Рэчыца: мужчыну асудзілі за непадпарадкаванне міліцыянтам, ён кажа, што не супраціўляўся
Падзеі адбываліся ў снежні на каталіцкія Каляды. Аднаго з удзельнікаў жартоўнай тузаніны затрымалі міліцыянты і ўжо на наступны дзень суд Рэчыцкага раёна прысудзіў яму адны суткі арышту і штраф у 2 базавыя вялічыні.
25 снежня кампанія з шасці чалавек у адным з прыватных дамоў у Рэчыцы святкавала каталіцкія Каляды. Паводле словаў Андрэя Карбалевіча, які распавёў сваю сітуацыю Палескай вясне, у адзін з момантаў яны выйшлі з двара на вуліцу, каб дачакацца таксоўку і паехаць па хатах. У гэты час некаторыя хлопцы пачалі жартам тузацца і дужацца. Праз некалькі хвілін да іх пад’ехаў нарад міліцыі. Як потым высветлілася, нехта з суседзяў палічыў, што на вуліцы адбываецца бойка і паведаміў пра гэта ў міліцыю.
Кампанія забегла назад у двор. За ёй увайшлі і два супрацоўнікі дэпартаменту аховы. Але гаспардар падворку папрасіў іх пакінуць прыватную тэрыторыю, бо ў міліцыянтаў не было належна аформленага дазволу на ўваход у жытло. Тым не менш, камеры відэаназірання, усталяваныя на доме, зафіксавалі, што міліцыянты засталіся каля дома і прадпрымалі спробы затрымаць кагосьці з кампаніі, выклікаўшы падмогу.
Андрэй Карбалевіч пакінуў падворак і пайшоў на прыпынак грамадскага транспарту на вуліцы Светлагорская шаша, на рагу якой з 2-ім завулкам Карла Маркса і месцілася домаўладанне. На прыпынку ён сеў на лаўку і пачаў чакаць аўтобус. Адзін з першапачаткова прыбыўшых міліцыянтаў выйшаў на Светлагорскую шашу і заўважыў на прыпынку Карбалевіча. У гэты час яшчэ адзін нарад міліцыі, які ехаў на падмогу першаму, выскачыў са сваёй машыны і паспрабаваў дагнаць двух іншых удзельнікаў кампаніі. Гэта ім не ўдалося, але тут міліцыянт з першага нараду паказаў на Карбалевіча, які сядзеў на прыпынку, і міліцыянты падбеглі да яго. Як сцвярджае Карбалевіч, яны паклалі яго тварам на зямлю, сцягнулі куртку, закруцілі яму рукі, узадралі на іх швэдар і майку, і пачалі збіваць гумавымі дручкамі. Потым на рукі начапілі кайданкі і павялі да дома, дзе стаяла першая машына.
Вынікам стала паламаная рабрына і шэраг сінякоў на целе ды гузакоў на галаве. Потым яго падвялі да міліцэйскай машыны і пасля няўдалых спробаў двух нарадаў аховы і двух афіцэраў міліцыі патрапіць у дом, адвезлі для разбіральніцтва і складання пратаколаў. У выніку яго змясцілі ў ізалятар часовага ўтрамання, дзе ён правёў суткі.
26 снежня суддзя Суда Рэчыцкага раёна Станіслаў Іванюценка разгледзеў абвінавачванне Карбалевіча паводле артыкула 17.1 (дробнае хуліганства) і 23.4 (непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы падчас выканання ёю службовых абавязкаў). Паводле першага артыкула яму прысудзілі арышт на адны суткі (якія ён да суда ўжо адбыў), паводле другога – штраф у памеры 2 базавыя вялічыні.
У справе маецца рапарт супрацоўніка дэпартамента аховы малодшага сяржанта міліцыі Ларчанкі, у якім ён сцвярджае, што затрыманы «аказаў непадпарадкаванне свайму затрыманню, уцякаў, спрабаваў схавацца, чапляўся за форменнае абмундзіраванне, упарціўся, аказваў фізічнае супрацьдзеянне свайму затрыманню». У той жа час, камеры відэаназірання, усталяваныя на доме, дзе ўсё адбывалася, зафіксавалі, што малодшы сяржант увесь час знаходзіўся ў завулку каля дома, толькі на некалькі секунд вызірнуўшы з-за рога завулка на шашу, і не мог бачыць, што адбывалася на прыпынку на Светлагорскай шашы, дзе затрымлівалі Карбалевіча.
Пры гэтым іншы міліцыянт - старшы сяржант міліцыі Раманюк, які непасрэдна ўдзельнічаў у затрыманні Карбалевіча, у сваім рапарце апісвае затрыманне зусім інакш. Ён сцвярджае, што Карбалевіч, знаходзячыся на прыпынку грамадскага транспарту, дзе яго затрымалі, быў «у стане алкагольнага ап’янення, выказваўся нецэнзурнай лаянкай, гучна крычаў, чым парушаў грамадскі парадак».
«Калі я не парушаў нічыіх правоў, пацярпелых ад мяне няма, я спакойна сядзеў на прыпынку і чакаў аўтобус, каб дабрацца дадому, а ім трэба было схапіць хоць кагосьці, каб нібы не дарэмна прыехалі, чаму я павінен несці адказнасць?», – гаворыць Андрэй Карбалевіч.
Карбалевіч не пагадзіўся з прысудам і абскардзіў яго ў абласны суд, які рашэнне суда Рэчыцкага раёна адмяніў і выправіў справу на дадатковае расследаванне. Затрыманы сцвярджае, што ён не здзяйсняў тых правапарушэнняў, якія яму інкрымінуюцца.Праваабаронца, кіраўнік Рэчыцкай філіі праваабарончага цэнтру «Вясна» Валер Пуціцкі пракаментаваў сітуацыю:
«Такія паводзіны беларускай міліцыі не здзіўляюць, бо, калі міліцыянты для атрымання прэміяў ці нейкіх бонусаў, прыдумляюць, што нехта быў на нейкай палітычнай акцыі, калі яго там не было, відавочна, што міліцыя адчувае ўседазволенасць. Карбалевіч - не першы, каго збівалі нават у пастарунках, не толькі на вуліцы, на каго фальсіфікуюць доказы. Міліцыя робіць так, як ёй загадвае начальства, каб падагнаць сітуацыю пад патрэбны артыкул. Ніхто не бачыў, што Карбалевіч кагосьці пабіў, ці неяк яшчэ парушыў чыесьці правы ці свабоды, пацярпелых няма. А прэзумпцыю невінаватасці ніхто не адмяняў і перш, чым затрымліваць чалавека, трэба разабрацца ці вінаваты ён, а не зыходзіць з меркавання, што, калі кудысьці выклікалі міліцыю, значыць усе, хто патрапіў “пад раздачу”, – вінаватыя».