viasna on patreon

Суд адмовіў аб’яднанню „ЭкаБрэст” у задавальненні скаргі на адмову ў рэгістрацыі

2019 2019-09-27T11:01:41+0300 2019-09-30T15:38:15+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/ekobrest_260519_kisliak.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Фота прадстаўлена Раманам Кісляком. Крыніца: b-g.by

Фота прадстаўлена Раманам Кісляком. Крыніца: b-g.by

Судовая калегія па грамадзянскіх справах Берасцейскага абласнога суда пакінула без задавальнення скаргу абласнога экалагічнага праваабарончага грамадскага аб’яднання «ЭкаБрэст» на адмову ў рэгістрацыі, паведаміў БелаПАН старшыня абʼяднання, праваабаронца Раман Кісляк.

Устаноўчы сход арганізацыі адбыўся 26 мая. Заснавальнікамі абʼяднання выступілі 12 жыхароў Берасця і Берасцейскага раёна. Галоўная мэта арганізацыі – шырокае прыцягненне грамадскасці да вырашэння экалагічных праблем, абарона правоў і свабоды чалавека, зафіксаваных у Канстытуцыі Беларусі і яе міжнародных дамовах.

26 чэрвеня ў галоўнае ўпраўленне юстыцыі Берасцейскага аблвыканкама былі пададзены дакументы на рэгістрацыю арганізацыі. 26 ліпеня была атрымана адмова ў дзяржрэгістрацыі. У абгрунтаванні адмовы галоўнае ўпраўленне юстыцыі ўказала, што дакументы, прадстаўленыя для дзяржаўнай рэгістрацыі, змяшчаюць парушэннi заканадаўства, выяўленыя парушэнні носяць невыпраўляльны характар, а дакументы, прадстаўленыя для дзяржаўнай рэгістрацыі ГА «ЭкаБрэст», не адпавядаюць «патрабаванням заканадаўства Рэспублікі Беларусь».

«Кіраўніцтву юстыцыі аблвыканкама не спадабалася стылістыка пададзеных намі дакументаў. Мы лічым, што гэтага недастаткова для адмовы ў рэгістрацыі, і даказвалі гэта ў судзе. Суд пагадзіўся з часткай нашых довадаў, але пры гэтым стаў на бок аблвыканкама і ў сваім рашэнні паказаў, што адмова ў рэгістрацыі правамерная. Мы маем намер падаваць апеляцыйную скаргу ў Вярхоўны суд», – заявіў Кісляк.

Арганізацыя «ЭкаБрэст» зʼявілася ў выніку працяглага грамадскага выступлення супраць будаўніцтва акумулятарнага завода пад Берасцем, у ходзе якога адстойваліся не толькі экалагічныя, але і грамадзянскія правы. Заснавальнікі абʼяднання лічаць, што «ЭкаБрэст» дапаможа вырашыць гэтую праблему.

Акумулятарны завод ТАА «АйПаўэр» пабудаваны на прамысловай пляцоўцы «Аэрапорт» у СЭЗ «Брэст». На заводзе плануецца наладзіць поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй. Жыхары Берасця і Берасцейскага раёна лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Актывісты выявілі шэраг парушэнняў пры рэалізацыі праекта.


 Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96


Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства