У Мінску абмеркавалі змены ў закон “Аб адтэрміноўках” у кантэксце правоў чалавека Фота
На адукацыйнай пляцоўцы "Тэрыторыя правоў" восьмага верасня адбылася канферэнцыя па тэме “Змены ў заканадаўства “Аб адтэрміноўках” і правы чалавека”. На мерапрыемстве абмяркоўваўся шэраг пытанняў, звязаных з правам на адукацыю і яго суадносінамі з абавязкам бараніць краіну, а таксама была прынята адпаведная рэзалюцыя.
У канферэнцыі прынялі ўдзел юрысты Праваабрончага цэнтру “Вясна”, эксперты Украінскай асацыяцыі студэнтаў, Грмадскага Балонскага камітэту, актывісты Задзіночання Беларускіх студэнтаў і кампаніі #вучобаважней.
Юрыст Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алег Пашкевіч распавёў пра міжнародныя дакументы, у якіх замацавана права на адукацыю, у тым ліку пра Міжнародны пакт аб сацыяльна-эканамічных правах і пра Канвенцыю СНД аб правах і асноўных свабодах чалавека.
Права на адукацыю можа быць абмежавана толькі тады, калі ёсць пагроза нацыянальнай бяспецы. У Беларусі няма адкрытага ваеннага канфлітку, і таму змены ў заканадаўства “Аб адтэрміноўках” не суразмерныя сітуацыі ў краіне. Таксама юрыст лічыць, што ўвядзеннем новага закону дзяржава пасягнула на права чалавека на свабоду перамяшчэння.
“Дзяржава не абавязана рабіць адукацыю бясплатнай, але яна не мусіць чалавеку забараняць абіраць, дзе вучыцца: тут ці за мяжой. Яна не мусіць забараняць яму ехаць за мяжу. Умяшальніцтва дзяржавы ў неперарыўнась адукацыі – гэта парушэнне права на яе атрыманне”.
Старшыня назіральнага савета Украінскай асацыяцыі студэнтаў Ліза Шчапяцільнікава прадставіла прэзентацыю на тэму акадэмічнай мабільнасці і распавяла пра досвед Украіны ў гэтым накірунку.
“Абмежаванне акадэмічнай мабільнасці ў сучасным свеце выглядае вельмі абсурдна. Мэта Балонскага працэсу, у які ўступіла Беларусь, – 20% мабільных студэнтаў. Безумоўна, краіна можа ігнараваць гэтае ці іншыя патрабаванні, спасылацца на рэкамендацыйны характар, знаходзіць розныя адгаворкі і г.д. Але рана ці позна гэта прыводзіць да канфліктных сітуацый з замежнымі партнёрамі. Напрыклад, будзе складана растлумачыць партнёрскаму замежнаму ўніверсітэту, што студэнты мусяць адслужыць на радзіме і толькі потым працягваць адукацыю за мяжой”.
Па меркаванні эксперткі, беларускі закон “Аб адтэрміноўках” стварае праблемы для ўдзелу ў інтэграваных адукацыйных праграмах і для атрымання некалькіх ступеняў адукацыі.
Прадстаўнік Грамадскага Балонскага камітэту Уладзімір Дунаеў, у сваю чаргу, адзначыў, што змены ў закон “Аб адтэрміноўках” парушаюць прынцып даступнасці вышэйшай адукацыі і прынцып універсітэцкай аўтаноміі. Дарэчы, па гэтым паказчыку Беларусь стабільна застаецца аўтсайдэрам нават сярод краін СНД.
“Структура вышэйшай адукацыі ў Беларусі моцна дэфармавана ў параўнанні з еўрапейскай. У нас вельмі мала маладых людзей паступае ў магістратуру і аспірантуру. І, на жаль, складаецца такое адчуванне, што задача беларускай палітыкі – зрабіць так, каб яшчэ менш людзей працягвалі сваё навучанне”.
Таксама на канферэнцыі выступілі актывісты Задзіночання беларускіх студэнтаў і новай грамадскай кампаніі #вучобаважней, створанай для супрацьдзеяння закону “Аб адтэрміноўках”. У прыватнасці, актывіст Радзіон Чорны прэзентаваў вынікі апросу ў сацыяльных сетках наконт таго, чаму маладыя людзі не жадаюць ісці на службу, а таксама распавёў пра сітуацыю з прызывамі ў армію ў суседніх краінах.
Валанцёр ПЦ “Вясна” Юрый Мяцельскі і грамадскі актывіст Зміцер Варнашоў распавялі пра свой досвед службы ў беларускай арміі.
Напрыканцы мерапрыемства была прынята рэзалюцыя.
Удзельнікі канферэнцыі лічаць, што прынятыя змены у закон “Аб адтэрміноўках” значна абмяжоўваюць права на адукацыю, замацаванае ў Канстытуцыі, Міжнародным Пакце аб сацыяльных і эканамічных правах і іншых міжнародных дакумантах, датычных правоў чалавека. З-за гэтага значна пагаршаецца сітуацыя з акадэмічнымі свабодамі ў краіне, ствараюцца перашкоды акадэмічнай мабільнасці і парушаецца права на атрыманьне вышэйшай адукацыі.
Найбольш ад дадзеных зменаў, па меркаванні ўдзельнікаў, могуць пацярпець наступныя катэгорыі грамадзян:
- навучэнцы каледжаў, якія планавалі працягнуць адукацыю ў вышэйшых навучальных установах,
- студэнты, якія навучаюцца за мяжой і плануюць працягваць адукацыю на магістэрскіх праграмах (што з’яўляецца поўным цыклам навучання ва ўніверсітэце, зыходзячы з традыцый дадзеных краін),
- студэнты, якія жадаюць працягваць адукацыю у магістратуры і надалей у аспірантуры.
Па меркаванні ўдзельнікаў канферэнцыі, сітуацыя у беларускім войску не спрыяе самаадукацыі салдатаў тэрміновай службы і падтрымання дастатковага ўзроўню ведаў з-за недахопу вольнага часу і недастатковага доступу да каналаў камунікацыі.
Змены заканадаўства будуць мець значныя негатыўныя наступствы як для асобных грамадзян, так і ўсяго грамадства: з-за верагоднага змяншэння колькасці людзей, каторыя атрымалі вышэйшую адукацыю, узнікнення дадатковых бар’ераў для тых, хто жадае працягнуць адукацыю у магістратуры і аспірантуры.
Што прапануюць удзельнікі канферэнцыі?
- прыняць неадкладныя захады па адмене зменаў у заканадаўства “Аб адтэрміноўках”.
- дэмакратычным НДА і палітычным рухам і партыям не пакідаць па-за ўвагай гэтае пытанне і актыўна далучацца да кампаній, якія маюць на мэце скасаванне дадзеных зменаў.
- Дзеля пазбягання значнага перапынку у прафесійнай дзейнасці з-за неабходнасці вайсковай службы пасля сканчэння ВНУ стварыць умовы для жадаючых студэнтаў усіх ВНУ прайсці навучанне на вайсковых кафедрах.
- прадаставіць ваенаслужачым падчас службу ў войску магчымасць атрыманьня фармальнай і нефармальнай адукацыі на дыстанцыйных курсах.
Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96