viasna on patreon

Як сядзелі “на сутках” актывісты, якіх арыштавалі за акцыі ў абарону незалежнасці Беларусі Відэа

2020 2020-01-13T18:07:51+0300 2020-01-14T11:36:51+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/lancug_pamyaci_768.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

За ўдзел у снежаньcкіх антыінтэграцыйных акцыях адміністрацыйнымі арыштамі па арт.23.34 КаАП пакаралі адзіннаццаць чалавек. Гэтыя людзі публічна выказвалі сваю грамадзянскую пазіцыю за захаванне суверэнітэту Беларусі і рэалізоўвалі права на мірны сход.

Усе яны, акрамя гомельскага блогера Сяргея Ціханоўскага і аршанскага блогера Дзмітрыя Казлова, адбывалі пакаранне ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна ў Мінску. Па словах Паўла Севярынца стаўленне да “палітычных” там “нармальнае і нават яго можна назваць карэктным, калі б не подласці, якія часам робяць”. Гаворка ідзе пра антысанітарныя ўмовы.

Асуджаны на 15 сутак Яўген Афнагель распавядаў palitviazni.info, што ўсіх “палітычных” трымаюць паасобку. Адметнасцю таксама з’яўляецца тое, што ў многіх асуджаных у снежні па арт. 23.34 КаАП адбіралі пісьмовыя прыналежнасці на падставе таго, што асадка нібыта з’яўляецца «колюча-рэжучым прадметам".

У якіх умовах адбывалі адміністрацыйныя арышты актывісты, якіх асудзілі за ўдзел у мірных акцыях пратэсту супраць інтэграцыі з Расіяй? Вось гісторыі некаторых з іх.


Актывіст Legalize Belarus і "Моладзевага блоку" Стас Шашок

Стас быў затрыманы ўвечары 26 снежня ў пад'ездзе ўласнага дома. Пасля ночы ў ЦІПе, суд Маскоўскага раёна г. Мінска асудзіў яго за ўдзел у акцыі 7 снежня на 15 сутак арышту.

Сустрэць Стаса пасля сутак на Акрэсціна прыйшло больш за 50 чалавек. Але проста так яго не выпусцілі з ЦІП. На вачах сяброў, яго вывезлі на машыне ў невядомым накірунку. Супрацоўнікі міліцыі вазілі Стаса ў машыне па гораду каля гадзіны, вывозілі нават за МКАД, пры гэтым пастаянна адчытваючыся камусьці па тэлефоне, а потым высадзілі каля Першамайскага РУУС.

Стас распавёў пра ўмовы ўтрымання “Вясне”:


Актывіст “Еўрапейскай Беларусі” Леанід Кулакоў

Актывіст распавёў праваабаронцам, што адміністрацыя ЦІП таксама забрала ў яго пісьмовыя прыналежнасці на падставе таго, што асадка нібы з’яўляецца «колюча-рэжучым прадметам».

Амаль суткі Леаніда Кулакова трымалі галодным:

"Пасля суда мне далі з сабой хлеба, сасісак, сардэлек, каб я мог перакусіць, але па прыбыцці ў ЦІП мне забаранілі гэтыя ўсе прадукты ўзяць з сабой у камеру. Вячэра мне таксама не была прадугледжана. І з раніцы, калі мяне арыштавалі, да наступнай раніцы на ЦІП мяне не кармілі.

Мяне пасялілі ў двухмесную камеру, дзе дзевяць дзён я быў адзін. На дзявяты дзень, перад выхадам, да мяне падсялілі хлопца.

Камера была нармальная, чыстая. Праўда, вокны былі цалкам затаніраваныя. Вельмі хацелася ўбачыць хоць маленькі кавалачак неба, зорак, сонца. Днём у камеры гарэла тры лямпы, а ноччу — адна, так званы "месяц".

На шпацыры вадзілі кожны дзень, але яны былі толькі па 10-15 хвілін. Свежага паветра вельмі бракавала. Магчыма, з-за гэтага ў мяне падняўся ціск.

Стаўленне з боку супрацоўнікаў ЦІП было нармальнае. Толькі за пару дзён да вызвалення забаранілі ляжаць на ложку. Можна было альбо сядзець, альбо хадзіць. Але, калі лекары дыягнаставалі ў мяне высокі ціск, тады дазволілі ўжо ляжаць.

