viasna on patreon

Чаму варта наведаць фэстываль Watch Docs Belarus

2019 2019-12-05T10:31:28+0300 2019-12-05T11:05:06+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/watch_dogs_n.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

З 5 па 13 сьнежня ў Менску пройдзе V Міжнародны фэстываль дакумэнтальнага кіно аб правах чалавека Watch Docs Belarus, піша "Радыё Свабода". Сёлета тэмай фэстывалю стане «крохкае паняцьце свабоды, асабістай прасторы і нормы ўмяшаньня ў іх грамадзтва і дзяржавы». Усяго будзе прадстаўлена 25 фільмаў дакумэнталістаў з усіх кантынэнтаў.

У чым адметнасьці пятага фэстывалю, Свабодзе расказала яго арганізатарка Тацяна Гацура-Яворская.

1. Беларуская праграма з 8 дакумэнтальных стужак

Самая галоўная адметнасьць — сёлета ёсьць беларуская праграма, а таксама адукацыйная праграма для беларускіх рэжысэраў.

Пяць фільмаў прадстаўленыя ў конкурснай праграме:

Тры фільмы беларускіх рэжысэраў — па-за конкурсам, у тым ліку стужка Віктара Корзуна «Быкаў. Вяртаньне».

2. Асобная прэмія для найлепшага беларускага рэжысэра-дакумэнталіста

Гэта народная прэмія — каго ўганараваць, будуць вырашаць гледачы, а не журы. Грошы на яе зьбіраюць на краўдфандынгавай плятформе «Талака».

На думку Тацяны Гацуры-Яворскай, сытуацыя з дакумэнтальным кіно ў Беларусі мяняецца да лепшага, зьяўляецца больш рэжысэраў, беларускіх дакумэнталістаў прызнаюць у сьвеце.

Але часьцяком на дакумэнтальнае кіно няма фінансаваньня, людзі здымаюць і ня ведаюць, чым гэта скончыцца, ці заўважаць гэтае кіно, шмат грошай укладаюць у пост-прадакшн. Гэтая прэмія вельмі важная — паказаць, што праца кінадакумэнталістаў патрэбная людзям.

3. Фэстываль у першую чаргу — грамадзкая ініцыятыва, а не культурная

Журналісты звычайна пішуць пра фэстываль як пра культурную зьяву. Але фэстываль дакумэнтальнага кіно Watch Docs Belarus — найперш пра правы чалавека. Гэта ня толькі кіно. Гэта дыскусіі, сустрэчы зь цікавымі людзьмі для таго, каб абмяркоўваць вострыя пытаньні. Таму фэстываль мае больш грамадзкае значэньне.

watch_dogs_s.jpg На адным з паказаў фэстывалю Watch Docs Belarus, архіўнае фота

4. Зноў чакаецца шмат замежных знакамітасьцяў

У Менск прыедзе Брыджыт О’Шы, дырэктарка Лейпцыгскага фэстывалю DOK Leipzig, самай буйной індустрыяльнай плятформы ў Эўропе. Яна выступіць з практычнай лекцыяй «Індустрыя дакумэнтальнага кіно: чаканьне vs рэальнасьць».

Кіраўнік Бэлфасцкага фэстывалю Belfast Film Festival Марк Казінс прадставіць свой фільм «Атам», які быў прымеркаваны да 70-й гадавіны бамбардаваньня Нагасакі і прайшоў зь вялізарным посьпехам. Марк Казінс правядзе майстар-кляс.

Польскі рэжысэр Ян Блюз прывязе свой фільм «Падпольле надзеі» — пра праблемы ўжываньня марыхуаны ў мэдычных мэтах у Польшчы. Адбудзецца дыскусія на балючую і для беларусаў тэму.

Зноў госьцем фэстывалю будзе Лоўрэнс МакК’ёўн, ірляндзкі пісьменьнік, драматург, сцэнарыст, які ў 17 гадоў стаў добраахвотнікам Часовай Ірляндзкай рэспубліканскай арміі, быў арыштаваны і асуджаны на пажыцьцёвае зьняволеньне.

Тацяна Вадалаская правядзе зь ім адкрытае інтэрвію «Тэрапія мастацтвам: як шукаць выйсьце з сацыяльных канфліктаў».

5. Будзе вызначана антыпрэмія для беларускіх чыноўнікаў

Другі год запар Міжнародны фэстываль дакумэнтальнага кіно аб правах чалавека Watch Docs Belarus абвяшчае антыпрэмію за самыя бязглуздыя і шкодныя для грамадзтва рашэньні беларускіх чыноўнікаў і дзяржаўных органаў. Летась пераможцамі антыпрэміі сталі Менскі райвыканкам і Сьледчы камітэт. Першы — за горадабудаўнічыя маніпуляцыі ў Бараўлянскім сельсавеце на фоне пратэстаў мясцовых жыхароў. Другі — за «справу БелТА».

Сёлета фэстываль Watch Docs Belarus пройдзе на трох пляцоўках — у кінатэатры «Мір», у Культурным цэнтры «Корпус» і Культурніцкай прасторы ОК16.

Уваход на паказы — вольны для ўсіх.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства