viasna on patreon

Мішэль Форст: «Упэўнены, што да канца свайго жыцця буду знаходзіць спосабы абараняць праваабаронцаў» Фота

2019 2019-04-17T15:44:11+0300 2019-04-23T16:22:24+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/michaelforst2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Спецыяльны дакладчык ААН па становішчы праваабаронцаў Мішэль Форст

Спецыяльны дакладчык ААН па становішчы праваабаронцаў Мішэль Форст

16 красавіка на пляцоўцы «Тэрыторыя правоў» у Мінску спецыяльны дакладчык ААН па становішчы праваабаронцаў Мішэль Форст сустрэўся з праваабарончай супольнасцю Беларусі.

Мішэль Форст прыехаў з акадэмічным візітам у індывідуальнай якасці, але акрамя сустрэчы з праваабаронцамі, плануе пагутарыць і з прадстаўнікамі ўлады Беларусі.

Спецыяльна для Праваабарончага цэнтра "Вясна" ён распавёў пра тое, што яго матывуе у працы, чым плануе заняцца пасля заканчэння мандата і што ён можа пажадаць праваабаронцам.

michaelforst_sashakulaeva2.jpg
Мішэль Форст и Саша Кулаева

Кожны спецдакладчык ААН выбіраецца тэрмінам на тры гады з правам пераабірацца адзін раз. Мішэль Форст заканчвае свой шосты год працы, і адпаведна больш пераабірацца не зможа. Дастаткова хутка будзе абвешчаны той ці тая, хто будзе наступным спецдакладчыкам па становішчы праваабаронцаў.

«Я пакіну свой пост з пачуццём задавальнення, толькі калі буду ведаць, што чалавек, які прыйдзе мне на змену, валодае тым жа бачаннем і той жа ацэнкай ролі мандата і яго магчымасцяў, што і я. І я зраблю ўсё, што ад мяне залежыць, каб удзельнічаць у гэтым працэсе і гарантаваць пераемнасць», - распавёў ён.

Хоць Мішэль Форст амаль шэсць гадоў працуе спецыяльным дакладчыкам па праваабаронцах, у цэлым на працягу жыцця ён працуе ў гэтай галіне ў розных формах і «пад рознымі соусамі» вось ужо 20 гадоў.

«І я ўпэўнены, што да канца свайго жыцця буду знаходзіць новыя спосабы абараняць праваабаронцаў, таму што гэта тое, што я лічу справай свайго жыцця незалежна ад мандата.

Я не стаміўся, не расчараваўся і ўсё яшчэ захоплены тымі дыскусіямі, якія ў мяне адбываюцца кожны дзень з праваабаронцамі. І гэта мяне натхняе. Дзе б я ні быў на такога роду сустрэчах, як сёння: у Калумбіі, Мексіцы, тут ці ў любой іншай краіне - гэта дае мне сілы працягваць, паколькі я бачу наколькі поўныя рашучасці ўсе праваабаронцы, з якімі я размаўляю. І гэта напаўняе мяне самога рашучасцю падтрымліваць і абараняць гэтых людзей».

Іншай крыніцай задавальнення і матывацыі для Мішэля Форста з'яўляецца тое, што, калі ён толькі пачынаў сваю працу, былі краіны, якія казалі, што яго мандат непатрэбны і змагаліся з мандатам як такім. Зараз жа гэтыя краіны самі яго афіцыйна запрашаюць, таму што праз тыя крокі, якія ён змог распачаць спачатку неафіцыйна і нефармальна, яны прыйшлі да высновы, што дзейнасць спэцдакладчыка карысная і дапамагае ім вырашаць нейкія ўнутраныя праблемы або правесці неабходныя рэформы.

Мишель Форст

Наконт становішча праваабаронцаў у розных краінах Мішэль Форст сказаў:

«Я не вельмі люблю параўноўваць краіны, таму што кожная краіна развіваецца крыху па-іншаму, хоць, вядома, ёсьць падабенства, ёсць адрозненні відавочныя. Тым не менш, параўноўваць краіны - занятак няправільны, на мой погляд.

Мы можам сказаць, што ў Цэнтральнай ці Лацінскай Амерыцы было вельмі шмат краінаў, якія прайшлі праз дыктатуры. І тады ж там стварыліся сацыяльныя руху, якія таксама былі вельмі моцнымі, таму што толькі вельмі моцныя сацыяльныя руху маглі здзейсніць пераварот ад дыктатуры да дэмакратычнага грамадства. І тыя, хто сёння з'яўляецца праваабаронцамі ў гэтых краінах - гэта дзеці тых, хто калісьці перамог дыктатуру. І ў іх у спадчыне ёсць гісторыя, практыка і псіхалогія барацьбы, і яны яе вельмі эфектыўна ўкараняюць у сваю штодзённую працу.

Тое, што мне падаецца вельмі цікаўным у постсавецкай прасторы - тут гэта ўсё яшчэ зусім нядаўнія падзеі, і таму вельмі часта ў адным і тым жа руху ёсць два пакаленні: дзеці былых дысідэнтаў і тыя, што былі дысыдэнтамі яшчэ ў Савецкім Саюзе. І гэтыя два пакаленні суіснуюць побач».

Спецдакладчык адзначыў, што ў некаторых постсавецкіх краінах яшчэ захавалася мова варожасці ў адносінах да тых, хто абараняе правы чалавека, а таксама практыкі праваахоўных органах і некаторыя метады барацьбы з іншадумствам, якія цалкам пазнавальныя з савецкіх часоў. І ў сілу гэтых жа прычын можна бачыць у гэтых краінах, што праваабаронцы часта знаходзяцца на мяжы палітычнай дзейнасці, ці палітыкі - на мяжы праваабарончай. Гэта змешванне вельмі характэрна для постсавецкай прасторы.

Мишель Форст и Саша Кулаева

«Галоўны мэсэдж, якому навучыла мяне праца - няма сітуацый, якія абсалютна блакаваныя, нават калі яны такімі здаюцца.

Часам здаецца, што сітуацыя абсалютна беспэрспэктыўная і не рухаецца, але па нейкіх цалкам няўлоўных каналах нешта адбываецца, і сітуацыя рэзка змяняецца да лепшага. І пра гэта ніколі не трэба забываць, наколькі б змрочнай не здавалася рэальнасць.

Таму што гэтыя маленькія светлячкі надзеі, якія здаюцца такімі нязначнымі, часам становяцца сапраўднымі праваднікамі пераменаў, якія разрастаюцца вельмі хутка і вельмі хутка змяняюць сітуацыю. Таму трэба звяртаць увагу на гэтыя светлячкі».

Мішэль Форст падкрэсліў, што на яго памяці былі сітуацыі, калі практычна ўсе краіны, напрыклад Лацінскай Амерыкі, былі найстрашэннымі дыктатурамі. Цяпер жа некаторыя з гэтых краінаў абсалютна і цалкам дэмакратычныя, і там праваабаронцы працуюць як у еўрапейскіх краінах, некаторыя - знаходзяцца на паўдарозе да гэтых зменаў.

«Але ў цэлым сітуацыя настолькі далёкая ад той, якой яна была яшчэ некалькі дзесяткаў гадоў таму, што тады сабе гэта ўявіць было немагчыма. І ніхто ніколі не паверыў бы ў гэта тады. Магчыма, для людзей на тэрыторыі Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі гэта можа паслужыць прыкладам таго, што сітуацыі развіваюцца значна хутчэй у лепшы бок, чым можа здавацца.

І, напрыклад, калі казаць пра апошнія развіцці падзей ва ўсім свеце, то можна адзначыць тую колькасць моладзі, якая выйшла на вуліцы за змены клімату і звязала свае дзеянні з правамі чалавека, і казаць, што фактычна цяпер гэтыя дзве барацьбы ідуць рука аб руку. Гэта паказвае, што як клімат, так і правы чалавека - агульначалавечы здабытак. Моладзь ставіцца да яго як да такога і некаторым чынам пераймае вахту ў старэйшых пакаленняў. Таму праваабарона - не выміраючы від дзейнасці, і ў гэтым таксама ёсць вельмі важны заклад надзеі».

Нагадаем, Мішэль Форст з'яўляецца спецыяльным дакладчыкам ААН з 2014 года. Яго мандат скончыцца летам 2020 года, але перад гэтым ён прадставіць яшчэ два сваі даклады аб становішчы праваабаронцаў.

У снежні 2018 года Мішэль Форст прадставіў свой гадавы перыядычны даклад, дзе ёсць раздзел і па Беларусі. А ў лютым 2019 года на Савеце па правах чалавека ім быў прадстаўлены даклад «Палажэнне жанчын-праваабаронцаў».


  Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства