Як праходзіць асноўны дзень галасавання на парламенцкіх выбарах? Лічбы, факты, інцыдэнты. Дапоўнена

2019 2019-11-17T20:56:00+0300 2019-11-17T19:24:59+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/vibary2019ill.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сёння, 17 лістапада, - асноўны дзень галасавання на выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў сёмага склікання. Па дадзеных Цэнтрвыбаркама, у датэрміновым галасаванні, якое прайшло з 12 па 16 лістапада, прыняла ўдзел 35,77% выбаршчыкаў ад уключаных у спісы грамадзян (ад 6 859 866 чалавек). Аднак незалежныя назіральнікі кожны дзень фіксавалі факты прымусу да галасавання (у асноўным студэнтаў) і завышэнне яўкі выбаршчыкаў.  

vibary2019ill.jpg
Ілюстрацыйнае фота

Як пройдзе асноўны дзень галасавання? Збіраем ключавыя лічбы, цікавыя факты, інцыдэнты сённяшняга дня ў гэтым матэрыяле. 

Умовы працы назіральнікаў: забарона фота, нязручныя месцы, выдаленне

Робім падборку ў асноўны дзень галасавання аб працы назіральнікаў на выбарчых участках. Вывады рабіце самі.

У 8.00 па усёй краіне адкрыліся ўчасткі для галасавання, якіх больш за шэсць тысяч. А ўжо ў 9.00 яўка склала 37,14%. Пра гэта паведаміла старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына. Гэта значыць, за гадзіну працы участкаў у асноўны дзень бюлетэні атрымалі 1,37% выбаршчыкаў, паведамляе naviny.by.

10.05. Назіральніца са Светлагорску Алена Маслюкова (участак №29 АВК31) паведамляе, што старшыня камісіі не даў паглядзець спіс выбаршчыкў, якія зарэгістраваліся для галасавання на даму. Сказаў што не ведае агульнай колькасці, таксама не даў колькасці выданых бюлетэняў. Абумовіў гэта тым, што могуць прагаласаваць не толькі тыя, хто даў заяўку, але і іх члены сям’і.

10.30. Дзейнаму дэпутату і кандыдату ў дэпутаты Ігару Марзалюку акруговая камісія вынесла афіцыйнае папярэджанне. Іншы кандыдат паскардзіўся ў выбаркам, што падчас сустрэч з выбарнікамі Марзалюк выкарыстаў стэнд з улёткамі і фота без выходных дадзеных, камісія палічыла скаргу абгрунтаванай.

11.45. 34 кандыдаты ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў знялі свае кандыдатуры добраахвотна, цытуе БелаПАН старшыню Цэнтарвыбаркаму Лідзію Ярмошыну. Такім чынам, у выніковым спісе засталося 513 чалавек. «Былі зарэгістраваныя 562 кандыдаты, — сказала кіраўніца ЦВК. — На дадзены момант галасаванне праходзіць па 513 асобах». У дачыненні да 15 кандыдатаў выбарчыя камісіі прынялі рашэнне аб адмене рэгістрацыі.

12.00. Ужо вядомы канчатковыя вынікі галасавання на ўчастку №428 па Пушкінскай 103-й акрузе. Участак знахддзіцца на тэрыторыі радзільні. "Вось і першыя вынікі падліку галасоў на маёй акрузе, у радзільным доме № 2 на Бельскага за мяне, як за адзінага кандыдата жанчыну прагаласавала ўсяго 4 чалавекі", - напісала і выклала ў Facebook выніковы пратакол кандыдатка ў дэпутаты па гэтай акрузе Вольга Кавалькова


12.09. Аляксандар Лукашэнка заявіў пасля галасавання на ўчастку №506 Старавіленскай выбарчай акругі №105 Цэнтральнага раёна Минску, што «не будзе парыцца» адносна прызнання ці непрызнання парлямэнцкіх выбараў, паведамляе "Радыё Свабода". Лідзія Ярмошына, у сваю чаргу, заявіла што арганізатары выбараў будуць «жорстка рэагаваць» на любыя спробы замінаць працы выбарчых камісій. «Мы ў любым выпадку не дазволім, каб крыўдзілі нашы ўчастковыя камісіі і нашых выбарцаў», — падкрэсьліла Ярмошына.


12.20. Назіральнік Віктар Адзіночанка піша: “На ўчастку, дзе я назіраю (Гомельская-Цэнтральная выбарчая акруга № 33) прагаласаваў старшыня Гомельскага аблвыканкама Г.М. Салавей. Спецыяльна для яго выканалі камсамольскія песні, пляскі і зрабілі выставы. Самымі экзатычнымі былі дзяўчаты з шыльдай "Молодежь Гомеля". 

12.40. Намеснік кіраўніка Магілёўскай абласной арганізацыі БНФ Дзмітрый Салаўёў паведаміў назіральніку Барысу Бухелю аб тым, што да ягонай маці Алены Дашкоўскай (участак №59 Магілёўскай-Цэнтральнай выбарчай акругі) прыйшлі ў кватэру з пераноснай скрыняй для галасавання, хоць яна не заяўляла пра такую паслугу і наогул не збіралася галасаваць.

Па дадзеных на 12:00, яўка склала 46,6%. Гэта значыць, што за чатыры гадзіны асноўнага галасавання на ўчасткі прыйшло 10,83% выбаршчыкаў.

13.30. У галоўным файе на ўчастку для галасавання №608 Мінскай-Каліноўскай выбарчай акругі №108 сябры камісіі “забыліся” зняць агітацыйную ўлётку кандыдата ў дэпутаты Віталія Германчука. Агітацыя працягваецца! 

13.40. Галасаванне на ўчастку №36 Гродзенскай-Цэнтральнай акругі №51 ужо завершанае, пратакол аб падліку галасоў складзены і прадастаўлены назіральнікам, піша "Новы час". Пра гэта Вадзім Саранчукоў, кандыдат ад Партыі БНФ па дадзенай акрузе, напісаў на сваёй старонцы ў фэйсбуку. «Узорна-паказальна галасуе гродзенскі псіха-неўралагічны дыспансер», — пракаментаваў сітуацыю Вадзім Саранчукоў. 148 чалавек нібыта прагаласаваў за праўладную кандыдатку Лілію Кір'як, адзін голас дастаўся кандыдату ад БНФ.


Па дадзеных ЦВК, яўка на 14:00 склала 55,47%, піша naviny.by. Лідзіруе Магілёўская вобласць - 62,25%. Затым ідуць Віцебская вобласць - 61,12%, Гомельская - 60,09%, Мінская - 56,65%, Гродзенская - 56,27%, Брэсцкая - 52,09%. Мінск па яўцы аўтсайдэр - 44,57%.


Цікавы выпадак у Бабруйску (з тэлеграм-канала "Выбары.Беларусь") 

Галасаванне на даму

Гродна.

  • Камісія са скрынкай для галасавання па месцы жыхарства завітала ў кватэру, якая адносіцца да УВК № 17 па Гродзенскай-Цэнтральнай акрузе № 51. Сябры камісіі заявілі, што тут пражывае пажылы чалавек, Валянціна Дзмітрыеўна Тупіца, і што яе ўнеслі ў спіс тых, хто будзе галасаваць дома. Як растлумачылі, па ўзросце. Валянціна  і яе непаўнагадовы праўнук заявілі, што нікога не выклікалі і галасаваць жанчына не будзе. Тады сябры камісіі прапанавалі прагаласаваць за прабабулю... непаўнагадоваму праўнуку. Той пазваніў маці і растлумачыў сітуацыю. А яго маці аказалася кандыдаткай ў дэпутаты па АВК № 50 Вікторыя Ермашук, вылучаная ад Партыі БСДГ. Кандыдатка ў дэпутаты была ўражаная тым, што пакуль яна сочыць за выбарамі, камісія са скрынкай ходзіць па кватэрах, куды іх не клікалі, і прапаноўвае за прабабуль галасаваць непаўнагадовым праўнукам. Назіральнік Уладзімір Хільмановіч падаў скаргу на дзеянні УВК.
  • Участак №17 па 51-й выбарчай акрузе. Прыйшлі з скрынкай да прыстарэлай Івановай Ірыны Фёдараўны. Тая вельмі абураецца, што нікога не выклікала. 

Мінск.

  • Назіральнік з участку №549 па акрузе №106 пайшоў па хатах з камісіяй. Кватэры ў спісе для галасавання па месцы жыхарства ідуць адна за адной у доме. Дзе не адчыняюць, дзе кажуць, што не вызывалі. Некаторыя з тых, да каго прыйшлі, кажуць, што прагаласавалі датэрмінова. У выніку абышлі 40 чалавек, прагаласавала толькі 12. Каля паловы з іх, аказалася, ужо прагаласавала, некаторыя, іх меней, адмауляюцца, кагосці няма дома. "Большасць у спісе відавочна не падавалі заявак самі. Мне кажуць, што падаваў за іх сабес, тыпу з клопаты", - каментуе назіральнік.
  • Іншаму назіральнік тэлефануе сябар: "Паведаміў, што ў яго на Мендзялеева,19 ходзяць са скрыняй па дому, тэлефануюць па кватэрах, пытаюцца, ці галасавалі".
  • Участак 628, акруга 108. У спісе - 20 адрасоў, па словах старшыні, прагаласавала 19, а выдадзена было 30 бюлетэняў (паводле ведамасці).

Беларускамоўную журналістку выганялі з участку ў Гомелі, бо ў яе «польскі акцэнт»

Інцыдэнт здарыўся на ўчастку для галасаваньня № 15 Гомельскай Цэнтральнай акругі № 33, што ў будынку каледжу чыгуначнага транспарту. На ўчастак прыйшлі журналісты, але ім забараніў там прысутнічаць старшыня ўчастковай камісіі, ён жа дырэктар каледжу — Анатоль Шэвель.


Па дадзеных ЦВК, яўка на 16:00 склала 63,65%. Выбары адбыліся ва ўсіх абласцях - яўка ўсюды перавысіла 50%.


Яўка, па дадзеных ЦВК на 18.00, склала 70,72%. Выбары адбыліся ва ўсіх акругах, акрамя аднаго ў Гродзенскай вобласці, паведаміла на прэс-канферэнцыі старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына. Яўка па абласцях: Брэсцкая - 69,33%, Віцебская - 76,32%, Гомельская - 74,18%, Гродзенская - 72,36%, Мінская - 71,90%, Магілёўская - 77,63%, у Мінску яўка склала 58,76%.

Інфармацыя абнаўляецца.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Навіны кампаніі ў фэйсбукутвітэры і на Тэлеграм-канале

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства