была парушаная прэзумпцыя невінаватасці. У памяшканні суда ў дні пасяджэнняў па справе без аб'ектыўнай неабходнасці былі прыняты дадатковыя меры кантролю, якія стваралі абстаноўку страху.

Падчас разгляду справы ў судзе Савецкага раёна дзейнічалі ўзмоцненыя меры бяспекі. Прысутным, каб патрапіць у судовую залю, трэба было прайсці асабісты дагляд і дзве рамкі металадэтэктараў: на ўваходзе ў будынак і непасрэдна перад залай. У першы дзень суда каля будынку суда дзяжурыў аўтазак, міліцэйскі мікрааўтобус і нарад АМАПа. У самім судзе было шмат міліцыянтаў у цывільным, якія вялі аператыўныя відэаздымкі. Міліцыянты, што канваіравалі анархістаў, былі апранутыя ў бранекамізэлькі.

Гэта дае падставы заяўляць пра парушэнне прынцыпаў справядлівага суда.

5) Высновы суда аб здзяйсненні злачынстваў групай асобаў па папярэдняй змове — беспадстаўныя

Юрысты «Вясны» адзначылі, што ў прысудзе не абгрунтаваныя высновы суда аб сумесным здзяйсненні Мікітам Емяльянавым і Іванам Комарам супрацьпраўных дзеянняў.

Так, Іван Комар адмовіў сваю дасведчанасць аб планах Емяльянава атакаваць запальнай сумессю СІЗА.

"Але нават выснову суда аб тым, што Комар быў дасведчаны аб планах Емяльянава здзейсніць супрацьпраўныя дзеянні і па яго просьбе набываў фарбу, лямпачкі і растваральнік, а таксама ажыццяўляў відэаздымкі не сведчыць аб здзяйсненні злачынства групай асоб па папярэдняй змове", — адзначаецца ў прававой пазіцыі "Вясны". 

Як адзначаюць праваабаронцы, з улікам пэўна ўстаноўленых прысудам абставінаў — вырабу запальнай сумесі і яе перамяшчэння, кіданні лямпачак з фарбай і бутэлек з запальнай сумессю Емяльянавым, Комар можа быць асуджаны толькі за дапамогу ў форме прадастаўлення прыладаў або сродкаў здзяйснення злачынстваў пры ўмове належнага абгрунтавання гэтай кваліфікацыі ў прысудзе.

6) Пакаранне Івану Комару і Мікіту Емяльянаву з'яўляецца празмерна строгім.

Мікіта Емельянаў. Фота: svaboda.org

Суддзя суда Савецкага раёна Мінска Аляксандр Якунчыхін пакараў Мікіту Емяльянава і Івана Комара сямю гадамі пазбаўлення волі кожнага ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Юрысты «Вясны» прыйшлі да высновы, што гэтае пакаранне з'яўляецца празмерным.

«Маладыя людзі, упершыню парушыўшыя закон, якія маглі быць пакараныя і выпраўленыя без пазбаўлення волі, пакараныя найбольш строгім з прадугледжаных санкцыяй артыкула відам пакарання, тэрмінам які бліжэй да максімальнага», — адзначаюць праваабаронцы.

Івану Комару пакаранне прызначанае без уліку яго ролі ў здзяйсненні супрацьпраўных дзеянняў. Гэтак жа і ў сітуацыі з Мікітай Емельянавым, які сам выканаў усе дзеянні. 

«Такое пакаранне з'яўляецца празмерна строгім і парушае прынцыпы прызначэння крымінальнага пакарання. Пры прызначэнні пакарання суд павінен зыходзіць з прынцыпу індывідуалізацыі пакарання, то бок улічваць характар ​​і ступень грамадскай небяспекі ўчыненага злачынства, матывы і мэты зробленага, асобу вінаватага, характар ​​нанесенай шкоды, памер нанесенай шкоды і іншыя абставіны. Пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі можа быць прызначана толькі пры ўмове, што мэты крымінальнай адказнасці не могуць быць дасягнуты ўжываннем больш мяккага пакарання, прадугледжанага адпаведным артыкулам Крымінальга кодэкса», — дадаюць юрысты "Вясны". 

Вызначэнне паняцця "палітычны вязень"

Мікіта Емяльянаў і Іван Комар — актывісты анархісцкага руху, асуджаныя 12.02.2020 года судом Савецкага раёна г. Мінска да 7 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Заява аб прызнанні палітвязнем

Храналогія пераследу

Прававое абгрунтаванне пазіцыі "Вясны" па крымінальнай справе Мікіты Емяльянава і Івана Комара

Адрас: Турма №8, вул. Савецкая 22А, 222160, г. Жодзіна.

"Хачу напісаць вязню!" Распавядаем, як гэта зрабіць

Мы падрыхтавалі інструкцыю, для тых, хто хоча напісаць у месцы зняволення, але не ведае, як гэта зрабіць.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства