viasna on patreon

Cкаргу кіраўніка БНФ Рыгора Кастусёва на Беларусь разгледзіць ААН

2020 2020-03-02T11:34:19+0300 2020-03-02T11:36:08+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kastusiou-bukhel.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Камітэт па правах чалавека ААН зарэгістраваў скаргу кіраўніка БНФ Рыгора Кастусёва на парушэнне беларускімі ўладамі яго права на свабоду мірных сходаў. Пра гэта паведаміў mspring.online праваабаронца «Магілёўскай вясны» Барыс Бухель, які і падрыхтаваў дакументы на адрас КПЧ.

kastusiou-bukhel.jpg
Кіраўнік БНФ Рыгор Кастусёў і праваабаронца "Вясны" Барыс Бухель. Фота: mspring.online

Старшыня партыі БНФ Рыгор Кастусёў пры дапамозе праваабаронцы Барыса Бухеля накіраваў скаргу ў Камітэт па правах чалавека ААН яшчэ 24 верасня 2018 года. У сярэдзіне лютага 2020 года спецыяльныя дакладчыкі КПЧ ААН Крыстаф Хэйнс і Юваль Шані паведамілі, што скарга была зарэгістравана 7 студзеня пад нумарам 3690/2019. Копія скаргі была таксама накіраваная прадстаўнікам беларускай улады – у іх ёсць паўгода, каб на яе адказаць.

Кастусёў лічыць, што дзяржава двойчы за апошнія два гады паквапілася на ягоную свабоду ўдзелу ў мірных сходах.

У 2016 годзе за мітынг на Дзень Волі ў Мінску суд Савецкага раёна аштрафаваў яго на 20 базавых велічыняў (420 рублёў) штрафу. У ліпені 2018 года суд Партызанскага раёна аштрафаваў палітыка на 35 базавых велічыняў (735 рублёў) за ўдзел у акцыі пратэсту супраць дзейнасці забаўляльнага комплексу «Поедем поедим» побач з месцам пахавання ахвяр палітычных рэпрэсій у Курапатах. Палітык лічыць, што ў абодвух выпадках было парушана яго права на свабоду мірных сходаў.

Праваабаронца Барыс Бухель адзначыў, што на ўзроўні беларускай дзяржавы Кастусёву сваю правату даказаць не ўдалося, бо ўлады не выконваюць сваіх міжнародных абавязацельстваў. Затое на ўзроўні Камітэта па правах чалавека ААН, упэўнены праваабаронца, атрымаецца дамагчыся поспеху.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства