Мікола Дзядок: "Адказнасць за экстрэмісцкія матэрыялы будзе ўзмацняцца"
Праваабаронцы зафіксавалі, што за першыя шэсць месяцаў 2019 году колькасць судоў па артыкуле “распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў” павялічылася больш, чым у два разы ў параўнанні з другой паловай 2018 году. З чым гэта звязана?
Пра гэта сайту palitviazni.info распавёў прадстаўнік анархічнага руху і былы палітвязень Мікола Дзядок.
За першыя шэсць месяцаў 2019 года вырасла колькасць судоў па артыкуле 17.11 КаАП (“распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў”). Іх колькасць павялічылася больш, чым у два разы ў параўнанні з другой паловай 2018 (было 7, стала 16).
З пачатку 2019 года 12 чалавек атрымалі вялікія штрафы, 4 справы спыненыя ці вернутыя на дапрацоўку. Праваабаронцы ўжо звярталі ўвагу, што ў 2019 годзе памеры штрафаў па “экстрэмісцкім” артыкуле значна ўзраслі.
– Так, сапраўды аб’ёмы штрафаў узрастаюць за распаўсюд так званых экстрэмісцкіх матэрыялаў, і, як мне падаецца, яны ўзрастуць яшчэ больш, – кажа Мікола Дзядок. – Не так даўно ў другім чытанні быў прыняты законапраект, па якім барацьба з экстрэмізмам павінна ўзмацніцца. Па новым заканадаўстве, штрафы павялічацца амаль у два разы, а таксама ўводзіцца шэраг дадатковых крымінальных адказнасцей.
– З чым гэта найперш звязана?
– Дзяржава ў апошнія пяць гадоў актыўна пачала змагацца з экстрэмізмам і актыўна прасоўваць гэта ў жыццё. Я б назваў тры фактары, які на гэта ўплываюць.
Першы фактар – улада баіцца Майдана. Яны пабачылі, што нефармальныя групоўкі (у тым ліку, моладзевыя) могуць быць падчас масавых пратэстаў вельмі радыкальнымі і могуць быць рэальна небяспечнымі для рэжыма. Таму можна ўбачыць вельмі выразную карэляцыю таго, што адразу пасля Майдана сілавікі шчыльна ўзяліся за футбольных фанатаў і анархістаў.
Другі фактар – абсалютнае банкруцтва апазіцыйных партый і рухаў у плане змены рэжыма і арганізацыі масавых пратэстаў. Яны паказалі, што не здольныя ўяўляць небяспеку для ўладаў. Апазіцыя ўбудавана ў сістэму, яна прама ці ўскосна падкантрольная спецслужбам і абмяжоўвае сябе дзеяннямі ў межах закона. А радыкальныя групоўкі падкрэсліваюць, што яны не абмяжоўваюць сваю дзейнасць выключна межамі закона і іх, у адрозненні ад апазіцыі, вельмі складана кантраляваць. Для загнання гэтых груповак у гета патрэбны радыкальныя меры, нішто іншае не працуе, бо сябры гэтых суполак вельмі ідэйна матываваныя, чаго не скажаш пра многіх апазіцыйных лідараў. Таму ў дачыненні да радыкалаў і ўжываюцца метады жорсткага кантролю і рэпрэсій. І каб іх ажыццяўляць, патрэбны прававыя рамкі, для чаго і прымаецца законапраект.
Трэці фактар – гэта тое, што ў Беларусі вельмі вялікі рэпрэсіўны апарат, і яму неабходна пастаянна чымсьці займацца. Каб апраўдваць сваё існаванне, патрэбна ўвесь час шукаць новых ворагаў, а калі іх няма, то варта іх прыдумаць. Бо відавочна, што колькасць радыкалаў у Беларусі не адпавядае тым велізарным высілкам, якія ўжываюцца супраць іх. Гэта не тая небяспека, дзеля якой трэба прыцягваць на мірныя сходы атрады хуткага рэагавання, але градус напружанасці пастаянна падтрымліваецца самімі ж сілавікамі. Яны паказваюць, што “экстрэмісты” стараюцца захапіць краіну.
– Наступ па гэтым накірунку будзе працягвацца?
– Мяркую, што далей будзе толькі горш. Будуць судзіць за выказванні ў Інтэрнэце, што ўжо адбываецца, такія пробныя шары ўжо пакаціліся за распальванне сацыяльнай варажнечы. І паколькі міліцыянты называюць сябе сацыяльнай групай, то калі ёсць незадаволеныя выказванні ў дачыненні да міліцыі, то гэта ўжо кваліфікуецца, як распальванне варожасці.
Беларусь бярэ ўсё горшае з расейскага досведу барацьбы з эсктрэмізмам. Вядома, напрыклад, што нашы камісіі, якія вызначаюць матэрыялы на прадмет экстрэмізма, ездзяць на стажыроўкі ў Расію.
Думаю, адказнасць за экстрэмісцкія матэрыялы будзе ўзмацняцца, і гэта будзе працягвацца роўна да таго часу, пакуль грамадства не скажа сваё слова ў абарону сваіх правоў. Не выключана, што ў хуткім часе спіс тых, каго запішуць у экстрэмісты, значна пашырыцца.
Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96