Выстава “Мары з-за кратаў” — пераможцы абраныя Фота
Напачатку 2019 года Праваабарончы цэнтр “Вясна” абвясціў конкурс мастацкіх прац зняволеных папраўчых устаноў і іншых месцаў несвабоды. Цягам некалькіх месяцаў было даслана некалькі дзесяткаў цікавых прац, якія ўсе жадаючыя маглі пабачыць на выставе “Мары з-за кратаў” на пляцоўцы “Тэрыторыя правоў” у Мінску.
Усяго было тры прызавых месцы. Першыя два абірала прафесійнае журы, якое склалася з вядомых беларускіх мастакоў. Гэта — жывапісец, тэатральны крытык і перформер Алесь Пушкін, мастак і куратар Руслан Вашкевіч, а таксама дызайнер і галоўны рэдактар часопіса «pARTisan» Артур Клінаў. Трэцяе — прыз глядацкіх сімпатый.
Пераможцы:
1 месца і грашовы прыз у 200 рублёў атрымаў Валерый Сівакоў. Яго працу “Парад планет” у тым ліку адзначыў мастак Руслан Вашкевіч.
Варта падкрэсліць, што праца Валерыя Сівакова атрымала высокія ацэнкі і гледачоў.
“Тут відаць, што аўтар ведае нейкі бэкграўнд. Яго неба — не проста так, гэта начное неба Ван Гога. Зона, плот, калючы дрот, парад планет, які ён пабудаваў (Венера і Марс) — на маю думку, гэта вельмі глыбокая праца пры ўсёй сваёй простай падачы”, — пракаментаваў Руслан Вашкевіч.
Другое месца і грашовы прыз у 100 рублёў — Аляксандр Марцута. Ён даслаў адразу амаль дваццаць прац.
“Гэтае пано — гэта наогул адзін у адзін тое, што зрабіў Бэнксі ў Венецыі. Толькі там гэта быў міжнародны скандал поспеху, а тут гэта прыватнае амаль нікому не прыкметнае мастацтва. Тым яно і каштоўней”, — зазначыў Руслан Вашкевіч.
Трэцяе месца і прыз у 100 рублёў — у Арцёма Токара. Ён даслаў адразу некалькі прац, сярод якіх — малюнак ў фарбах са сланечнікамі.
Яшчэ адзін прыз — паўгадовая падпіска на “Белгазету”. Яе атрымаў Зміцер Філіпцоў за карыкатуру “Засталіся толькі адкідныя месцы”.
Каардынатарам конкурса выступіў праваабаронца "Вясны" Павел Сапелка, які займаецца маніторынгам пенітэнцыярнай сістэмы ў Беларусі.
“Выбраць пераможцу было вельмі складана сярод такой разнастайнасці жанраў і тэматыкі, некаторыя дасылалі цэлыя зборнікі вершаў... Тыя, хто не сталі прызёрамі — гэта не таму, што ў іх працы былі горш, а проста таму, што ўсе адразу не маглі стаць пераможцамі”, — адзначыў Павел Сапелка.
Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96