Сайт "Хартыі-97" атакаваны хакерамі (паводле радыё "Свабода")
Атака абылася пасьля таго, як на інтэрнэт-старонцы "Хартыі-97" было апублікаванае журналісцкае дасьледаваньне Антона Мельнічука "Беларускія карані гандляроў дзіцячай парнаграфіяй", што мела вялікі розгалас.
У прэсавым цэнтры "Хартыі-97" паведамілі карэспандэнту радыё "Свабода", што Антон Мельнічук - гэта псэўданім журналіста, які прадставіў сваё расьследаваньне "Хартыі", але раскрываць, хто хаваецца за гэтым псэўданімам, тут не зьбіраюцца. Гэта робіцца з мэтай бясьпекі, паколькі ў артыкуле выкрываюцца злачынныя мэтады беларускіх гандляроў дзіцячай парнаграфіяй, частка зь якіх ужо арыштаваная спэцлужбамі ЗША, Францыі ды Гішпаніі. Пра гэтыя арышты, пра менскую фірму "Рэгпэй", якая ўдзельнічала ў распаўсюджваньні платных дзіцячых парнаграфічных матэрыялаў, пра адмываньне грошай ад гэтага бізнэсу паведамлялі многія беларускія і замежныя СМІ, у тым ліку радыё "Свабода". У мінулы панядзелак ў артыкуле Антона Мельнічука на сайце "Хартыі-97" былі апублікаваныя новыя прозьвішчы і новыя зьвесткі пра арганізатараў гэтага злачыннага бізнэсу ў Беларусі, пра іх сувязі з супрацоўнікамі праваахоўчых органаў, пра схемы адмываньня злачынна заробленых грошай ў адпаведных структурах у Латвіі і Расеі ды іншыя падрабязнасьці гэтага чорнага бізнэсу.
Але з раніцы 20 студзеня доступ да сайту "Хартыі-97", дзе апублікаваны гэты артыкул, заблякаваны. Пры звароце да яго інтэрнэт-праграма стала паведамляе, што доступ да сайту забаронены. Прэсавы сакратар руху "Хартыя-97" Алег Бебенін перакананы: на іх сайт адбылася хакерская атака, арганізаваная менавіта гандлярамі дзіцячай парнаграфіяй у інтэрнэце. Атака была ўчыненая шляхам імітацыі вялізнай колькасьці наведваньняў на сайт, які ў выніку блякуецца.