Актывістку абвінавачваюць у правядзенні пікету каля Адміністрацыі прэзідэнта
Супраць грамадскай актывісткі з Бабруйску Валянціны Каваленкі складзены пратакол за несанкцыянаванае пікетаванне, па частцы 3 артыкулу 23.34 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях, паведамляе "Радыё Рацыя".
Ёй пагражае штраф да 50 базавых велічынь ці адміністрацыйны арышт. Супрацоўнікі міліцыі Ленінскага РУУС Мінску абвінавацілі яе ў правядзенні пікетавання каля Адміністрацыі прэзідэнта па вуліцы Карла Маркса, 38. Але, па меркаванні юрысткі і праваабаронцы Тамары Сяргей, дзеянні Валянціны Каваленкі пікетам назваць нельга, бо тая прыйшла ў Адміністрацыю прэзідэнта на асабісты прыём.
"Яна асмелілася каля прыёмнай прэзідэнта Рэспублікі Беларусь публічна звярнуцца да яго. Бо ў гэты дзень падчас асабістага прыёму яе не прыняў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Максім Рыжанкоў. І вось жанчына вырашыла публічна звярнуцца да кіраўніка дзяржавы, напісаўшы плакат: “Пры падтрымцы Адміністрацыі прэзідэнта ў краіне міліцэйскі праізвол”.
Валянціна Каваленка змагаецца за правы свайго, па яе меркаванні, незаконна асуджанага сына. Але да кіраўніка дзяржавы звярнуцца немагчыма. Ён не вядзе асабісты прыём, а кіраўніцтва Адміністрацыі фактычна не разглядае зваротаў грамадзянаў, як таго патрабуе закон, а перасылае іх у інстанцыі, на якія грамадзяне і скардзяцца.
Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96