viasna on patreon

Маленькая перамога баранавіцкага праваабаронцы

2019 2019-11-15T15:38:15+0300 2019-11-16T11:46:08+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/gousha13.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Сяргей Гоўша. Фота з архіву.

Сяргей Гоўша. Фота з архіву.

Яшчэ ў далёкім 2012 годзе праваабаронца з Баранавіч Сяргей Гоўша быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці. Ён не пагадзіўся з рашэннем суда і вырашыў яго абскардзіць. Але для абскарджвання трэба аплочваць дзяржаўную пошліну, на якую грошай у Сяргея Гоўшы не было.

Таму праваабаронца накіраваў у суд заяву аб вызваленні яго ад уплаты дзяржпошліны ў сувязі с цяжкім матэрыяльным становішчам. Да заявы Сяргей Гоўша прыклаў даведку аб атрымліваемай ім пенсіі і ксеракопію пасведчання аб інваліднасці яго жонкі. Суддзя Васіль Петрыў адмовіў праваабаронцу ў гэтай заяве, спаслаўшыся на тое, што Працэсуальна-выканаўчым кодэксам РБ аб адміністрацыйных правапарушэннях магчымасць вызвалення ад уплаты дзяржпошліны пры падачы скаргаў на пастановы суда не прадугледжана. І сапраўды гэта было так.

Праваабаронца сутыкнуўся з прабелам у заканадаўстве: вышэйстаячы суд адмовіў разглядаць абскарджанне пастановы аб прыцягненні адміністрацыйнай адказнасці на падставе таго, што дзяржпошліна ім была не сплочана. Іншымі словамі, суддзя не стаў правяраць, ці правільна грамадзяніна палічылі правапарушэнцам, толькі таму, што ў гэтага грамадзяніна не было грошай для таго, каб суд распачаў гэтую праверку. І гэта прапісана ў заканадаўстве.

У той час, як і ў Крымінальным, і ў Гаспадарчым, і ў Грамадзянскім працэсуальна-выканаўчых кодэксах пазначана: суддзя можа вызваліць грамадзяніна ад дзяржпошліны ці адтэрмінаваць яе ў выпадку цяжкага матэрыяльнага становішча. А ў адміністрацыйным працэсуальна-выканаўчым  кодэксе такой магчымасці не прадугледжана.

Што гэта? Ці не дыскрымінацыя?

Тады правабаронца звярнуўся ў Канстытуцыйны суд РБ з прапановай унесці ў Палату прадстаўнікоў прапанову дапоўніць Працэсуальна-выканаўчы кодэкс аб Адміністратыўных правапарушэннях.  Пры гэтым Сяргей Гоўша спаслаўся і на Канстытуцыю РБ, дзе напісана, што “ўсе роўныя перад законам”, і на Камітэт па правах чалавека ААН, які канстатуе: “устанаўленне  судовай пошліны  закрыла б [людзям] доступ да правасуддзя".

“Канстытуцыйны суд, як ні цікава, пагадзіўся разгледзець мае прапановы і на 9-10 старонках прыняў сваё рашэнне, а потым накіраваў яго ў Савет Міністраў РБ, які павінен быў падрыхтаваць гэтыя змены і накіраваць у Палаты парламента для зацверджання”, — успамінае праваабаронца.

Гэта было ў 2013 годзе, і з тых часоў праваабаронца ніякіх лістоў не атрымліваў. У рэшце рэшт сёлета, ў лістападзе, ён вырашыў напісаць зварот у Савет Міністраў.

І нечакана праз некалькі дзен праваабаронца атрымаў адказ: сапраўды гэтыя змены ўжо ўведзены ў 2018 годзе.

“Цудоўна! — каментуе Сяргей Гоўша. — Хоць і прыйшлося чакаць пяць гадоў!  Гэта наша маленькая перамога”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства