«Бамжы, смурод, вошы». Актывіст Пётр Маркелаў ў шоку ад умоў у ЦІП на Акрэсціна
Моладзевы актывіст Пётр Маркелаў, асуджаны на 14 сутак арышту, заяўляе аб жудасных умовах утрымання ў цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў у завулку Акрэсціна ў Мінску.
Як паведаміла БелаПАН маці актывіста Ірына Маркелава, напярэдадні ўвечары ёй патэлефанаваў чалавек, які некалькі гадзін правёў з Пятром у адной камеры.
«Ад імя майго сына ён папрасіў тэрміновай дапамогі адваката, таму што ўмовы ўтрымання ў камеры жудасныя, - сказала Ірына. - Той, хто тэлефанаваў пацвердзіў, што сапраўды ў ёй немагчыма знаходзіцца. Сядзяць разам з Пятром два бамжы, стаіць такі смурод, што няма чым дыхаць. Вошы».
Маркелаў спрабаваў звярнуцца з гэтым пытаннем да адміністрацыі ізалятара, але ніхто на яго скаргі не адрэагаваў, падкрэсліла маці актывіста.
«Учора я адразу пагутарыла з сябрамі сына, мы дамовіліся, што сёння да яго прыйдзе адвакат, наняты з дапамогай «Прававой ініцыятывы». Пётр хоча падаць скаргу на ўмовы ўтрымання», - сказала яна.
9 снежня на пасяджэнні суда Маскоўскага раёна Мінска суддзя Таццяна Матыль прызнала Маркелава вінаватым у дробным хуліганстве і непадпарадкаванні міліцыі і асудзіла яго на 14 сутак арышту за інцыдэнт на выбарчым участку 17 лістапада, у асноўны дзень галасавання на выбарах у Палату прадстаўнікоў.
На парламенцкіх выбарах Пётр Маркелаў з'яўляўся даверанай асобай кандыдата ў дэпутаты Станіслава Шашка. Актывіст быў затрыманы на выбарчым участку № 286 па Паўднёва-Заходняй акрузе сталіцы № 99. Інцыдэнт на ўчастку пачаўся з таго, што Маркелаў і Шашок абурыліся вынікамі падліку галасоў.
Паводле слоў Шашка, яны запатрабавалі пералічыць галасы, Маркелаў уключыў відэаздымку і вёў трансляцыю ў «Фэйсбуку». У адказ камісія выклікала супрацоўніка міліцыі.
«На мае словы пра фальсіфікацыю выбараў супрацоўнік не рэагаваў. Мы працягвалі патрабаваць пераліку галасоў, а скончылася ўсё тым, што зайшлі чалавекі чатыры з міліцыі і чалавек у цывільным, які даваў ім каманды», - распавядаў Шашок.
Маркелава затрымалі і павезлі ў РУУС, Шашок быў прыцягнуты ў якасці сведкі.
У дачыненні да Маркелава былі складзеныя адміністрацыйныя пратаколы, пазней яго адпусцілі з міліцыі.