Новапрызначаная дакладчыца ААН па правах чалавека ў Беларусі: "Галоўная мэта – дапамагчы ўраду выканаць свае абавязкі"
Рада па правах чалавека Арганізацыі аб’яднаных нацыяў абрала Анаіс Марэн на пасаду Адмысловага дакладчыка па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі на замену Міклашу Харасці, які быў на пасадзе ад 2012 году.
Анаіс Марэн падтрымлівала працяг санкцыяў супраць беларускіх уладаў, была неўязной у Беларусь, яна разумее беларускую мову. Яе мандат пачнецца з 1 лістапада, а цягам кастрычніка яна збіраецца праводзіць кансультацыі, у тым ліку з яе папярэднікам Міклашам Харасці, піша "Радыё Свабода".
У інтэрв’ю тэлеканалу “Белсат” яна распавяла, што будзе рабіць на пасадзе, і якія спадзяванні на яе ўскладаюць беларускія праваабаронцы.
Анаіс Марэн – палітолаг, універсітэцкая выкладчыца, удзельніца назіральных місіяў АБСЕ, аўтарка публікацыяў на тэму ўнутранай і вонкавай палітыкі Расеі, Азербайджану ды Беларусі. Нашая краіна застаецца ў цэнтры ейных даследчых інтарэсаў ужо больш як 10 гадоў.
«Я вылучыла сваю кандыдатуру самастойна, яе не падтрымлівала нейкая арганізацыя ці краіна. Працэдура была празрыстая і даволі хуткая. У ліпені нас было васьмёра кандыдатаў. Затым група з пяці амбасадараў (сярод 47-мі, якія засядаюць у Радзе правоў чалавека ААН) правяла адбор, кіраўнік рады Воіслаў Шуц вылучыў маю кандыдатуру на галасаванне, і яе зацвердзілі ўчора», – распавяла «Белсату» Анаіс Марэн, новапрызначаная спецдакладчыца ААН.
Адмысловы спавяшчальнік у пытаннях правоў чалавека ААН бярэ на сябе вялікую адказнасць, але грошай за сваю працу не атрымлівае. Ягонае заданне – без упярэджання ацаніць сітуацыю ў дзяржаве ды напісаць даклад, які будзе прэзентаваны як ААН, гэтак і ўладам аналізаванай краіны.
«На сталай аснове трэба адсочваць сітуацыю. Трэба рэагаваць, калі ёсць парушэнні, высылаць запыты ўладам і паведамляць міжнароднай супольнасці. Галоўная мэта гэтай працэдуры – дапамагчы ўраду Беларусі выканаць свае абавязкі, якія вынікаюць са Статуту Арганізацыі Абʼяднаных Нацыяў ды іншых міжнародных дамоваў у галіне правоў чалавека», – кажа Анаіс Марэн.
Беларусь (разам з Бурундзі, Камбоджаю, Гаіці ды Іранам) застаецца ў не самай прэстыжнай групе з 14-ці краінаў, для якіх ААН прызначае адмысловых спавяшчальнікаў у галіне правоў чалавека. Улады нашай краіны пасаду спецдакладчыка лічаць палітызаванай і мандату яго не прызнаюць. Анаіс Марэн аднак мае намер кантактаваць як з уладамі, гэтак і з беларускімі праваабаронцамі.
«Мая праца заключаецца ў тым, каб рабіць незалежную і абʼектыўную ацэнку. І я не французскі чыноўнік ці чыноўнік міжнароднай арганізацыі. Я не працую ні для беларускага ўраду, ні для беларускіх праваабарончых арганізацыяў. Я працую дзеля паляпшэння сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Журналісты таксама маюць памятаць пра мае заданні і захоўваць узважанасць», – лічыць Анаіс Марэн.
Якія праблемы лічаць галоўнымі тыя, з кім будзе супрацоўнічаць адмысловая спавяшчальніца, а менавіта беларускія праваабаронцы?
«Свабода мірных сходаў, свабода асацыяцыяў, забарона катаванняў, наяўнасць смяротнага пакарання ў Беларусі, адсутнасць эфектыўнай супрацы ўладаў з няўрадавымі арганізацыямі – усе гэтыя пытанні будуць уздымацца ў размовах з новым, як і папярэднім спецдакладчыкам», – кажа Вікторыя Фёдарава, старшыня «Прававой ініцыятывы».
Беларускія праваабаронцы спадзяюцца, што ўлады пачнуць супрацоўнічаць з новай адмысловай спавяшчальніцай ААН і запросяць яе ў Беларусь у афіцыйным статусе.