viasna on patreon

Як сустрэча анархістаў пад Кобрынам скончылася катаваннямі

2019 2019-04-29T11:46:12+0300 2019-04-29T11:46:12+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/paboi-ruka-692x390.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

На выходных 20 красавіка дваццаць прадстаўнікоў спецслужбаў (АМАП і САХР) у бронекамізэльках з аўтаматамі ды ў масках уварваліся на лецішча ў вёсцы Тэўлі Кобрынскага раёну, дзе адпачывала група з 11 маладзёнаў. На ўсіх надзелі кайданкі і адвезлі ў Кобрынскі РУУС, пасля чаго яны ноч правялі ў ізалятары часовага ўтрымання. Пацярпелыя падчас нападу на сустрэчы анархістаў пад Кобрынам распавялі Белсату аб катаваннях, якім іх падверглі. 

У выніку ніякіх абвінавачанняў нікому не выставілі. Пратаколаў не далі, як і тлумачэнняў. Але затрыманне суправаджалася пабоямі, шматгадзінным стаяннем на расцяжцы, пагрозамі «апусціць» і «пасадзіць на бутэльку». Сярод затрыманых была дзяўчына, якую называлі «курыцай», «вафляй» і няпоўнагадовы. 

paboi-ruka-692x390.jpg
Рука аднаго з затрыманых. Фота: "Белсат"

Актывісты анархісцкага руху Зміцер і Раман распавялі пра метады запужвання беларускімі спецслужбамі і вырашылі напісаць скаргі на супрацоўнікаў міліцыі. 

«Па-рознаму яны дзеюць. Вобшукі, часамі проста забіраюць. Хутчэй за ўсё хтосьці трапіў у іхнае поле зроку, і гэта стала повадам прыезду. Хутка выбары, Еўрагульні. Я думаю, гэта толькі размінка», — кажа Зміцер.

Хлопец не чакае, што скаргі неяк падзеяць на органы, але хоча стварыць прэцэдэнт.

«А, можа, здарыцца цуд? Бо што гэта – спачатку на нас хацелі скласці пратаколы за непадпарадкаванне. Але ў выніку ніякіх пратаколаў не было. На другі дзень пасля ночы ў ізалятары нас усіх адвезлі ў РУУС, дзе далі папярэджанні, што мы нібыта недзе згубілі свае пашпарты і мусім паўсюль яго з сабой насіць».

Тады пад Кобрынам пяцёра чалавек забралі дадаткова на аналіз мачы на наркотыкі.

«Аднаго забралі яшчэ ў суботу 20 красавіка. На наступны дзень забралі чатырох. У першых двух хлопцаў нібыта знайшлі сляды наркотыкаў. Яны сказалі міліцыі, што гэта немагчыма. І гэта сапраўды немагчыма, яны нават не кураць. Я і дзяўчына адмовіліся здаваць аналіз. Нас не змушалі. Пазней хлопец, якога спраўджвалі з намі, за грошы пайшоў здаць тэст. Вынікі паказалі, што ён чысты. І ў лабараторыі яму сказалі, што той тэст не мог у прынцыпе паказаць, ці ён нешта прымаў», — дадае Зміцер.

Яшчэ адзін затрыманы 20 красавіка, Раман, таксама вырашыў здаць аналіз адразу, бо чытаў у медыях, што інакш працаўнікі МУС разам з лекарам падрабляюць іх: 

«Мой аналіз быў адмоўны. Але, калі я выйшаў са шпіталю, убачыў, як працаўнікі наркакантролю вярнуліся да лекара, мабыць, каб папрасіць перарабіць пратакол. А на рукі мне нічога па выніку не далі. Я толькі распісаўся, што мне аддалі рэчы. Яны хацелі, каб я падпісаў тлумачэнне, што мяне затрымалі, каб высвятліць маю асобу, бо я быў без пашпарту. Але ў мяне быў пашпарт!»

Хлопец распавядае, што падчас затрымання і ў ізалятары яго білі па галаве, у жывот і ў твар.

«Пастаянна абражалі, нецэнзурна лаяліся, адпускалі расісцкія абразы на адрас хлопцаў з замежным абліччам. Пагражалі «пасадзіць на бутэльку», казалі, што акунулі аднаго таварыша галавой у туалет. Сказалі яму: «Ну што, цяпер ты ачкалаз, апушчаны, раскажы сябрам, як мы цябе акунулі». Дзяўчыну затрыманую называлі «курыцай», «вафляй». Адпускалі фразы, кшталту, «расстраляць бы гэтых ідыётаў, і справе канец». На расцяжцы прастаялі, можа, дзве гадзіны, а, можа, больш».

Актывіст дадае, што МУС дало зразумець: анархісты – адная з галоўных пагрозаў дзяржавы.

«За намі ўвесь час сочаць. Перыядычна ў актывістаў ператрусы, затрыманні, сканфіскоўваюць тэхніку, знішчаюць літаратуру. Думаю, калі б нават выбары і гульні не былі на носе, нас бы ўсё роўна «накрылі», калі б даведаліся пра збор. Іх цікавілі звесткі актывістаў, каб потым можна было на іх ціснуць і праводзіць ператрусы. У анархістаў няма адкрытых структураў, лідараў, таму адзіны спосаб нас спыніць – ведаць кожнага актывіста ў Беларусі, да чаго ўласна яны і імкнуцца».

Яўген Жураўскі з ініцыятывы «Прававое дзеянне», што займаецца падтрыманнем анархістаў, антыфашыстаў ды іншых актывістаў, кажа, што скардзіцца заўсёды мае сэнс.

"На жаль, нельга казаць пра тое, што скаргі гарантуюць эфектыўную абарону парушаных правоў, звычайна яны застаюцца без належнага расследавання і кваліфікацыі дзеянняў міліцыянтаў. Але ў той жа час на такія сітуацыі вельмі важна рэагаваць і не замоўчваць.

Скаргі ды інфармацыя ў СМІ ёсць механізмам фіксацыі парушэнняў, якія ў перспектыве могуць прывесці да належнай прававой ацэнкі сітуацыі. Гэта адзіная негвалтоўная альтэрнатыва, не забароненая ў Беларусі. У гэткіх выпадках таксама пры адсутнасці рэакцыі ёсць магчымасць у перспектыве падаваць скаргі ў міжнародныя інстанцыі, што ўплывае на імідж уладаў Беларусі.

Нагадаем, 12 ліпеня 2018 года вельмі падобны па сцэнару напад адбыўся на анархісцкі лагер у Крупках. Тады адвольнаму затрманню, збіццю і абразам падверглася 17 анархістаў, сярод якіх быў карэспандэнт "Новага Часу" Мікола Дзядок. Хлопцаў і дзяўчыт 7 гадзін утрымлівалі на каленях ці лежачы на зямлі тварам уніз. Пазней, пасля шэрагу запытаў у дзяржслужбы, супрацоўнікі ГУБАЗіК заявілі, што іх там "не было".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства