viasna on patreon

Улады Беларусі пракаментавалі ў ААН скаргу "безгалосага мужчыны, які гучна крычаў"

2019 2019-06-20T09:55:19+0300 2019-06-24T13:20:19+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kazlou_67.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Урад Беларусі адрэагаваў на скаргу прадстаўніка незалежнага прафсаюза РЭП у Гомельскім рэгіёне Віктара Казлова, зарэгістраваную ў Камітэце ААН па правах чалавека (№3308/2019). На міжнародным узроўні беларускія чыноўнікі заявілі аб непрымальнасці скаргі, так як заяўнік не абскарджваў пастанову суда ў пракурорскіх інстанцыях, паведамляе "Гомельская Вясна".

Віктар Казлоў. Фота:
Віктар Казлоў. Фота: "Радыё Свабода"

70-гадовы мужчына, які страціў пасля анкалагічнай аперацыі голас абараняе ў Жэневе свае правы не падвяргацца адвольнаму затрыманню і арышту, на справядлівы суд, на выказванне свайго меркавання і мірны сход. Знайсці абарону правоў ўнутры краіны незалежнаму прафсаюзніку не ўдалося, судовыя інстанцыі, уключаючы Вярхоўны Суд, паверылі тром міліцыянтам-амапаўцам, падвяргаючы сумневу заключэння ўрачоў аб тым, што пацярпелы пасля выдалення часткі лёгкага не тое што крычаць, размаўляе ў паўсядзённым жыцці толькі шэптам.

Нагадаем, амапаўцы затрымалі Віктара Казлова раніцай 25 сакавіка 2017 года ў вёсцы Цярэшкавічы, калі той накіроўваўся ў Гомель для ўдзелу ў «Маршы нетунеядцаў-2». Адвезлі ў райаддзел, адтуль прэвентыўна адправілі ў ізалятар, дзе яго двое сутак да суду пратрымалі за кратамі. Амапаўцы ў рапартах напісалі, што яны ахоўвалі грамадскі парадак, а мужчына нецэнзурна лаяўся на вуліцы, на заўвагі не рэагаваў, спрабаваў уцячы, хапаўся за форму.

«Я пасля аперацыі казаць не магу нармальна, нават шэптам, а тут гучна крычаў? Супрацоўнікі АМАПу ілжэсведчылі ў судзе, блыталіся ў паказаннях. Гэта была мэтанакіраваная акцыя затрымаць мяне, каб не дапусціць маёй прысутнасці 25 сакавіка на пляцоўцы каля ДК «Віпра», дзе праходзіў мітынг», — успамінае падзеі вясны 2017 прадстаўнік прафсаюза.

Віктар Казлоў адзначае, што з выкарыстаннем міжнародных механізмаў хоча прыцягнуць увагу да ўстоянай ў Беларусі заганнай практыцы, калі напярэдадні акцый незадаволеных прэвентыўна затрымліваюць супрацоўнікі міліцыі, ілжыва сведчаць, абвінавачваючы ў хуліганцы і непадпарадкаванні. У выніку ён, напрыклад, правёў пад арыштам да суда больш двух сутак (51 гадзіну), а суд выпісаў яму штраф. Пытанне адвольнага затрымання і арышту ў такіх выпадках застаецца без судовай ацэнкі.

Па словах праваабаронцы Леаніда Судаленка, які займаецца гэтай справай ў КПЧ ААН, беларускія ўлады пакінулі без каментара довады скаргі, чаму і для якіх мэт прадстаўніка прафсаюза арыштавалі напярэдадні мірнага сходу. Праходзіць жа пракурорскія інстанцыі, як пра гэта заявіў беларускі бок, юрыспрудэнцыя КПЧ ААН не патрабуе.


Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства