Праваабаронца ідзе ва-банк: пададзена скарга на рашэнне суддзі Шурына
Брэсцкі абласны суд прызначыў на 3 красавіка разгляд скаргі праваабаронцы “Вясны” Уладзіміра Вялічкіна на пастанову аб прыцягненні яго да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу ў памеры 15 базавых велічынь. Пастанова была вынесеная судом Ленінскага раёна г Брэста 18 лютага.
Нагадаем, 16 лютага праваабаронцу выклікалі ў апорны пункт міліцыі, затым даставілі ў РАУС, дзе Вялічкін быў затрыманы да суда.
18 лютага суддзя Шурын прызнаў яго вінаватым па ч. 1 арт. 23.34 "Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў» і аштрафаваў на 15 базавых (382,5 рубля).
У віну Вялічкіну паставілі тое, што ягоны адказ на камеру блогера Сяргея Пятрухіна прыцягнуў увагу грамадзян да праблемы акумулятарнага завода.
Праваабаронца не пагадзіўся з пастановай суда першай інстанцыі і звярнуўся са скаргай у абласны суд.
Разгляд скаргі прызначаны на 9:30 раніцы 3 красавіка.