viasna on patreon

Блогер Павук спрабуе спагнаць 25 тысяч рублёў маральнай шкоды з райаддзела міліцыі Фота

2019 2019-09-27T08:07:56+0300 2019-09-30T15:38:01+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/pavuk-sud-01.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Андрэй Павук. Фота: ГА "БАЖ".

Андрэй Павук. Фота: ГА "БАЖ".

У судзе Акцябрскага раёна 26 верасня распачаўся разгляд пазову блогера, сябра ГА “БАЖ” Андрэя Павука да раённага аддзела міліцыі на спагнанне 25 тысяч рублёў маральнай шкоды. Як паведамляе Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў", пазоўца заяўляе пра адсутнасць у міліцыянтаў дастатковых падстаў на затрыманне і абвінавачванне ў паведамленні пра мініраванне будынка  райвыканкама.

Праверкі на ўваходзе

Падтрымаць Павука ў судзе прыехалі сябры Беларускай асацыяцыі журналістаў, блогеры з Гомеля, праваабаронцы і сваякі.

Падчас рэгістрацыі некаторыя праваабаронцы і блогеры выказалі сваё здзіўленне дзяжурнаму міліцыянту: у іх ён патрабуе дакументы, запісвае ў журнал наведвання, а трое маладых людзей у цывільным мінавалі пост без аніякай праверкі і рэгістрацыі. Як высветлілася, гэта былі Ілья Дробаў, Міхаіл Папруга і Аляксандр Найшулер — акурат тыя супрацоўнікі міліцыі, якія 20 сакавіка затрымалі Павука, калі ён быў дома з малалетняй дачкой, надзелі на яго кайданкі і забралі ў пастарунак на пяць з паловай гадзін. У суд яны прыйшлі ў якасці сведак. На патрабаванне праваабаронцаў міліцыянтаў-сведкаў урэшце зарэгістравалі.

Відэа не дазволена

Хадайніцтва пазоўцы Павука на правядзенне відэафіксацыі разгляду справы суддзя Уладзімір Васілеўскі адхіліў, хоць блогер тлумачыў, чаму гэта важна ў беларускіх рэаліях: калі пратаколы судовых пасяджэнняў пішуцца ўручную, а суды залежныя ад улады.

Супраць відэафіксацыі судовага працэсу былі прадстаўнікі міліцыі: начальнік крымінальнага вышуку Акцябрскага РАУС Міхаіл Шыловіч і юрыст з УУС Гомельскага аблвыканкама Валянціна Радзівонава. У той жа час задаволена хадайніцтва, каб інтарэсы Андрэя Павука ў судзе, апроч жонкі Вольгі, прадстаўляў яшчэ і сябра ГА “БАЖ”, юрыст Леанід Судаленка.

Прадстаўнікі з боку міліцыі — Міхаіл Шыловіч і Валянціна Радзівонава Прадстаўнікі з боку міліцыі — Міхаіл Шыловіч і Валянціна Радзівонава. Фота: ГА "БАЖ".

Пазоўца пацвердзіў свае патрабаванні

Андрэй Павук цалкам пацвердзіў свае патрабаванні да Акцябрскага раённага аддзела міліцыі на грашовую кампенсацыю маральнай шкоды. Яго прадстаўнік Судаленка дадаў, што, нягледзячы на папярэднія шматлікія звароты ў міліцыю і органы пракуратуры, Павук не атрымаў уцямнага адказу пра тыя “дастатковыя падставы”, паводле якіх ён быў затрыманы, а ў яго кватэры зроблены вобшук з выняткамі камп’ютараў ды іншай тэхнікі. Супраць Андрэя завялі крымінальную справу, хоць ніякіх доказаў таго, што менавіта ён адпраўляў паведамленне пра мініраванне райвыканкама, міліцыя не прадставіла.

Адказчыкі пазоў не прызналі. Валянціна Радзівонава звяртала ўвагу суда, што Андрэй Павук не абскарджваў ні пастанову на затрыманне, ні пратаколы вобшуку, ні прымяненне спецсродкаў — кайданкоў.

“Каб патрабаваць кампенсацыі маральнай шкоды, павінна быць захавана працэдура абскарджвання тых нарматыўных дакументаў, у аснове якой ляжыць, як вы кажаце, незаконнасць. Павінен быць дакумент пра тое, што дзейнасць органаў міліцыі была незаконнай”, — заяўляла Радзівонава.

Леанід Судаленка ў сваю чаргу заўважыў, што сказанае прадстаўніцай абласной міліцыі гэта права, а не абавязак пазоўцы:

“Мой давернік самастойна выбірае тыя прававыя інструменты, якія дзейнічаюць у Беларусі, дзеля абароны свайго права. Андрэй Павук лічыць, што ў супрацоўнікаў міліцыі не было дастатковых падстаў, якія пералічаныя ў Крымінальна-працэсуальным кодэксе, для правядзення вобшуку, а тым больш для затрымання”.

