У Калінкавічах старшыня выканкама загадаў прымусіць беспрацоўных прыбіраць фермы і могілкі. Чаму гэта незаконна?
Кіраўнік Калінкавіцкага райвыканкама назваў людзей, якія не маюць афіцыйнага месца працы, гультаямі і загадаў прымусіць іх працаваць.
Як паведаміла раённая газета «Калінкавіцкая навіны», на аператыўнай нарадзе ў Калінкавіцкім райвыканкаме ягоны старшыня Сяргей Гвоздзь запатрабаваў ад кіраўнікоў Капліцкага і Ліпаўскага сельсаветаў Генадзя Кавальчука і Любові Бакіноўскай прыцягнуць непрацуючых жыхароў падведамасных тэрыторыяў да працы па навядзенні парадку на фермах і грамадзянскіх могілках.
Падчас нарады старшыні сельсаветаў, якія адначасова з’яўляюцца і старшынямі грамадскіх пунктаў па ахове правапарадку, справаздачыліся аб працы гэтых пунктаў. Сяргей Гвоздзь застаўся незадаволены працай у папярэджанні правапарушэнняў і намаганнямі кіраўнікоў органаў мясцовага кіравання ў гэтым напрамку. Сваё кепскае ўражанне ён звязаў з наяўнасцю ў вёсках дзясяткаў беспрацоўных.
«П’янства і дармаедства квітнеюць, а на фермах працаваць няма каму», – абурыўся Сяргей Гвоздзь.
Як адзначае “Палесская Вясна”, пры гэтым у інфармацыі раённай газеты не называюцца паказчыкі крымінагеннай сітуацыі па гэтых сельсаветах і колькасць правапарушэнняў, якія здзейснілі непрацуючыя.
«Збярыце ўсіх гультаёў , ды прывядзіце хоць адну ферму ў парадак, ці разам з імі навядзіце парадак на грамадзянскіх могілках», – загадаў Сяргей Гвоздзь старшыням сельсаветаў.
Але ці законна такое патрабаванне старшыні райвыканкаму?
Па словах праваабаронцы “Вясны” Валянціна Стэфановіча, магчымы толькі адзіны законны варыянт прыцягнення да працы беспрацоўных жыхароў узгаданых сельсаветаў.
"Калі праз пункты занятасці насельніцтва, напрыклад, будуць прапаноўвацца такія вакансіі, з заключэннем дамовы падраду і з адпаведнай аплатай такой працы, то тады гэта будзе законна. У астатніх выпадках - гэта прымусовая праца і яна незаконная. Мы ў чарговы раз нагадваем, што ніхто не мае права прымусова прыцягваць грамадзян да працы”.
Стэфановіч падкрэслівае, што ў выпадку, калі беспрацоўныя жыхары Калінкавіцкага раёна ўсё ж будуць прыцягнуты да прыборкі могілак і фермы, то гэты выпадак будзе зафіксаваны як чарговы прыклад прымусовай працы ў Беларусі. Такія выпадкі праваабаронцы традыцыйна фіксуюць і крытыкуюць у альтэрнатыўных дакладах у дагаварныя органы Арганізацыі аб’яднаных нацый, у прыватнасці ў Камітэт па сацыяльна-эканамічных і культурных правах і ў Камітэт па правах чалавека. Дарэчы зараз падрыхтавана альтэрнатыўная справаздача ў межах Універсальнага перыядычнага агляду, у якой таксама ёсць раздзел пра выкарыстанне прымусовай працы ў Беларусі.
Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96