Праваабаронца прасіў амніставаць Жамчужнага – яму адказалі аб амністыі па арт. 328
Віцебскі праваабаронца Леанід Свецік звярнуўся да дэпутатаў беларускага Парламента з прапановай унесці ў закон аб амністыі асобаў, асуджаных па артыкулах 375, 376 і 431 Крымінальнага кодэкса, паводле якіх адбывае цяпер пакаранне палітвязень Міхаіл Жамчужны. У адказе з Палаты – ні слова пра згаданыя артыкулы і Жамчужнага. Дэпутаты напісалі аб магчымасці ўжывання “акту гуманізму” да асуджаных па арт. 328 КК. Пра гэта паведамляе "Віцебская Вясна".
У сваім звароце ў Палату прадстаўнікоў Леанід Свецік прапанаваў дэпутатам скарыстацца сваім правам на канчатковую рэдакцыю тэкстаў заканадаўчых актаў і ўключыць у закон аб амністыі асобаў, асуджаных на падставе артыкулаў 376 (ч. 1, ч. 2), 375 (ч. 1) і 431 (ч. 1, ч. 2) Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь. На сёння пакаранне ў месцах пазбаўлення волі па гэтых артыкулах адбывае толькі адзін чалавек – палітвязень Міхаіл Жамчужны.
“Амністыя гэтага чалавека будзе актам гуманізму з боку дзяржавы, прадэманструе імкненне беларускіх уладаў да выканання міжнародных стандартаў у сфэры правоў чалавека”, – зазначыў у звароце праваабаронца.
Адказалі, але пра іншае…
Адказ з парламэнту быў нечаканы. Старшыня Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы Валянцін Міхневіч запэўнівае Свеціка, што ягоны зварот “па пытанні прымянення амністыі ў дачыненні да асобаў, асуджаных па артыкуле 328 КК РБ”, разгледжаны. Распавядае пра прынцып калегіяльнасці пры распрацоўцы амністыі і пералічвае назвы органаў, што вызначалі пералік артыкулаў, на якія распаўсюджвалася папярэдняя амністыя.
“13 сакавіка 2019 году Пастаянная камісія Палаты прадстаўнікоў па нацыянальнай бясьпецы разгледзела пытанне аб магчымасці ўжывання гэтага акту гуманізму з боку дзяржавы да асобаў, асуджаных па артыкуле 328 КК, і накіравала пісьмо ў МУС РБ з просьбай улічыць нашыя прапановы пры падрыхтоўцы названага законапраекту”, – напісаў Міхневіч.
Леанід Свецік: Адказу на сваю прапанову так і не атрымаў – прыкра…
Праваабаронца Леанід Свецік сцвярджае, што ні ў цяперашнім звароце ў ПП НС, ні раней не ўздымаў тэму амністыі асуджаных па 328-му артыкулу.
“Тэма гэтая вельмі важная. Напэўна, сябры камісіі атрымалі вельмі шмат зваротаў аб неабходнасці амністыі асуджаных па “наркатычнаму” артыкулу, таму не выключаю, што адбылася блытаніна. Але ж я так і не атрымаў адказу на сваю прапанову – амніставаць палітвязня Міхаіла Жамчужнага. Гэта прыкра…” – кажа Леанід Свецік.
Між тым, 17 красавіка меркаваны спіс артыкулаў, асуджаныя па якіх могуць падпасьці пад амністыю ў 2019 годзе, апублікаваў партал TUT.BY. Паводле законапраекту, які трапіў да журналістаў, амністыя закране і пакараных па “наркатычным” артыкуле. Але толькі часткова. У прыватнасці, на два гады могуць скараціць тэрміны зняволення непаўналетнім і на 1 год – асуджаным па частках 1,2,3 арт. 328.
Нагадаем, раней яшчэ адзін віцебскі праваабаронца Павал Левінаў заклікаў Лукашэнку амніставаць асуджаных паводле артыкулу 328 КК РБ.
Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96