Рэмаркі Радзівонавай не раз выклікалі шум здзіўлення ў зале, і яна звярталася да суддзі, каб той забяспечваў цішыню.

Андрэй Павук з прадстаўніком ГА “БАЖ” Леанідам Судаленкам. Фота: ГА Андрэй Павук з прадстаўніком ГА “БАЖ” Леанідам Судаленкам. Фота: ГА "БАЖ".

“Не прымаў рашэння, а толькі пісаў пастанову”

Так заявіў у судзе дапытаны ў якасці сведкі аперупаўнаважаны крымінальнага вышуку Акцябрскага РАУС, старшы лейтэнант міліцыі Ілья Дробаў. З тлумачэнняў выглядала, што ў кватэру блогера Павука Дробаў з калегам Міхаілам Папругай  і кіроўцам прыехалі, бо ў аддзел паступіла паведамленне з Гомельскага ўпраўлення МНС пра мініраванне будынка райвыканкама. Пад паведамленнем значыліся электронны адрас і нумар тэлефона Павука. Самога паведамлення міліцыянты не бачылі, дзейнічалі паводле распараджэння дзяжурнага РАУС. Рашэнне аб затрыманні Дробаў прыняў тады, калі Андрэй Павук выйшаў з кватэры і стаў спускацца па лесвіцы, нібыта не рэагуючы на супрацоўнікаў міліцыі.

— І я вам не казаў, што ў мяне малалетняя дачка засталася адна ў кватэры? — запытаўся Павук у сведкі.

— Не, не гаварыў. Вы размаўлялі па тэлефоне і сталі спускацца па лесвіцы ўніз. Я быў перакананы, што гэта спроба схавацца, — заявіў Дробаў.

Блогер хадайнічаў паглядзець кавалак стрыму, які ён вёў у дзень затрымання. Акурат відэа зафіксавала яго зварот да міліцыянтаў.

Праслухоўванне аўдыязапісу размовы Андрэя Павука з дзяжурным Гомельскага ўпраўлення МНС выявіла яшчэ адну цікавую дэталь “мініравання” райвыканкама. На пытанне Павука, калі паступіла электроннае паведамленне пра мініраванне, службовец МНС двойчы паўтарыў : “18.03 у 18.03”.  

Будынак
Будынак Акцябрскага раённага суда. Фота: ГА "БАЖ".

Каментуючы ўказаную дату, Андрэй Павук выказаў вялікі сумнеў у існаванні сапраўднага паведамлення пра мініраванне Акцябрскага райвыканкама.

Леанід Судаленка звярнуў увагу суда на супярэчнасць паказанняў аперупаўнаважанага Дробава ў судзе і ў працэсуальным дакуменце, якім з’яўляецца ім жа падпісаная пастанова на затрыманне Андрэя Павука. У ёй, у прыватнасці, сцвярджаецца: Павук “абгрунтавана падазраецца ў тым, што 20.03. 2019 каля 9.00 – 9.30 гадзін наўмысна, з мэтай прыняцця мер рэагавання з боку дзяржаўных органаў, здзейсніў заведама ілжывае электроннае паведамленне на электронную пошту gomel@mchs.gov.by Міністэрства па надзвычайных сітуацыях пра падрыхтоўку тэрарыстычнага акта…”.

“Сына хочуць знішчыць”

Напярэдадні слухання судовай справы пра спагнанне з міліцыі маральнай шкоды за беспадстаўнае абвінавачванне ў мініраванні будынкаў дзяржаўных устаноў, блогер Павук у мэсенджары Viber атрымаў ананімную пагрозу нібыта з Філіпінаў, з нумара тэлефона +639106374342. Невядомая асоба раіць блогеру “закрыць рот” і сказаць сілавікам “дзякуй, што нічога не падкінулі” падчас вобшуку.

У судзе прысутнічала маці Андрэя Павука.

“Я кінулася на яго падтрымку. Начамі не сплю з-за гэтых правакацый. Мне ўжо людзі ў Акцябрскім кажуць, што сына  проста хочуць знішчыць фізічна. І Вольгу, жонку Андрэя, абражаюць. Нават у мясцовай газеце артыкульчыкі з’яўляюцца. Да мяне карэспандэнтка прыязджала. Дык я пыталася: “Навошта гэта робіцца?” А яна мне ў адказ: “Трэба дзяцей выхоўваць!” Кажу ёй: “А як я іх выхавала? Я выхавала іх сумленнымі людзьмі. Я сама такая — не люблю падлізвацца, падладжвацца. Такія ў мяне і дзеці”, — тлумачыць Зінаіда Іосіфаўна.

Суд працягне  разгляду пазову блогера Андрэя Павука да міліцыі 8 кастрычніка.


 Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства