Аршанскаму сябру КХП-БНФ Юрасю Конышку прысуджаны штраф у 20 базавых велічыняў за арганізацыю пікету амаль гадавой даўніны.
Судовы працэс доўжыўся амаль увесь гэты год: нагадаем, што спадар Конышка быў адным з арганізатараў пікету, які прайшоў у Воршы 11 студзеня. Паводле заявы міліцыянтаў, зьмест выкарыстаных у часе акцыі плякатаў абразіў гонар ды годнасьць Аляксандра Лукашэнкі. Жыхару Воршы Юрасю Конышку прысуджаны штраф памерам 20 базавых велічыняў, што складае 330 тысяч беларускіх рублёў. Яшчэ двое арганізатараў пікету, праведзенага ў Воршы 11 студзеня гэтага году, былі пакараныя 6 месяцаў таму.
За выкарыстаньне ў часе акцыі плякату “Лукашызм зьнішчае Беларусь” Яўгеніі Казловай ды Ўладзімеру Карабанаву былі прысуджаныя такія самыя грашовыя штрафы. Праўда, на той час памер базавай велічыні быў меншы, і 20 базавых велічыняў складалі ўсяго 288 тысяч беларускіх рублёў.
Прыцягнуць да суду спадара Конышку на той час не ўдалося: ён быў судовым заседацелем і не падлягаў адміністратыўнай адказнасьці без адпаведнае санкцыі абласнога савету. 5 верасьня гэтага году ў часе чарговага пасяджэньня аблсавету спадара Конышку пазбавілі ягонае засядальніцкае недатыкальнасьці, што сталася штуршком да працягу судовага працэсу. Сёньня судзьдзя Аршанскага гарадзкога суду Ігар Калесьнік яго завяршыў.
Паводле Радыё Свабода