viasna on patreon

Эліс Магвэ: “Праваабаронцы — носьбіты зменаў у пошуках больш роўных грамадстваў”

2019 2019-12-10T12:50:09+0300 2019-12-10T13:39:29+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/alice_mogwe.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Эліс Магвэ. Фота з сайта www.thepatriot.co.bw

Эліс Магвэ. Фота з сайта www.thepatriot.co.bw

10 снежня 2019 г.
Парыж

Народныя паўстанні адбываюцца ва ўсіх рэгіёнах нашай планеты. Хаця, як здаецца, яны разрозненыя і не звязаныя паміж сабой, але гэтыя рухі аб'яднаныя непрыняццем элітарнай сацыяльна-эканамічнай мадэлі, якая выклікае няроўнасць, карупцыю, дыскрымінацыю, злоўжыванне ўладай і парушэнні правоў чалавека. У адказ гэтыя рухі патрабуюць стварэння грамадстваў, якія будуць больш устойлівымі, інклюзіўнымі, паважлівымі і справядлівымі, усё дзеля таго, каб супольнасці і людзі маглі квітнець. Гэта амбіцыйнае бачанне імкнецца да панавання ва ўсім свеце, азмрочаным расізмам, мовай нянавісці, здзекамі і экзістэнцыяльнай пагрозай змены клімату.

Гэтыя народныя паўстанні ўяўлюць сабой выказванні, народжаныя ў жывым досведзе адчужэння. Як правіла, не звязаныя з нейкай ідэалогіяй або палітычнай партыяй, яны аднак пераўзыходзяць межы існуючых палітычных рухаў. Яны забяспечваюць правам голасу тых, хто адчуваў прагу выказацца і быў выключаны ўладнымі сістэмамі. Мы павінны аддаць належнае мужнасці жанчынаў, мужчынаў і іншых людзей, як маладых, так і старых, якія выйшлі на вуліцу, у многіх выпадках у краінах, дзе права на мірны пратэст альбо права на патрабаванне правоў аспрэчваюцца і спыняюцца.

10 снежня, у гадавіну прыняцця Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека ў 1948 г., мы зноў пацвярджаем яе значэнне як арыенціра, на аснове якога мы ацэньваем нашыя дасягненні і праблемы ў нашых грамадзянскіх, палітычных, эканамічных, сацыяльных, культурных і развіццёвых сферах.

Дэкларацыя таксама дае неабходныя рэкамендацыі для вырашэння гэтых крызісаў праз павагу і абарону права на мірныя сходы; права на свабоду выказвання меркаванняў; права на роўную абарону перад законам; права на жыццё, свабоду і бяспеку чалавека; права на адукацыю, медыцынскую дапамогу, харчаванне, жыллё і сацыяльнае забеспячэнне; роўнасць жанчын, мужчын і іншых людзей; права быць свабоднымі ад усіх формаў дыскрымінацыі; права на свабоду думкі, сумлення і веравызнання; права на належны працэс і справядлівы суд; а таксама права не падвяргацца катаванням, альбо незаконнаму і адвольнаму арышту альбо затрыманню.

Сёння праваабарончыя арганізацыі па ўсім свеце актыўна ўдзельнічаюць у аспрэчанні такога становішча, выкарыстоўваючы суды і наяўныя інстытуты дэмакратыі; выкрыванні парушэнняў правоў чалавека; павышэнні інфармаванасці насельніцтва праз сродкі масавай інфармацыі; выкарыстанні рэгіянальных і міжнародных механізмаў — усё дзеля таго, каб дамагацца кампенсацыі і выканання рашэнняў, а таксама заахвочваць дзяржавы гарантаваць абарону сваіх грамадзянаў.

Аднак праз сваю працу праваабаронцы ўсё часцей становяцца ахвярамі парушэнняў — пагрозаў, чорнага піяру, запалохвання, пераследу і гвалтоўных знікненняў. У 2018 годзе прынамсі 318 праваабаронцаў былі забітыя за абарону правоў. Надзейныя крыніцы сведчаць пра тое, што ў дачыненні да праваабаронцаў адбываліся рэпрэсіі ў Турцыі, дзе праваабарончыя і гуманітарныя арганізацыі былі зачыненыя, а праваабаронцы арыштаваныя і зняволеныя. У Гандурасе на пачатку гэтага года ахвярамі нападаў сталі больш за 200 праваабаронцаў.

У снежні 2018 года ад імя сотняў праваабаронцаў, якія сустрэліся на Сусветным саміце праваабаронцаў у Парыжы ў кастрычніку 2018 года, я прадставіла Генеральнай Асамблеі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый Дэкларацыю Сусветнага саміту праваабаронцаў. У ёй мы публічна паведамілі, што ва ўсім свеце тыя, хто адстойвае правы іншых людзей, становяцца ахвярамі запалохвання, пераследу, нападаў, зняволення і нават забойстваў. Мы заклікалі дзяржавы “прызнаць істотную ролю праваабаронцаў, абараніць асобаў, якія знаходзяцца ў зоне рызыкі, і зрабіць канкрэтныя захады па фарміраванні бяспечнага і спрыяльнага асяроддзя, у тым ліку шляхам прыняцця нацыянальных планаў дзеянняў па абароне праваабаронцаў”.

За апошні год, з павелічэннем народных паўстанняў павялічыліся і рэпрэсіі супраць праваабаронцаў, асабліва ў тых выпадках, калі яны патрабавалі сацыяльнай, эканамічнай і экалагічнай справядлівасці. Тым не менш, гэтыя абаронцы з'яўляюцца носьбітамі зменаў у нашых грамадствах. Яны з’яўляюцца назіральнікамі, крыніцамі і праваднікамі нашага калектыўнага дабрабыту.

Аднак, у выніку захопу дзяржавамі незалежных рэгіянальных і міжнародных следчых механізмаў і судовых інстытутаў, здольнасць абаронцаў абараняць правы чалавека памяншаецца. Такія органы, як Міжнародны крымінальны суд, спецыяльныя працэдуры і дамоўныя органы ААН, а таксама рэгіянальныя механізмы ў галіне правоў чалавека, рызыкуюць страціць сваю эфектыўнасць праз бюджэтную залежнасць ад дзяржаваў-сябраў. Яны таксама рызыкуюць стаць бяссільнымі, паколькі іх рэкамендацыі не паважаюцца і не выконваюцца дзяржавамі-сябрамі са спасылкамі на вяршэнства суверэнітэту.

Папулізм і нацыяналізм знаходзяцца на пад’ёме — яны выкарыстоўваюцца як лозунг палітычнымі лідарамі, якія не ў стане задаволіць патрэбы свайго грамадства.
У гадавіны Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека (10 снежня 1948 г.) і Міжнароднай дэкларацыі праваабаронцаў (9 снежня 1998 г.) давайце супрацоўнічаць — як рух грамадзянаў і арганізацый грамадзянскай супольнасці — дзеля замацавання трох асноўных апораў глабальнага грамадскага парадку на аснове правоў чалавека: абароны агульначалавечых стандартаў у галіне правоў чалавека, абароны праваабаронцаў і ўмацавання незалежных інстытутаў, якія кантралююць выкананне правоў чалавека. Гэты трохбаковы падыход уяўляе сабой компас, які накіроўвае нас на шляху да дасягнення квітнеючага грамадства, у якім паважаюць і падтрымліваюць годнасць кожнага і кожнай.


Актывістка з Батсваны Эліс Магвэ была абраная прэзідэнткай Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) у кастрычніку 2019 года. Спадарыня Магвэ — вядомая абаронца правоў чалавека і лідарка грамадзянскай супольнасці. Яна будзе кіраваць Федэрацыяй на працягу наступных трох гадоў, у тым ліку ў 2022 годзе, калі FIDH будзе адзначаць сваё 100-годдзе.

У снежні 2018 года спадарыня Магвэ стала першай лідаркай грамадзянскай супольнасці, якая выступіла перад Генеральнай Асамблеяй ААН ад імя больш за 250 праваабаронцаў з усяго свету.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства