Алесь Бяляцкі стаў лаўрэатам французска-германскай прэміі «За правы чалавека і вяршэнства закона»
Як паведамляюць Амбасады Францыі і Германіі ў Беларусі, старшыня праваабарончага цэнтра "Вясна" Алесь Бяляцкі стаў лаўрэатам французска-германскай прэміі «За правы чалавека і вяршэнства закона» у 2019 годзе.
З 2016 года гэтая прэмія прысуджаецца штогод тым, хто ўносіць выключны ўклад у абарону і прасоўванне правоў чалавека і вяршэнства закона ў сваіх краінах і на міжнародным узроўні. Яна нагадвае аб бесперапыннай працы Германіі і Францыі ў справе захавання правоў чалавека і спрыяе ўзмацненню іх супрацоўніцтва ў гэтым кірунку.
Дзейнасць праваабаронцаў неабходная для прыцягнення грамадскай думкі, для мабілізацыі грамадзянскай супольнасці і для падтрымкі ахвяраў парушэння правоў чалавека, а таксама для забеспячэння эфектыўнага выканання дзяржавамі ўзятых на сябе абавязацельстваў у гэтай галіне. Германа-французская прэмія «За правы чалавека і вяршэнства закона» была створана для таго, каб аддаць даніну тым жанчынам і мужчынам, якія цалкам абараняюць правы чалавека і дзейнасць якіх павінна вітацца і падтрымлівацца.