viasna on patreon

МУС не знайшло парушэнняў санітарных нормаў у ЦІП

2020 2020-01-05T13:39:59+0300 2020-01-05T13:48:38+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/okrestino_cip.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў у Мінску. Фота БелаПАН

Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў у Мінску. Фота БелаПАН

Юрыст Праваабарончага цэнтра "Вясна" Павел Сапелка звярнуўся ў Міністэрства ўнутраных спраў па факце парушэння санітарных нормаў і правілаў пры ўтрыманні пад арыштам у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў актывіста кампаніі Legalize Belarus Пятра Маркелава.

Праваабаронца на працягу многіх гадоў праводзіць маніторынг сітуацыі з забеспячэннем правоў чалавека ў месцах несвабоды і ў апошнія гады неаднаразова атрымліваў звесткі пра тое, што актывісты, арыштаваныя за адстойванне сваіх правоў і свабодаў, утрымліваюцца ў ЦІП сумесна з асобамі, якія хварэюць на педыкулёз і не прайшлі адпаведную санітарную апрацоўку.

Са СМІ Паўлу Сапелку стала вядома аб тым, што Пётр Маркелаў утрымліваўся пад арыштам з 9 снежня 2019 года сумесна з асобамі, якія пакутуюць на педыкулёз.

«Умовы ў камеры жудасныя: разам з Пятром сядзяць два бамжы, стаіць такі смурод, што няма чым дыхаць, вошы», - так апісваў умовы ўтрымання ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў адзін з сукамернікаў актывіста.

Маркелаў спрабаваў звярнуцца з гэтым пытаннем да адміністрацыі ізалятара, але ніхто на яго скаргі не адрэагаваў.

Юрыст Павел Сапелка адзначае, пры дастаўленні ў месцы адбыцця пакарання адміністрацыйна арыштаваныя павінны быць агледжаныя медработнікам, а пры яго адсутнасці ў штаце - апытаныя начальнікам або дзяжурным пра стан здароўя ў мэтах:

  • устанаўлення асобаў, якія маюць патрэбу ў аказанні хуткай медыцынскай дапамогі;
  • выяўлення асобаў з захворваннямі, якія патрабуюць сталага прыёму лекавых сродкаў;
  • выяўлення асобаў з прыкметамі інфекцыйных захворванняў, каросты, педыкулёзу, цялесных пашкоджанняў.

Адміністрацыйна арыштаваныя, дастаўленыя ў месцы адбыцця арышту, праходзяць санітарную апрацоўку. У далейшым санітарная апрацоўка праводзіцца не радзей аднаго разу ў тыдзень і ўключае мыццё ў лазні (душавой) з абавязковай зменай пасцельнай бялізны, дэзінфекцыю асабістага адзення і пасцельных прыналежнасцяў у дэзiнфекцыйнай камеры.

Пры выяўленні інфекцыйнага захворвання, каросты, педыкулёзу ў адміністратыўна арыштаванага падчас яго ўтрымання пад арыштам ён змяшчаецца ў асобную камеру, а медработнік абавязаны паведаміць пра гэта ў цэнтр гігіены і эпідэміялогіі і ў далейшым ажыццяўляць адпаведныя мерапрыемствы пад кантролем гэтага цэнтра.

«Мяркую, што названых мерапрыемстваў праведзена не было, альбо праведзеныя мерапрыемствы былі недастатковымі і не прынеслі належнага эфекту, а такім чынам, адміністрацыя ЦІП не распачала ўсіх неабходных і абавязковых санітарных мераў», - адзначаў у сваім звароце праваабаронца.

Павел Сапелка прасіў МУС правесці праверку звестак аб санітарных умовах у ЦІП, у тым ліку апытаць адміністрацыйна арыштаванага Пятра Маркелава, вывучыць сутачныя планы пакамернага размяшчэння арыштаваных і затрыманых грамадзянаў, агледзець тых асобаў, якія ўтрымліваліся ў адной камеры з актывістам.

Аднак зварот юрыста "Вясны" было разгледжана Дэпартаментам фінансаў і тылу МУС. Так, начальнік гэтага падраздзялення Віктар Дубавец у сваім адказе ўказвае, што па пытаннях, выкладзеных у звароце, у тым ліку ўтрымання Пятра Маркелава, 23 снежня 2019 года быў праведзены санітарна-эпідэміялагічны маніторынг у ЦІП.

«Факты парушэння патрабаванняў санітарна-эпідэміялагічнага заканадаўства, тэхнічных нарматыўных прававых актаў, нарматыўных актаў Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, якія рэгулююць функцыянаванне ЦІП ГУУС Мінгарвыканкама, названыя ў звароце, на момант правядзення маніторынгу не знайшлі свайго пацвярджэння», - адзначаецца ў адказе Дэпартамента фінансаў і тылу.

23 снежня Пётр Маркелаў выйшаў на волю пасля 14 сутак арышту за патрабаванне пералічыць галасы на выбарчым участку, на якім ён быў у якасці даверанай асобы кандыдата ў дэпутаты Стаса Шашка. Актывіста абвінавацілі ў парушэнні двух артыкулаў Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях: 17.1 (дробнае хуліганства) і 23.4 (непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ёй службовых паўнамоцтваў).

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства