Міліцыя расплаціцца за знішчаны нацыянальны сцяг
Суд Першамайскага раёну г. Віцебску 24 красавіка вынес рашэнне па пазову актывіста Міколы Качурца, які намагаўся, каб яму вярнулі незаконна канфіскаваны на БНР-100 бел-чырвона-белы сцяг, піша "Віцебская Вясна". Але, як стала вядома пазней, сцяг быў знішчаны.
Суд толькі часткова задаволіў пазоўныя патрабаванні Міколы Качурца, які прасіў спагнаць з Кастрычніцкага РАУС 42 рублі за знішчаны ў 2018 годзе бел-чырвона-белы сцяг. Суддзя Алена Савіцкая ацаніла шкоду на 8 рублёў 30 капеек. Паводле рашэння суду, міліцыя мусіць таксама сплаціць актывісту частку судовых выдаткаў – 42 капейкі. Агулам атрымліваецца – 8,72 рублёў. Гэтая сума будзе выплачаная з рэспубліканскага бюджэту.
На судовым паседжанні 24 красавіка Мікола Качурэц дакумэнтальна абгрунтаваў кошт прычыненай шкоды (42 рублі). Прадаставіў суду прайс з інтэрнэт-крамы Symbal.by, дзе бел-чырвона-белы сцяг каштуе 20 рублёў, а таксама – дакументы аб коштах дрэўка (палімернай трубы) і квіткоў для паездкі да Мінску і назад.
Міліцыянт Дзмітрый Жук, які прадстаўляў у судзе Кастрычніцкі РАУС, заявіў, што не згодны з запатрабаванай сумай іску. Паводле адказчыка, знішчаны сцяг быў не новы, выглядаў кепска, і яго “можна было б ацаніць на вагу рыззя”. Тым не менш, Жук папрасіў суд далучыць да справы прайсы з крамы “Сялена”, дзе можна набыць тканіну белага і чырвонага колераў па цане 2,50 руб. за 1 м., а таксама – даведку ад швачкі, якая ўзялася б вырабіць падобны сцяг за 7 рублёў.
Але аказалася, што пры вызначэнні сумы кампэнсацыі судзя Алена Савіцкая кіравалася выключна лічбамі, якія суд сам атрымаў праз запыты ў віцебскі ўнівермаг, на швейнае прадпрыемства “Труд-Віцебск” і ў “Дом сантэхнікі”. Паводле атрыманай інфармацыі, тканіну для сцяга (0,5 м. X 1,5 м.) можна купіць за 1,39 рубля, пашыць сцяг – за 2,50 рубля, набыць трубу для дрэўка – за 4,41 рубля. Агулам – 8 рублёў 30 капеек.
Такім чынам, паводле падлікаў суддзі, кошт прычыненай шкоды за знішчаны бел-чырвона-белы сцяг аказаўся нават меншы за суму, якую прапаноўваў заплаціць адказчык.
“Зразумела, што за гэтыя 8,72 рублі я не змагу ні купіць, ні пашыць новы сцяг. Суд занізіў ягоны кошт у разоў пяць. Тым не менш, лічу гэтае рашэнне маленькай перамогай, першым крокам у нашым змаганні за бел-чырвона-белы сцяг. Магчыма, такі вынік прымусіць супрацоўнікаў міліцыі задумацца перад тым, як канфіскоўваць, а потым нішчыць святыні”, – сказаў пасля суду Мікола Качурэц.
Віцебскі праваабаронца Леанід Свецік кажа, што гэта першы (прынамсі ў Віцебскай вобласці) выпадак, калі міліцыя будзе вымушаная вярнуць кошт знішчанага нацыянальнага сцяга яго ўладальніку. Але дадае, што рашэнне суддзі нельга назваць бесстароннім.
“Шкада, што грамадзянскі пазоў палітычнага актывіста Міколы Качурца да супрацоўнікаў міліцыі, суд задаволіў толькі часткова. Бо доказы сумы іску былі пераканаўчыя і аргумэнтаваныя дакумэнтальна. Суд фактычна ўзяў на сябе пошук такіх доказаў, якія спрыялі максімальнаму зьніжэнню кошту сцяга, а ў выніку – памяншэнню выплаты матэрыяльнай шкоды з боку адказчыка. У гэтым выпадку нельга назваць рашэнне суду бесстароннім і справядлівым у дачыненні да пазоўніка”, – пракамэнтаваў рашэнне суду праваабаронца Леанід Свецік.
Нагадаем, у 2018 годзе на Дзень Волі Мікола Качурэц выйшаў з бел-чырвона-белым сцягам да помніку князю Альгерду ў Віцебску, быў затрыманы і аштрафаваны Кастрычніцкім судом на 30 б.в. (ч.2 арт. 23.34 КаАП і 23.4 КаАП). Абласны суд пакінуў пастанову без зменаў. Але 25 жніўня старшыня аблсуду адмяніў рашэнне Кастрычніцкага суду і накіраваў адміністрацыйную справу на новы разгляд. 27 кастрычніка яна была скасаваная ў сувязі са сканчэннем тэрміну адміністрацыйнага пакарання.