У Мінску міліцыя сарвала прагляд фільма — намінанта на прэмію «Оскар»
Увечары 28 снежня ў прасторы ZBS мусіў адбыцца прагляд фільма "Апошнія дні Сафі Штоль", арганізаваны ініцыятывай #dissidentby. Падчас мерапрыемства планавалася падпісаць паштоўкі палітвязням і актывістам, якія ў гэтыя дні былі асуджаны да адміністрацыйных арэштаў. Пра гэта паведамляе "Новы Час".
Але літаральна на самым пачатку прагляду ў каворкінг уварваліся міліцыянты. Яны патрабавалі спыніць пагляд, пагражаюць прысутным затрыманнямі, перапісваюць пашпартныя дадзеныя.
«Апошнія дні Сафіі Шолль» — кінафільм рэжысёра Марка Ротэмунда, які выйшаў на экраны ў 2005 годзе. Фільм распавядае пра апошнія дні Сафі Шолль, удзельніцы антынацысцкай групы «Белая ружа». Фільм атрымаў узнагароды прэстыжных еўрапейскіх кінафестываляў, у 2006 годзе быў намінаваны на прэмію "Оскар" як лепшы фільм на замежнай мове.
Акрамя гэтага, "Радыё Свабода" паведамляе, што ўвечары 27 снежня міліцыя сарвала акцыю супраць інтэграцыі кампаніі "Свежы вецер". Акцыю ў будынку Галоўпаштамту скасавалі, бо ў залі і ва ўваходным тамбуры былі каля 10 супрацоўнікаў міліцыі ў цывільным і ў форме.
Арганізатары акцыі, якія напярэдадні заклікалі прыйсці і адправіць чыноўнікам паштоўкі ў падтрымку незалежнасці Беларусі, напісалі ў сваім тэлеграм-канале, што акцыя скасоўваецца праз блакаванне паштамту міліцыяй.