Сайт пра правы чалавека ў Магілёве запускае новы падкаст-праект
Сайт пра правы чалавека ў Магілёве mspring.online запускае новы аўдыё-праект, у якім журналісты будуць абмяркоўваць усе хвалюючыя чытачоў пытанні.
"Нам не хапае простага дыялогу з аўдыторыяй, – кажуць журналісты сайту. І замест таго, каб правесці фан-сустрэчу, на якую ніхто не прыйдзе (у першую чаргу з самой рэдакцыі), задумалі чарговы падкаст. Магілёўскія медыя адчайна не ведаюць, што цікава мясцовым жыхарам і таму займаюцца актыўным рэрайтам зводак ДТЗ і БелТА. Мы вырашылі пайсці іншым шляхам і будзем гаварыць толькі пра тое, што цікава менавіта вам".
Праект мае назву «Дарагая рэдакцыя». У ім сябры каманды MSPRING.ONLINE будуць адказваць на ўсе пытанні, якія дашлюць чытачы, наглядчыкі і слухачы: ад “Адкуль вы ведаеце, што ўязная арка каштавала 2 млн даляраў” да “Што падарыць бабулі, каб яе парадаваць”.
Пытанні прымаюцца з панядзелка па пятніцу кожны тыдзень. Задаць іх можна ананімна праз гугл-форму.
А таксама даслаць іх у паведамленні пабліка “Укантакце“, у паведамленні групы ў Facebook, у Twitter і Instagram.
Падкаст “Дарагая рэдакцыя” будзе з’яўляцца па панядзелках у 12:05.
Таксама стваральнікі праекту плануюць перыядычна запрашаць у студыю гасцей, якія таксама прымуць удзел у адказах і абмеркаваннях дасланых пытанняў.
Першы выпуск з’явіцца ўжо 24 чэрвеня.
Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96