На брэсцкіх журналістаў Ляўчука і Харытонаву склалі адразу пяць пратаколаў
Участковы інспектар міліцыі Маскоўскага РАУС Брэста Руслан Хацько 23 сакавіка выклікаў журналістаў-фрылансераў Алеся Ляўчука і Мілану Харытонаву у пастарунак, паведамляе Прэс-служба "БАЖ".
На іх склалі па два адміністрацыйныя пратаколы за працу на замежны СМІ без акрэдытацыі паводле часткі 2 артыкула 22.9 КаАП. Падставай сталі рэпартажы на тэлеканале “Белсат” пра акцыі пратэстаў жыхароў Брэста супраць будаўніцтва акумулятарнага завода.
Акрамя таго, у дачыненні да Алеся Ляўчука быў складзены яшчэ адзін пратакол паводле артыкула 23.4 КаАП — за непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы.
Як распавёў Алесь Ляўчук гэтая гісторыя звязана з падзеямі 3 сакавіка, калі яго жорстка затрымалі супрацоўнікі міліцыі. У той дзень Алесь Ляўчук і Мілана Харытонава збіраліся асвятляць чарговую акцыю супраць будаўніцтва акумулятарнага завода.
“Затрыманне і ўжыванне супраць мяне сілы я палічыў незаконным і накіраваў скаргі ў Следчы камітэт і пракуратуру. Аднак, як высветлілася, адтуль гэтыя скаргі трапілі ў Маскоўскі РАУС Брэста, супрацоўнікі якога бралі ўдзел у затрыманні. Самі яны распавядалі, што скардзіцца на іх няма сэнсу, бо лісты вяртаюцца ў міліцыю. А ў якасці помсты завялі на мяне новую справу нібыта за непадпарадкаванне”, — кажа Алесь Ляўчук.
Суд па гэтай справе прызначаны на 30 красавіка.
Паводле базы пераследу ПЦ "Вясна", толькі ў гэтым 2019 годзе Алесь Ляўчук і Мілана Харытонава былі прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за супрацу з замежным СМІ ажно пяць разоў. Ляўчук атрымаў штрафы на агульную суму 7140 рублёў, а Харытонава - на 6120 рублёў.