Чаму ў калоніі мамам не даюць дэкрэтны адпачынак? Разбіраюцца магілёўскія праваабаронцы
Праваабаронцы «Магілёўскай вясны» Аляксей Колчын, Барыс Бухель, Саша Райкан і Аляксандр Буракоў звярнуліся ў Камітэт дзяржкантролю і Міністэрства працы і сацыяльнай абароны са скаргай на адміністрацыю жаночай папраўчай калоніі №4 г. Гомеля.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, у студзені 2019 года ў папраўчай калоніі №4 Упраўлення ДВП МУС па Гомельскай вобласці быў адкрыты інтэрнат для сумеснага пражывання асуджаных жанчын з дзецьмі ва ўзросце да трох гадоў.
Меркавалася, што ў новым жылым корпусе асуджаныя жанчыны, якія маюць грудных дзяцей, змогуць жыць у камфортных умовах: у кожнай маці з дзіцём павінны былі з’явіцца асобная спальня з мэбляй, уключаючы дзіцячы ложачак і пеленальны столік; на паверсе пост медсёстры, санвузел, гульнявы пакой.
Аднак, як стала вядома праваабаронцам ад жанчын, што вызваліліся з калоніі, мамы з дзецьмі ва ўзросце да трох у папраўчай установе былі пазбаўлены права на водпуск па догляду за дзіцем, нягледзячы на тое, што ён ім гарантаваны Працоўным кодэксам (арт.185).
«Вядома, што нараджаць асуджаныя жанчыны ездзяць пад канвоем у гомельскі гарадскі раддом. Жанчынам прадастаўляецца водпуск па цяжарнасці і родах, права на які замацаваны ў артыкуле 184 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Але пасля гэтага нованароджанага аддаюць у Дом дзіцяці ПК №4, размешчаны тут жа, на тэрыторыі калоніі, а маці прымушаюць выходзіць на працу ў прамзону калоніі», – пазначылі праваабаронцы ў скарзе ў Дэпартамент дзяржаўнай інспекцыі працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.
Іх таксама абурыў той факт, што мамы ў калёніі не атрымліваюць належных ім законам сацыяльных выплат.
Сябры “Вясны” запатрабавалі ад Мінпрацы разабрацца, чаму вязьні жаночай калоніі пазбаўленыя дэкрэтнага адпачынку і адпаведных грошай, а таксама забяспечыць для мам выкананне працоўнага заканадаўства.
Акрамя таго, Колчын, Бухель, Райкан і Буракоў накіравалі яшчэ адну скаргу ў Камітэт дзяржаўнага кантролю – ад КДК яны запатрабавалі правесці праверку, чаму інтэрнат для мам з дзецьмі, які з помпай адкрываў экс-міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч, амаль не выкарыстоўваецца:
«Частка будынка выкарыстоўваецца толькі для адбыцця пакарання непаўналетнімі асуджанымі дзяўчатамі, колькасць якіх не перавышае 10 чалавек, а таксама пад філіял сярэдняй школы. Пры гэтым былыя навучэнцы філіяла школы скардзіліся на пастаянны холад у памяшканнях. Такім чынам, сродкі, укладзеныя ў рэканструкцыю будынка інтэрната для сумеснага пражывання асуджаных жанчын з дзецьмі ва ўзросце да трох гадоў змарнаваныя, бо не далі чаканага эфекту», – лічаць праваабаронцы.