Актывіста "Моладзевага блоку" Стаса Шашка асудзілі на 15 сутак Дапоўнена
Увечары 26 снежня, прыкладна ў 21.00 у Мінску быў затрыманы актывіст Legalize Belarus і "Моладзевага блоку", экс-кандыдат у дэпутаты Стас Шашок.
Па словах яго маці, затрыманне адбылося ў пад'ездзе дома, дзе ён жыве. Ён паспеў паведаміць, што хутчэй за ўсё яго павязуць у РУУС Маскоўскага раёна.
Каля Маскоўскага РУУС сабраліся паплечнікі Стаса, каб даведацца інфармацыю пра яго.
Каля 23.00 сябрам Стаса стала вядома, што ён знаходзіцца ў ЦІП на вул. Акрэсціна. За якое менавіта правапарушэнне ён затрыманы, па якім артыкуле складзены на яго пратакол і калі адбудзецца суд, пакуль невядома. Верагодна, затрыманне звязана з удзелам Шашка ў акцыях пратэсту супраць інтэграцыі з Расіяй.
Ноч актывіст правёў за кратамі.
Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі 20 снежня. Суддзя Маскоўскага раёна г. Мінска Таццяна Мотыль асудзіла Стаса па арт. 23.34 КаАП на 15 сутак.
За рэалізацыю права на свабоду мірных сходаў, навагоднія святы Стас Шашок правядзе за кратамі. Дасылайце навагоднія віншаванні яму ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў па адрасу: завулак 1-й Акрэсціна 36, Мінск, 220089.