viasna on patreon

Справаздача па маніторынгу мірнага сходу «Дзяды» 28 кастрычніка ў Менску

2018 2018-10-29T19:23:00+0300 2019-01-03T11:58:40+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/dziady-2018-7.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

28 кастрычніка 2018 году ў Менску адбыліся традыцыйныя шэсьце і мітынг, прысьвечаныя Дню памяці продкаў «Дзяды».

 

Высновы:

  1. Сход насіў мірны характар (калі "арганізатары маюць мірныя намеры і сход мае негвалтоўны характар" паводле Кіруючым прынцыпам па свабодзе мірных сходаў АБСЕ). Удзельнікі\-цы не выкарыстоўвалі заклікі да гвалтоўных дзеянняў і вайны, не ўжывалі гвалт.
  2. З боку праваахоўных ворганаў зафіксавана падвышаная ўвага да незалежных назіральнікаў, выбарачная фіксацыя пашпартных дадзеных без тлумачэньня прычынаў. Варта адзначыць, што згодна з Кіруючым прынцыпам, маніторынг мірных сходаў зьяўляецца важнай крыніцай незалежнай інфармацыі аб паводзінах усіх бакоў сходу. Гэтая інфармацыя можа быць выкарыстана рознымі спосабамі, у тым ліку, можа паслужыць асновай для дыялёгу паміж уладамі, праваахоўнымі ворганамі і грамадзскай супольнасьцю. Справаздачы назіральнікаў могуць служыць асновай для абмеркаваньня такіх пытаньняў, як эфэктыўнасць дзеючага заканадаўства i паўната выкананьня дзяржавай сваіх пазытыўных абавязаньняў па абароне свабоды мірных сходаў.
  3. Супрацоўнікі ДАІ эфэктыўна і карэктна арганізоўвалі рух удзельнікаў\-іц на сьветлафорах, падземных і наземных пераходах, не разрываючы калёны.

Шэсьце і мітынг, прысьвечаныя Дню памяці продкаў «Дзяды» 28 кастрычніка 2018 года.

  1. Падчас правядзеньня шэсьця адсутнічала магчымасьць ідэнтыфікаваць супрацоўнікаў праваахоўных ворганаў, бо ўсе яны былі ў цывільнай форме адзеньня. Знаходжаньне супрацоўнікаў міліцыі на мірных сходах у цывільнай форме адзеньня не дазваляе ўдзельнікам/-цам разумець іх функцыі і паўнамоцтвы, а таксама не спрыяе камунікацыям і эфэктыўнаму рашэньню канфліктных сытуацыяў.
  2. Перашкодаў працы СМІ не зафіксавана.
  3. Неабходнасьць атрымліваць дазвол для правядзеньня акцыі, зьяўляецца непрапарцыйным абмежаваньнем права на мірныя сходы. Пры гэтым, папярэдняе паведамленьне уладаў, сустрэчы па абмеркаваньні дэталяў сходу і падобная эфэктыўная камунікацыя паміж арганізатарамі, уладамі, праваахоўнымі ворганамі і іншымі зацікаўленымі бакамі варта лічыць станоўчай практыкай, якая спрыяе рэалізацыі права на мірны сход. Асабліва важна арганізатарамі сходу, мясцовымі ўладамі і органамі аховы правапарадку праводзіць сустрэчы па абмеркаванні розных дэталяў перад сходамі зь вялікай колькасьцю ўдзельнікаў\-ніц і мірных сходаў у форме шэсьцяў. Аднак уладам ня варта накладаць празьмерныя патрабаванні на арганізатараў, такім чынам адмаўляючыся ад выкананьня сваіх абавязкаў па садзейнічаньні мірным зборам.
  4. Затрыманьняў удзельнікаў\ -іц сходу не зафіксавана.

 Шэсьце і мітынг, прысьвечаныя Дню памяці продкаў «Дзяды» 28 кастрычніка 2018 года.

 Мэтадалёгія маніторынгу

РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт" і Праваабарончы цэнтар "Вясна" праводзяць сыстэматычнае назіраньне за мірнымі сходамі ў Беларусі на падставе распрацаванай мэтадалёгіі маніторынгу. Яна ўключае ў сябе: набор і навучаньне назіральнікаў/-ніц прынцыпам грамадзкага кантролю, міжнародным стандартам правядзеньня мірных сходаў і мэтадалёгіі назіраньня; запаўненьне анкеты назіраньня падчас вочнага кантролю; апрацоўка анкетаў і напісаньне маніторынгавай справаздачы. Анкеты назіраньня за мірнымі сходамі распрацаваныя сумесна праваабарончымі арганізацыямі і ўключаюць пытаньні пра магчымасці выкананьня назіральнікамі/-цами і журналістамі/-камі сваіх функцыяў, аб паводзінах арганізатараў і ўдзельнікаў/-цаў мірнага сходу, супрацоўнікаў/-цаў праваахоўных ворганаў, а таксама наяўнасьць на мірным сходзе хуткай дапамогі. Назіральнікі і назіральніцы дапускаюцца да назірання толькі ў выпадку згоды на выкананьне правілаў і прынцыпаў назіраньня (незалежнасьць і палітычная нэўтральнасьць; апісаньне фактаў, а не меркаваньняў; неўмяшальніцтва ў падзею, за якой назіраюць; прыхільнасьць прынцыпам права: адмова ад любых формаў гвалтоўных дзеяньняў і дыскрымінацыйных практыкаў; карэктныя паводзінаы). Падчас выкананьня сваіх абавязкаў назіральнікі і назіральніцы трымаюцца асобна ад удзельнікаў. Яны пазначаныя пасьведчаньнямі і сінімі камізэлькамі з надпісам "# СontrolBY".

Шэсьце і мітынг, прысьвечаныя Дню памяці продкаў «Дзяды» 28 кастрычніка 2018 года.

 Папярэдняя інфармацыя

19 кастрычніка ў СМІ і сацыяльных сетках зьявілася інфармацыя пра тое, што Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя БНФ падала заяўку на правядзеньне традыцыйнага шэсьця і мітынгу, прысьвечаных Дню памяці продкаў «Дзяды» у нядзелю 28 кастрычніка і атрымала станоўчае рашэньне Менскага гарадскога выканаўчага камітэту. У рашэньні ўказана, што адказныя асобы ад арганізатараў абавязаны зьявіцца ў выканкам для ўзгадненьня маршруту і абмеркаваньня іншых пытаньняў забесьпячэньня аховы грамадзкага парадку. Дадаткова ў рашэнні зьмяшчаецца напамін пра тое, што адказнасьць за захаваньне грамадзкага парадку нясуць арганізатары.  

З пачатку правядзеньня мірнага сходу грамадзкі кантроль ажыцьцяўлялі 4 назіральнікі, пачынаючы з 13.30 і да заканчэньня сходу - 3 назіральнікі. Усе назіральнікі прайшлі адпаведнае навучаньне і былі пазначаныя належным чынам.

Ход мірнага сходу

Падчас мірнага сходу былі адзначаныя наступныя факты:

  1. На момант пачатку маніторынгу аб 11:30 асобныя ўдзельнікі/-цы і прадстаўнікі СМІ знаходзіліся ля будынку гадзіньнікавага завода "Луч" (пр. Незалежнасьці, 95). Пачатак шэсьця быў анансаваны на 12:00. Фактычна рух калёны пачалося а 12:08.
  2. На месцы збору прысутнічалі ня менш як 140 удзельнікаў/-цаў, ня менш 47 супрацоўнікаў/-цаў праваахоўных ворганаў у цывільнай форме адзеньня. Заўважаны беспілотны лятальны апарат (дрон), верагодна які належыць праваахоўным ворганам.
  3. Арганізатары былі пазначаныя бэйджамі, некалькі чалавек выконвалі функцыю дружыны з павязкамі на рукавах. Арганізатары выкарыстоўвалі гучнагаварыцель. Падчас руху калёны каля станцыі мэтро Маскоўская арганізатары прасілі удзельнікаў ісьці калёнай не шырэй 4 чалавек.
  4. Не менш 47 супрацоўнікаў праваахоўных ворганаў прысутнічалі на месцы збору, на працягу шэсця і падчас мітынгу. Усе яны былі ў цывільнай форме адзеньня, апазнаць іх можна было толькі толькі па рацыях, слухаўках і іншых спэцыфічных прыкметах. Некаторыя зь іх здымалі тое, што адбываецца на ручныя відэакамеры.
  5. З прычыны адсутнасьці інфармацыйнай групы ГУУС Менгарвыканкама на месцы збору ўдзельнікаў/-цаў, назіральнікі зьвярнуліся да супрацоўнікаў міліцыі з пытаньнем пра колькасьць супрацоўнікаў, якія ажыцьцяўляюць ахову парадку. Дадзеныя прадастаўленыя не былі.
  6. На сьветлафорах па ходзе руху калёну не разрывалі, супрацоўнікі ДАІ спынялі рух аўтатранспарту, што зьяўляецца пазытыўным крокам. У раёне падземнага пераходу станцыі мэтро Маскоўская рух калёны быў арганізаваны наступным чынам: супрацоўнікі ДАІ спынялі рух транспарту, і ўдзельнікі/-цы шэсьця ішлі па праезнай частцы праз зьнятыя сэкцыі агароджы. У раёне станцыі мэтро Ўсход супрацоўнікі ДАІ прасілі прыбраць асабісты аўтатранспарт з шляху руху калёны.

Шэсьце і мітынг, прысьвечаныя Дню памяці продкаў «Дзяды» 28 кастрычніка 2018 года.

 Падчас шэсьця выкарыстоўвалася наступная сымболіка:

  • расьцяжкі і плякаты "1988 Дзяды 2018", "Хайсы - Віцебскія Курапаты", "Кансэрватыўна-Хрысціанская Партыя - БНФ", "Курапаты - наш народны мемарыял!", "Сталіністы - прэч з народнай сьвятыні!" , "Зьберажэм народны мэмарыял ад чыноўнікаў", “чужародны знак не павінен быць на галгофе”, “Беларусь штрафы краты катаванні рэпрэсаваная”, “Расея- гэта вайна”, “Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква”, “выключай рен тв уключай мазгі, “кожны красный день календаря паліты крывёю бязвінных”, “Ушануйма ахвараў Курапат”, “НЕ чужароднай пухліне на курапацкай галгофе”;
  • сьцягі: ня менш за 22 бел-чырвона-белых сьцягі на флагштоках, не менш за 2 бел-чырвона-белых сьцягі з шасціканцовым крыжам, бел-чырвона-белы сьцяг з шасціканцовых крыжам чорнага колеру, бел-чырвона-белы сьцяг зь гербам "Пагоня", ня менш за 8 бел-чырвона-белых сьцягі на плячах удзельнікаў/-цаў, маленькія бел-чырвона-белыя сьцягі і іншыя элемэнты з гэтай сымболікай: нашыўкі, стужачкі, шалікі.
  • таксама адзначаныя: герб горада Брэст з надпісам "Берасьце", гадсдэнаўскі сьцяг на плячох удзельніка, ня менш за 6 драўляных крыжоў, букеты кветкаў.
  1. Удзельнікі/-цы выкарыстоўвалі лёзунгі "Жыве Беларусь!", "Беларусь перадусім", сьпявалі песьні "Не загаснуць Зоркі ў небе", "Пагоня" і іншыя.
  2. Сярод удзельнікаў/-цаў мірнага сходу знаходзіліся дзеці і сьвятары.
  3. Калёну суправаджаў сіні мікрааўтобус з гука- і відэазапісваючай апаратурай. Машынаў хуткай дапамогі на працягу ўсяго мірнага сходу зафіксавана не было.

Шэсьце і мітынг, прысьвечаныя Дню памяці продкаў «Дзяды» 28 кастрычніка 2018 года.

  1. Каля 13.30 да назіральнікаў, якія ішлі за калёной, падышоў падпалкоўнік міліцыі Жураўскі Леанід Станіслававіч у цывільнай форме адзеньня. Было чуваць, як яму паступіла каманда выявіць асобы назіральнікаў, бо яны перашкаджаюць працы міліцыі. Супрацоўнік праваахоўных ворганаў прадставіўся, паказаў пасьведчанне і сфатаграфаваў на мабільны тэлефон пашпарты двух назіральнікаў. Ніякіх патрабаваньняў, прэтэнзыяў і тлумачэньнямі назіральнікам не паступала.

 Шэсьце і мітынг, прысьвечаныя Дню памяці продкаў «Дзяды» 28 кастрычніка 2018 года.

  1.  Каля 15:07 калёна (ня менш за 280 чалавек) падыйшла да ўрочышча Курапаты. Там знаходзіліся 2 супрацоўнікі праваахоўных ворганаў у форме і 1 у камізэльцы "Інфармацыйная група".

  2. Мітынг праходзіў у самім ўрочышчы Курапаты з 15:23 да 16:27, з выкарыстаньнем мікрафону і калёнкаў. Выступоўцы не заклікалі да зьдзяйснення гвалтоўнайых дзеяньняў, актаў экстрэмізму, вайне і г.д. На мітынгу прысутнічалі не менш як 310 чалавек. У канцы мітынгу выконвалі гімн "Магутны Божа".
  3. А 15.58 ня менш за 16 чалавек аддзяліліся ад астатніх удзельнікаў мітынгу і скіраваліся да рэстарану "Поедем, поедим", дзе з 31 траўня праходзяць штодзённыя акцыі пратэсту. Каля 20 хвілінаў людзі размаўлялі і фатаграфаваліся.

Шэсьце і мітынг, прысьвечаныя Дню памяці продкаў «Дзяды» 28 кастрычніка 2018 года.

Рэкамэндацыі:

супрацоўнікам праваахоўных ворганаў:

  • ажыцьцяўляць ахову грамадўкага парадку падчас мірных сходаў у форменнай вопратцы, а таксама быць пазначанымі ідэнтыфікацыйнымі сродкамі (бэйджамі або нагруднымі знакамі);
  • прызначаць кантактную асобу зь ліку супрацоўнікаў міліцыі для камунікацыі з назіральнікамі, СМІ, арганізатарамі і ўдзельнікамі/цамі мірнага сходу;

суб'ектам, якія валодаюць правам заканадаўчай ініцыятывы:

  • ініцыяваць зьмены ў заканадаўства з мэтай прывядзеньня яго ў адпаведнасьць зь міжнароднымі стандартамі ў галіне свабоды мірных сходаў;

выканаўчаму органу ўлады (Менскаму гарадзкому выканаўчаму камітэту):

  • эфэктыўна выконваць функцыю адміністраваньня мірных сходаў да, падчас і пасьля правядзеньня сходаў;
  • устрымлівацца ад празьмерных патрабаваньняў да арганізатараў мірных сходаў, не перакладаць функцыі адміністраваньня і аховы правапарадку на арганізатараў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства