viasna on patreon

Адміністрацыйны пераслед у 2019 годзе ў графіках і лічбах (інфаграфіка)

2020 2020-01-16T17:18:00+0300 2020-01-16T10:45:25+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kartinki_pro_sud_1_26034626.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Праваабарончы цэнтр “Вясна” вядзе статыстыку ўжывання артыкулаў Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэнняў, якія выкарыстоўваюцца для палітычна-матываванага пераследу грамадзян. Па меркаванні праваабаронцаў такімі звычайна з’яўляюцца артыкулы 23.34 КаАП (арганізацыя ці ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве), ч. 2 арт. 22.9 КаАП (праца журналістаў без акрэдытацыі), 23.4 КаАП (непадпарадкаванне патрабаванням службовай асобы), 17.11 (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў) і іншыя.

Інфармацыя ў артыкуле прадстаўлена ў адпаведнасці з дадзенымі, якімі валодае ПЦ “Вясна” на 15 студзеня 2020 года.

За 2019 год праваабаронцы зафіксавалі больш за 530 выпадкаў адвольных затрыманняў, складання пратаколаў і іншых інцыдэнтаў (напрыклад, затрыманняў на мяжы і папярэджванняў). Большасць з інцыдэнтаў прйшлася на канец года - лістапад і снежань – тыя месяцы, калі ў Мінску і яшчэ некалькіх гарадах Беларусі праходзілі масавыя акцыі ў межах парламенцкай кампаніі і ў падтрымку незалежнасці краіны. Па апошніх дадзеных праваабаронцаў, колькасць складзеных пратаколаў за ўдзел у снежаньскіх антыінтэграцыйных акцыях наблізілася да 170.

Агульная колькасць судоў па адміністрацыйных справах за 2019 год – 373. 87% судоў скончыліся вынясеннем вялікіх штрафаў і часам суткамі. Агульная сума, якую атрымалі 160 актывістаў за мінулы год, склала больш за 227 000 рублёў (больш за 100 тысяч долараў). Рэкардсменам па колькасці атрыманых штрафаў у 2019 годзе, па падліках праваабаронцаў, стаў лідар “Маладога фронту” Дзяніс Урбановіч. Агульная сума штрафаў, прысуджаных Урбановічу, - 492 базавыя велічыні (12546 рублёў).

Пры гэтым у параўнанні з 2018 годам колькасць штрафаў скарацілася. Па дадзеных праваабаронцаў, у 2019 годзе было вынесена штрафаў па “палітычных” адміністрацыйных артыкулах прыкладна на 1200 базавых велічынь менш, чым гэта было ў 2018 годзе.

Пры гэтым працэнт арыштаў даволі нізкі – усяго 5,1% (у 2018 годзе было 4,2%). 15 чалавек былі асуджаны агулам на 262 сутак арышту. Больш за ўсіх “сутак” атрымаў палітык Павел Севярынец40 сутак агулам па выніках трох судоў (за парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах і за “дробнае хуліганства” -  менавіта так міліцыянты назвалі супраціў "крыжалому" ў Курапатах у красавіку).

Больш за ўсё судоў па палітычна-матываваных артыкулах Адміністрацыйнага кодэксу ў мінулым годзе прайшло ў Мінску і Мінскім раёне (246). На другім месцы па колькасці судоў – Брэст, дзе з 2018 года кожную нядзелю праходзяць акцыі супраць акумулятарнага завода. Там у 2019 годзе, па дадзеных праваабаронцаў, прайшло 65 судоў над 37-ю актывістамі і незалежнымі журналістамі. Гэтыя людзі былі аштрафаваны на агульную суму больш за 47000 рублёў. Большая частка гэтых штрафаў прыходзіцца на экалагічных актывістаў. Таксама Брэст заняў першае месца сярод гарадоў па колькасці судоў над незалежнымі журналістамі: трох журналістаў судзілі 18 разоў з вынікам 20400 рублёў штрафаў.

Па дадзеных ПЦ “Вясна”, у 2019 годзе па артыкуле 23.34 КаАП (арганізацыя ці ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве) вынесена каля 200 пастаноў у дачыненні да 121 чалавека. З іх прызначаны арышт у 15 выпадках. Агульная сума штрафаў па артыкуле 23.34 КаАП перавысіла 140000 рублёў. Больш за ўсё рэпрэсіям па дадзеным артыкуле падвергліся ўдзельнікі акцый “Сустрэча вольных людзей” (15 і 16 лістапада) і акцый супраць інтэграцыі з Расіяй 7 і 8 снежня.

Акрамя таго, за ажыццяўленне права на мірныя сходы і выказванне меркаванняў на вулічных акцыях па артыкуле 23.4 КаАП (непадпарадкаванне законнаму патрабаванню службовай асобы) да адказнасці прыцягнуты 3 чалавекі, па артыкуле 17.1 (дробнае хуліганства) да адказнасці прыцягнуты 16 чалавек (25 выпадкаў), вялікая частка з якіх кваліфікавана адначасова і па арт. 23.4 КаАП). Таксама варта адзначыць, што 11 чалавек (44 выпадкі) аштрафаваныя за парушэнне правілаў дарожнага руху (падчас варты ў Курапатах).

Такім чынам, за ажыццяўленне права на мірныя сходы, свабоду меркаванняў і іх выказванне на вулічных акцыях падвергнуты адміністрацыйным спагнаннях не менш за 151 чалавек.

У 2019 годзе захаваліся ранейшыя практыкі рэпрэсій у адносінах да журналістаў незалежных СМІ. Захоўваецца ціск на прадстаўнікоў замежных СМІ, якія не маюць акрэдытацыі ў Беларусі, а таксама незалежных журналістаў, чые матэрыялы выкарыстоўваюцца такімі СМІ (“Белсат”, “Радыё Рацыя”). За 2019 год зафіксаваны 45 фактаў прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці 20 журналістаў і блогераў па ч. 2 арт. 22.9; агульная сума штрафаў за год склала больш за 43 000 руб. Больш за ўсё штрафаў па гэтым артыкуле атрымалі брэсцкія журналісты “Белсату” Мілана Харытонава (330 б.в. ці 8415 рублёў) і Алесь Ляўчук (370 б.в. ці 9435 рублёў). Варта адзначыць, што летам суды над журналістамі амаль спыніліся, аднак восенню пачаліся ізноў. 

Практыка вынясення вялікіх штрафаў за парушэнне артыкулаў 17.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў) і 17.10 КаАП (распаўсюд нацысцкай сімволікі), распачатая ў 2018 годзе, працягнулася і ў 2019.  “Вясна” зафіксавала 13 выпадкаў прыцягнення да адказнасці па арт. 17.11, і 2 выпадкі па арт. 17.10. Больш за ўсё судоў па гэтых артыкулах прайшло над актывістам і журналістам Мікалаем Дзядком. Агулам ён атрымаў 180 базавых велічынь штрафу (4590 рублёў).  

Па меркаванні праваабаронцаў, у дадзеных выпадках гэтыя артыкулы прымяняліся з мэтай падаўлення іншадумства і распаўсюджвання альтэрнатыўных палітычных поглядаў.

З іншымі высновамі праваабаронцаў за мінулы год можна азнаёміцца ў справаздачы "Сітуацыя з правамі чалавека ў 2019 годзе".

Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі ў 2019 годзе

Нягледзячы на ​​нязначнае зніжэнне агульнага ўзроўню рэпрэсій у краіне ў параўнанні з папярэднім годам, у Беларусі на працягу 2019 года не адбылося істотных сістэмных зменаў у галіне грамадзянскіх і палітычных правоў,


  Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства