Суд прызначыў вялікія тэрміны зняволення актывістам анархісцкага руху Емяльянаву і Комару Фота
У судзе Савецкага раёна Мінска 12 лютага абвешчаны прысуд па справе актывістаў анархісцкага руху Мікіты Емяльянава і Івана Комара.
Суд пастанавіў пакараць Емяльянава – сямю гадамі пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму,
Комара – таксама сямю гадамі пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Пакаранне прызначанае па частцы 2 артыкула 14 КК - па 5 год, частцы 2 артыкула 218 КК - 6 гадоў, артыкуле 295-3 КК - 5 гадоў. У сукупнасці - 7 год пазбаўлення волі.
Па артыкуле 341 Крымінальнага кодэксу - прызначыць арышт.
Емельянаў і Комар былі затрыманыя 20 кастрычніка 2019 года, адразу пасля інцыдэнту са спробаў падпалу дзвярэй ў СІЗА №1.
Судовы працэс над актывістамі анархісцкага руху Мікітам Емяльянавым і Іванам Комарам пачаўся ў судзе Савецкага раёна Мінска 6 лютага. Суддзя – Аляксандр Якунчыхін.
Сутнасць абвінавачвання
На судзе стала вядома, што 19-гадовых юнакоў вінавацяць адразу па некалькі артыкулах крымінальнага кодэксу РБ.
Эпізод 1. Паводле следства, напрыканцы верасня 2019 года Емельянаў і Комар закідалі лямпачкамі, запоўненымі фарбай, будынак Мінскага гарадскога суда, дзе ў гэтыя дні праходзіў суд над анархістам Дзмітрыем Паліенкам. Учынак быў расцэнены як псаванне маёмасці (арт. 341 Крымінальнага кодэксу - апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці).
Дарэчы, страты ад забруджвання «лямпачкай з чырвонай фарбай» сцяны Мінгарсуда, якія былі ацэнены ў 143 рублі, падсудныя кампенсавалі, таму пазову суд не выстаўляў.
Эпізод 2. Як вынікае з абвінавачвання, у кастрычніку Емельянаў і Комар вырабілі “гаручы кактэйль”, перавозілі ўсе кампаненты кактэйлю, а ў першай палове кастрычніка прыехалі да СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Мінску і спрабавалі падпаліць уваходныя дверы. Аднак сумесь не ўспыхнула.
Эпізод 3. Затым, прыкладна праз тыдзень, яны паўтарылі спробу. У выніку падпалу памяшканню быў нанесены ўрон на суму 1 рубель 48 капеек.
Гэтыя дзеянні падпадаюць пад частку 3 артыкула 295 Крымінальнага кодэксу (Незаконныя дзеянні з прадметамі, дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў у складзе групы). Апроч гэтага, следства палічыла што меў месца замах на наўмыснае пашкоджанне гісторыка-культурнай каштоўнасці, якой з’яўляецца Пішчалаўскі замак, дзе месціцца СІЗА №1 (артыкул 344 Крымінальнага кодэксу).
У судзе Мікіта Емяльянаў прызнаў віну часткова, Іван Комар цалкам не прызнаў віны ў нападзе на будынкі, хоць і не адмаўляў, што здымаў на відэа напад Емяльянава на «Валадарку».
Раней ён заявіў, што першапачатковыя паказанні даваў пад ціскам супрацоўнікаў ГУБАЗіК.
Ці быў ціск на абвінавачаных?
Паводле слоў падсуднага Івана Комара, ад яго патрабавалі прызнацца ў нападах на ізалятар на вуліцы Валадарскага і на Мінгарсуд, збівалі ў камеры і нават пагражалі згвалтаваннем.
«21 кастрычніка мяне змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання, у камеру, якую ўсе завуць „прэс-хатай“ - дзе выбіваюць паказанні", прызнаўся Комар на судзе. Нібыта яго збіваў сукамернік і, пагражаючы згвалтаваннем, прымусіў напісаць яўку з павіннай.
Пазіцыя абароны
Адвакаты палічылі што абвінавачванні ў адносінах да Івана Комара ў судзе даказаныя не былі.
Па інфармацыі “Нашай Нівы”, адвакат Людміла Казак заявіла суду, што Іван Комар ня кідаў лямпачкі з фарбай у будынак Мінгарсуда і не ведаў, што будзе рабіць Емяльянаў пры нападзе на будынак СІЗА.
Ня лічыць абаронца даказаным удзелам у нападзе на СІЗА тое, што Комар на просьбу Мікіты Емяльянава зняў на відэа падзеі на вуліцы Валадарскага каля ізалятара. Тое, што будынак СІЗА - гісторыка-культурная каштоўнасць, Комару не было вядома, і таму намераў яго пашкодзіць ў яго не было.
Адвакат Дзмітрый Лепрэтар лічыць пашкоджанне будынкаў Мінгарсуда, ва ўдзеле ў якім вінавацяць яго падабароннага Мікіту Емяльянава, а таксама Івана Комара, нязначным злачынствам. Па словах абаронцы, шкода ў 142 рублі, нанесеная будынку суду Емяльянавым, ужо кампенсавана, таму гэта злачынства варта кваліфікаваць як нязначнае. Віну Емяльянава і Комара ва ўдзеле ў пашкоджанні будынка СІЗА адвакат лічыць недаказанай, так як, на думку абаронцы, не былі даследаваныя рэшткі прылады, якое выкарыстаў Емяльянаў для атакі. Таксама адвакат лічыць, што Емяльянаў і Комар не ведалі пра тое, што адміністрацыйны корпус СІЗА № 1 - гісторыка-культурная каштоўнасць. Да таго ж гэтая каштоўнасць, на думку абаронцы, не была пашкоджана істотна: страты складаюць усяго 1 рубель 48 капеек.
Дзяржаўны абвінаваўца Максім Сеніў 11 лютага папрасіў суд пакараць актывістаў 7 гадамі пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Суддзя Аляксандр Якунчыхін 12 лютага амаль дзве гадзіны зачытвае прысуд. Прысутныя стаміліся стаяць і пачалі сядаць на лавы.
"Паважаныя, устаньце, калі ласка!" - загадаў суддзя.
Артыкул 344 (частка 2) судом перакваліфікаваны ў частку 2 арт. 218 КК РБ (Наўмысныя знішчэнне або пашкоджанне маёмасці).
Суд таксама палічыў неабгрунтаванам сцвярджэнне аб тым, што Комар даваў паказанні пад ціскам.
Змякчальнымі абставінамі суд лічыць дабраахвотнае пагашэнне прычыненага ўрону, абцяжарваючымі - групу асобаў.
Працэсуальныя выдаткі і дзяржмыта па справе складаюць 330 рублёў 36 капеек.
Тэрмін зняволення адлічваць з 12 лютага, улічыўшы час, праведзены пад следствам.