viasna on patreon

Спрасціць працу журналістаў у судах пакуль не атрымоўваецца: Вярхоўны суд не задаволіў скаргу БАЖ

2020 2020-03-17T19:46:32+0300 2020-03-18T08:20:07+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/viarhouny_sud_novy.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Судовая калегія па эканамічных справах Вярхоўнага cуда  пакінула ў сіле адмову ў касацыйнай скарзе Беларускай асацыяцыі журналістаў, мэта якой — спрасціць працу журналістаў у судах.

viarhouny_sud_novy.jpg
Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь. Фота: spring96.org

Раней БАЖ звяртаўся ў Мінскі гарадскі суд з прапановай унесці змены ў Інструкцыю аб парадку наведвання будынкаў судоў, бо яна перашкаджала журналістам праносіць у суд прафесійную тэхніку (відэакамеры, фотаапараты) і, адпаведна, выконваць свае прафесійныя абавязкі. Мінскі гарадскі суд адмовіў, і тады БАЖ звярнуўся ў Эканамічны суд горада Мінска, каб аспрэчыць гэты “ненарматыўны прававы акт”. Але Эканамічны суд таксама не захацеў разглядаць скаргу Беларускай асацыяцыі журналістаў, таму яна падала касацыйную скаргу ў Вярхоўны Суд.

Таму 17 сакавіка 2020 года ў Вярхоўным судзе адбылося пасяджэнне, дзе разглядалася, ці варта пакінуць у сіле адмову Эканамічнага суда г. Мінска ў скарзе БАЖ. Калі б скаргу Беларускай асацыяцыі журналістаў  задаволілі б, то тады яна б змагла распачаць прапановы па змене  Інструкцыі, якая перашкаджае журналістам працаваць у судах. Але гэтага не адбылося   

 “Па сутнасці, справа застаецца не разгледжанай. І ніхто ў рэшце рэшт не сказаў, што гэта добрая Інструкцыя, і што журналісты павінны працаваць па ёй, і што добра, калі іх не пускаюць у суды”, — адзначыў пасля пасяджэння намеснік старшыні БАЖ Алег Агееў, які прадстаўляў інтарэсы арганізацыі ў пасяджэнні.

ageev_viarhouny_sud.jpg
Алег Агееў падчас судовага пасяджэння ў Вярхоўным судзе. Фота: spring96.org

Эканамічны суд г. Мінска vs Беларуская асацыяцыя журналістаў: галоўныя аргументы

Эканамічны суд г. Мінска раней адмовіў у задавальненні скаргі БАЖ па некалькіх прычынах.

Па-першае, Эканамічны суд абапіраўся на тое, што Інструкцыя, паводле якой журналістам нібы нельга праносіць тэхніку, з’яўляецца лакальным актам — і таму яе нельга аспрэчваць. Але пазіцыя БАЖ палягае ў тым, што нават па тэксце Інструкцыі бачна, што яна датычыцца не толькі супрацоўнікаў суда, а — кожнага грамадзяніна, які хоча трапіць у будынак. Таму інструкцыя  не можа лічыцца лакальным нарматыўным актам.

“Існуе практыка, калі суды агульнай юрысдыкцыі ўжо колькі год адмаўляюцца разглядаць усе звароты да суда, калі там ідзе размова аб грамадзянскіх і палітычных правах [адным з якіх з’яўляецца права на доступ да інфармацыі — заўв.]. Суд выкарыстоўвае ўсё, што можна, толькі каб адмовіць ва ўзбуджэнні справы. І мы бачым, што, нажаль, гэтая практыка, якая датычылася судоў агульнай юрысдыкцыі, распаўсюдзілася ўжо і на эканамічныя суды: не даваць аніякіх адказаў”, — адзначыў Алег Агееў.

Па-другое, Эканамічны суд не хацеў разглядаць скаргу Беларускай асацыяцыі журналістаў на падставе таго, што тая з’яўляецца грамадскай арганізацыяй (і таму яе справы не могуць быць падведамасныя Эканамічнаму суду). Але БАЖ, абапіраючыся на Дзяржаўны камітэт па стандартызацыі, мае супрацьлеглую пазіцыю. Акрамя таго, БАЖ спадзяецца, што ў Эканамічны суд “пачнуць звяртацца рэдакцыі і журналісты, і  таксама будуць уздымаць пытанне правамернасці Інструкцыі, выкарыстоўваючы ўжо свой статус [зарэгістраваных СМІ, а не грамадскай арганізацыі – заўв.]”.

Судовая калегія Вярхоўнага суда прыслухалася да аргументаў Эканамічнага суда. Таму ўзбудзіць справу наконт правамернасці Інструкцыі, якая перашкаджае журналістам у судах выконваць свае прафесійныя абавязкі, у БАЖ пакуль што няма магчымасці.

БАЖ плануе падаць скаргу на імя старшыні Вярхоўнага Суда, што з’яўляецца апошнім узроўнем магчымага абскарджвання на нацыянальным узроўні.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства