Мастацтва ў турме. Як прайшла прэзентацыя выставы малюнкаў Алеся Пушкіна Аўдыё
На мінскай пляцоўцы "Тэрыторыя правоў" прайшло адкрыццё выставы мастака Алеся Пушкіна “Малюнкі з турмы”, а таксама прэзентацыя яго “Турэмнага альбому”, які ўбачыў свет у серыі “Беларуская турэмная літаратура”.
Малюнкі, якія ўвайшлі ў выставу і альбом, былі зроблены Алесем Пушкіным падчас знаходжання ў ізалятарах Смаргоні і Мінска (Акрэсціна). Прычына – акцыя-перфоманс ушанавання памяці 22-гадовага змагара антысавецкага супраціву Расціслава Лапіцкага.
Расціслаў Лапіцкі быў растраляны ў 1950 годзе (а смяротнае пакаранне ў той час у Савецкім Саюзе адмянілі ў 1947 годзе), – распавяла арганізатарка выставы, кіраўніца “Цэнтра даследаванняў грамадзянскай супольнасці Беларусі” Паліна Сцепаненка.
Разам з мастакамі Алесем Цыркуновым, Генадзем Драздовым і Валянцінам Варанішчам Алесь Пушкін нёс па горадзе партрэты Лапіцкага. Вынік – Алесь трапіў у Смаргонскае РАУС, а потым, калі паспрабаваў паўтарыць перфоманс у Мінску – у Мінскае РАУС.
Адбылося гэта ў 2012 годзе, і таму на адкрыцці выставы Алесь Пушкін задаўся пытаннем: ці сапраўды змянілася наша грамадства з таго часу?
“Сёлета восьмага лістапада я напісаў партрэт Вацлава Ластоўскага і прайшоў з ім па Глыбокаму, – распавёў Пушкін. – Праехала два разы побач са мной міліцэйская машына, мяне ніхто не арыштоўваў. Калі я казаў: “Сення дзень нараджэння Вацлава Ластоўскага”, людзі ўсміхаліся. У 2012 ж годзе нас брутальна затрымалі [за такую ж акцыю], збілі і завезлі ў пастарунак”.
Каб дапамагчы ўспомніць хроніку гэтага перфомансу, на імпрэзу завіталі смаргонскія праваабаронца Алесь Дзергачоў і мастак Валянцін Варанішча, якія тады былі затрыманы разам з Алесем Пушкіным.
Алесь Дзергачоў быў тым, хто перадаў паперу, фламастэры і алоўкі Алесю Пушкіну падчас яго зняволення. Дзякуючы гэтаму і былі зробленыя малюнкі, якія зараз ўвайшлі ў “Турэмны альбом”.
Творчасць Пушкіна прааналізаваў масацтвазнаўца Пётр Васілеўскі, які завітаў на выставу:
“Для кагосьці турма была б шокам, а Алесь зрабіў з гэтага мастацтва”
Пётр Васілеўскі выказаў спадзяванне: магчыма, прыйдзе час, і Алесь рэалізуе сябе не толькі як перформер, але і як мастак па роспісах. Мастацтвазнаўцу ўразілі роспісы, якія зрабіў Алесь у Магілёўскім касцёле Святога Станіслава і ў царкве вёскі Бобр. Зараз яны, нажаль, не захаваліся.
Але з гэтай думкай не зусім пагадзілася рэдактарка “Турэмнага альбому” Алена Лапцёнак:
“Мастакоў шмат, а Алесь Пушкін у нас адзін”, – адзначыла яна.
І сапраўды, Алесь Пушкін застаецца значным грамадска-палітычным перформерам. Гэта падкрэсліў і Алесь Бяляцкі:
“Яго першая гучная акцыя была зроблена ў 1989 годзе, і гэта быў палітычны перфоманс. У “Турэмным альбоме” мы бачым малюнкі гэтых камер, і шмат хто з нас іх прайшоў. Напрыклад, Алесь галадаў – і гэта вылілася на паперу ў выглядзе малюнкаў і тэкстаў”
“Альбом здзіўляе сваёй шчырасцю. Дзякуй, Алесь, што зрабіў гэта ў цяжкіх умовах”, – адзначыў Алесь Бяляцкі.
А напрыканцы прэзентацыі выставы пісьменнік і бард Зміцер Бартосік выканаў некалькі сваіх песняў:
“Шалік белы з чырвонаю стужкай… Ты сама яго павязала ў дзень, калі павязалі мяне...”
Відэа з мерапрыемства можна паглядзець на старонцы ПЦ "Вясна" у facebook.