Ежа на ЦІП была жудасная. За дзесяць сутак майго знаходжання там не далі ні разу бульбы. Кармілі адной кашай: пярлоўкай, просам, рысам. У катлетах толькі 10-20% складала мяса, астатняе — хлеб. Гэтую ежу наогул немагчыма есці. Адзінае, што я еў — гэта суп, таму што ён гарачы. Гэта ўсё".


Сустаршыня руху салідарнасці “Разам” Алена Талстая

Актывістка, якую асудзілі на 5 сутак арышту, раней распавяла ў фэйсбуку, што на Акрэсціна яна “зарабіла” бранхіт.

“Мяне размясцілі ў “адстойнік” – самую халодную камеру на 1-м паверсе, тэмпература ў якой не падымаецца вышэй 14-15 градусаў, – распавяла Алена Талстая на сваёй старонцы ў Фэйсбук. – Туды адпраўляюць затрыманых да суда ці на тэрмін ад некалькіх гадзінаў да 3-х сутак. Я ж там была ўвесь тэрмін зняволення і атрымала бранхіт.

Умовы антысанітарныя: ніякай дэзынфекцыі ад папярэдніх пастаяльцаў ні памяшкання камеры, ні матрацаў і коўдраў не праводзілася. Коўдры брудныя, чорна-сінія з падазронымі белымі плямамі. Рызыкаваць падхапіць лішай ці каросту я не наважылася і накрывалася паліто. Людзі ж ад холаду ў гэтай камеры спалі ў куртках, паверх укрываючыся ад холаду гэтымі коўдрамі.

Насельнікі ж камеры павінны былі мыць за сабой посуд без аніякіх мыючых сродкаў, і потым гэты посуд не перамываецца, а так і выкарыстоўваецца, таксама з’яўляючыся пераносчыкамі інфекцыйных захворванняў, – дадае яна. – Так, мае суседкі з рысавай кашы выцягвалі рыбіну луску, пры адсутнасці рыбы ў “меню”.

Таксама, як і многіх палітвязняў, Алену наўпрост не выпусцілі з ЦІПа:

“Мяне вывезлі з ЦІПа ў адсеку міліцэйскай патрульнай машыны, без воканМне не паведамілі, куды і навошта мяне вязуць, – ці на новы “суд”, ці яшчэ куды… Прывезлі ў РАЎС Маскоўскага раёну і пасадзілі ў глухую бетонную камеру з бетоннай лаўкай. Пасля трох гадзінаў знаходжання там аддалі рэчы, – маўляў, тэрмін зняволення скончаны. Уся іх “спецаперацыя” па выкраданні мяне з ЦІПу мела толькі адну мэту, – каб родныя і сябры мяне не сустрэлі, каб не было салідарнасці і падтрымкі, каб не было журналістаў і інфармацыі. Дробязная і подлая помста подлай і беззаконнай ўлады…


Палітык, пісьменнік, сустаршыня БХД Павел Севярынец

Павел Севярынец выйшаў на волю 10 студзеня пасля адбыцця 15-суткавага арышту, але ў гэты ж дзень атрымаў яшчэ 30 сутак за ўдзел у акцыях у абарону незалежнасці. 

Як ён распавёў palitviazni.info, яго трымалі ў камеры, куды да гэтага часу пасялілі бяздомных з вошамі. Пасля іх дэзінфекцыя не праводзілася.

Не дазволілі ў камеру і асадкі, бо нельга ж пісьменніку пісаць у вольны час”, — распавёў Севярынец.

У апошнія некалькі дзён у камеру змясцілі чалавека з “белай гарачкай”.

“І на дзень нараджэння, і на Новы год былі пад вокнамі ЦІП феерверкі і салюты, і поклічы “Жыве Беларусь!”, за што вялікі дзякуй невядомым беларускім патрыётам. Гэта было класна, і, натуральна, вельмі ўражвала людзей, якія сядзелі разам са мной у камеры.

Таксама пачкамі прыносілі віншаванні, перадавалі шыкоўныя перадачы, і гэта ўсё дапамагала. Гэта была вельмі ўражлівая гісторыя салідарнасці на святы!” — адзначыў палітык.

Па словах Паўла Севярынца, супрацоўнікі ЦІП вельмі дрэнна ставяцца да простых людзей [заўвага — “непалітычных”].

“Грэблівасць, лаянка… Чалавека прывезлі на “суткі”, які да гэтага знаходзіўся ў райаддзеле і не еў два дні, а яму не могуць знайсці кавалак хлеба альбо даць ежу з іншай камеры. Ды я гатовы быў даць, толькі перадайце. Нельга!

У любым нармальным ізалятары ў Беларусі практыкуецца перадача ежы з суседняй камеры ў іншую, калі чалавек галодны. А на Акрэсціна гэта пад забаронай! Хачу сказаць, што гэта самае кепскае месца з тых ізалятараў часовага ўтрымання, дзе я пабываў”, — распавядае Павел Севярынец.


Блогер, аўтар уoutube-канала «Страна для жизни» Сяргей Ціханоўскі

Нечакана для ўсіх 11 студзеня з гомельскага ізалятару часовага ўтрымання адпусцілі блогера Сяргея Ціханоўскага. За дзень да гэтага яго прывозілі на суд з ізалятара і пакаралі чарговымі 15 суткамі за нібыта ўдзел у акцыі супраць інтэграцыі з Расеяй.

«Міліцыянты вывезлі мяне з ІЧУ каля 15.30 і выкінулі на вуліцы. Тэлефона я не меў, злавіў таксі. Невядома, калі мяне зноў пасадзяць, можа, нават сёння. У ізалятары сказалі, што пакуль не маюць судовага рашэння на чарговыя 15 сутак для мяне», — распавёў у жывым эфіры пасля выхаду з ІЧУ блогер.

Падчас знаходжання там Ціханоўскага многія людзі дасылалі яму лісты падтрымкі і паштоўкі. «Мне іх не аддавалі. Толькі сёння, пасля выхаду з ІЧУ, мне далі заплечнік паштовак і лістоў. Я ўдзячны ўсім, і ўсім адкажу», — зазначыў Ціханоўскі.

Пра ўмовы ўтрымання ў гомельскім ІЧУ блогер распавёў у відэа на сваім уoutube-канала «Страна для жизни»:


Блогер Дзмітрый Казлоў (“Шэры Кот”)

Блогер Дзмітрый Казлоў, вядомы як «Шэры Кот», пасля 15-суткавага арышту мусіў выйсці на волю 9 студзеня, але яго так і не выпусцілі. Пазней адміністрацыя ізалятара часовага ўтрымання ў Оршы паведаміла, што за блогерам лічыцца яшчэ адна пастанова аб арышце на 15 сутак, таму яго адпусцяць толькі 24 студзеня. Пры гэтым невядома, калі і за што адбыўся суд над Дзмітрыем Казловым.

Аршанскі праваабаронца “Вясны” Ігар Казмерчак распавёў, што блогеру ўдалося перадаць перадачку, наступная — 16 студзеня. Блогеру дасылаюць шмат лістоў і паштовак салідарнасці, але ці аддаюць іх супрацоўнікі ізалятара — невядома, бо зваротных лістоў ад яго не прыходзіць.

АДРАС ДЛЯ ПАШТОВАК І ЛІСТОЎ:

Ізалятар часовага ўтрымання

г. Орша, 211030,
вул. Энгельса, 19-25

15-суткавыя арышты адбылі таксама актывіст "Еўрапейскай Беларусі" Максім Вінярскі, маладафронтаўцы Дзяніс і Максім Урбановіч і сакратар КХП БНФ Алесь Чахольскі.

Юрыст Праваабарончага цэнтра "Вясна" Павел Сапелка раней абскарджваў у МУС парушэнне санітарных нормаў і правілаў пры ўтрыманні пад арыштам у ЦІП актывіста кампаніі Legalize Belarus Пятра Маркелава.

Актывіст адбыў 14-сутачнае пакаранне за тое, што, будучы даверанай асобай кандыдата, на выбарчым участку патрабаваў пералічыць галасы кандыдата ў дэпутаты Стаса Шашка. Маркелаў распавёў, што яго трымалі ў антысанітарных умовах. Акрамя гэтага, ён нейкі час утрымліваўся пад арыштам сумесна з асобамі, якія пакутуюць на педыкулёз.

Але Дэпартамент фінансаў і тылу МУС адказаў, што «факты парушэння патрабаванняў санітарна-эпідэміялагічнага заканадаўства, тэхнічных нарматыўных прававых актаў, нарматыўных актаў Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, якія рэгулююць функцыянаванне ЦІП ГУУС Мінгарвыканкама, названыя ў звароце, на момант правядзення маніторынгу не знайшлі свайго пацвярджэння».

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства